Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На анарэксію хварэе кожная другая дзяўчына з сотні ў веку ад 12-24 гадоў


Любоў Лунёва, Менск Анарэксія – хвароба, якая за апошнія 30 гадоў ахапіла краіны Эўропы і Амэрыкі. Большасьць хворых – маладыя дзяўчаты ад 12 да 24 гадоў. Яны зьніжаюць вагу любымі сродкамі. Адны адмаўляюцца ад ежы, іншыя – цярпяць фізычныя нагрузкі. Нярэдка анарэксія становіцца прычынаю сьмерці дзяўчыны. Гэта ня “манія” ці “кепскія паводзіны” – гэта цяжкая псыхічная хвароба.

Эўрапейскія мэдыкі папярэджваюць, што анарэксія будзе распаўсюджвацца катастрафічнымі тэмпамі, калі ня зьявяцца адпаведныя праграмы для яе прафіляктыкі. Хвароба не сустракаецца сярод малазабясьпечаных слаёў насельніцтва і ў прадстаўнікоў чорнай расы.

“Пра падскурную клятчатку размова не ідзе, там нават і цягліц няма”

Сёньня ў 10-м аддзяленьні Рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталю знаходзяцца 7 дзяўчат. Гэта тыя, каго мэдыкі вымушаныя былі шпіталізаваць, каб уратаваць ім жыцьцё. Няма адзінай прычыны, якая выклікае анарэксію. Мэдыкі называюць тры фактары: біялягічны (генэтычная схільнасьць), псыхалягічны (уплыў сям’і і ўнутраныя канфлікты) і сацыяльны (уплыў навакольнага асяродзьдзя: меры перайманьня).

У разьвітых краінах на анарэксію пакутуе кожная другая дзяўчына з сотні ў веку ад 12 да 24 гадоў. Дзяўчаты панічна баяцца набраць вагу. Яны могуць зусім адмовіцца ад ежы. Нават калі яны важаць 43 кіляграмы, то не адчуваюць сябе шчасьлівымі, бо ім усё роўна здаецца, што яны таўстухі. Як правіла, гэта людзі зь вельмі нізкай самаацэнкай. Анарэксія вядзе да самоты. У хворых страх перад людзьмі і боязь працы.

Загадчыца аддзяленьня Сьвятлана Мялько апавяла, што лячыць такіх пацыентак вельмі цяжка, бо яны адмаўляюцца ад дапамогі:

“Няшмат такіх выпадкаў, але здараецца, што пра падскурную клятчатку размова не ідзе, там нават і цягліц няма. Паміраюць ня толькі ад таго, што зьнішчаюцца цягліцы на костках – біцэпсы, трыцэпсы і г.д., але сардэчная мышца таксама пры гэтым цярпіць, а плюс яшчэ й мазгавыя функцыі. Парушаецца мэнструальны цыкль на гады. Атрафія яечнікаў. Яны ня могуць нарадзіць дзіця. Так! У мірны час, калі так хочацца быць прыгожай”.

Звычайна дзяўчаты трапляюць у клініку дзякуючы намаганьням бацькоў, якія вычарпалі ўсе сродкі змаганьня з хваробай.

“Штотыдня яна губляе адзін кіляграм”

Натальля Дзешчыц пачала біць трывогу, калі яе дачка Вера была ў 11 клясе. Вера спачатку адмовілася ад мяса і ела толькі гародніну, але потым стала абмяжоўвацца шклянкай вады. Пры гэтым дзяўчына рыхтавалася да паступленьня ў ВНУ. Цяпер Вера ўжо на трэцім курсе, а маці ня мае спакою, бо пэрыядычна хвароба вяртаецца.

“Узьнікла ідэя пракантраляваць яе вагу, і высьветлілася – штодтыдня яна губляе адзін кіляграм, – расказвае Натальля Дзешчыц. – Я прыгадала некаторыя перадачы, знайшла ў інтэрнэце і зразумела, што размова ідзе пра анарэксію. Я даведалася, што хваробу лечаць толькі псыхіятры і што Веру паставяць на ўлік. Вера адмовілася другі раз наведаць лекара. Усё працягваецца. Што рабіць? Я ведаю некалькіх мамаў, якія кажуць пра такія ж праблемы. Дзяўчаты хочуць быць падобнымі да сваіх куміраў. Думаю, трэба мяняць стэрэатыпы”.

Натальля канстатуе, што для бацькоў няма ніякай псыхіятрычнай дапамогі. Гэта пры тым, што яны ўвесь час знаходзяцца ў стрэсавым стане, бо іх дачцэ пагражае бязьдзетнасьць, цяжкія хваробы і нават сьмерць.

Урады краінаў Эўразьвязу адчулі небясьпеку “моднай” хваробы і пачалі зь ёй змагацца. У Гішпаніі забаранілі прадаваць у крамах для дарослых адзеньне 42-га памеру, даючы зразумець тым самым, што такі памер носяць толькі дзеці. У Літве на відных месцах зьявіліся постэры, якія заклікаюць змагацца з анарэксіяй. У некаторых краінах на подыюм забаранілі выходзіць занадта худым мадэлям. Мэта – разбурыць стэрэатып “Посьпех залежыць ад вагі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG