Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі Эўразьвязу сталі рэальнасьцю


Ігар Карней Сёньня набыло моц рашэньне Рады Эўразьвязу аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы льготных гандлёвых тарыфаў для краінаў, што сталі на шлях разьвіцьця. 10% беларускага экспарту ў краіны Эўразьвязу будзе абкладацца стандартнымі гандлёвымі пошлінамі, якія вышэйшыя за льготныя на 3%. Прэфэрэнцыямі карыстаюцца краіны ў клясыфікацыі ААН, дзяржавы былога СССР і краіны былога сацыялістычнага блёку, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўразьвязу і выконваюць правы чалавека, уключна з правамі прафсаюзаў. Сёньня МЗС Беларусі назвала крок з боку Эўразьвязу “недальнабачным”.

У ацэнках стратаў для Беларусі пасьля скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў эканамісты істотна разыходзяцца. Экспэрты называюць вельмі розныя сумы — ад 30 мільёнаў даляраў да 400 мільёнаў эўра на год.

Але вядома, што санкцыі закрануць перадусім лёгкую, хімічную і дрэваапрацоўчую прамысловасьць.

“Пакуль санкцыі яшчэ не адчуваюцца”

Кампанія “Мілавіца” апошнія гады запатрабаваная на эўрапейскім рынку жаночай бялізны. Пра магчымыя карэктывы ў працы тут кажуць неахвотна.

Гаворыць дырэктарка маркетынгу Юлія Гарнік:

“Як адаб’ецца? Пакуль на гэтае пытаньне не адкажу, бо ніякія санкцыі яшчэ не адчуваюцца. Як дырэктар маркетынгу, эканамічны складнік пакуль абмяркоўваць не магу — ва ўсялякім разе, суадносіны эканамічных паказьнікаў у маштабах і нашага прадпрыемства, і нашай краіны. Бо калі незалежныя экспэрты могуць даваць сваю ацэнку, бо яны займаюцца менавіта эканамічнай ацэнкай рынку, то я не хачу ўвесьці ў зман і даць няправільную ацэнку”.
Ю.Гарнік: “Як адаб’ецца? Пакуль на гэтае пытаньне не адкажу, бо ніякія санкцыі яшчэ не адчуваюцца”.
Рашэньне аб выключэньні Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў прынялі летась 20 сьнежня з адтэрміноўкай на паўгоду. За гэты час урад мусіў выканаць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы — ліквідаваць парушэньні правоў прафсаюзаў.

Але паводле вынікаў нядаўняга паседжаньня МАП у Жэнэве Беларусь зноў унесьлі ў спэцпараграф за “адсутнасьць прагрэсу ў галіне правоў на свабоду асацыяцыяў у Беларусі”.

15 траўня Рада Эўразьвязу пацьвердзіла: рашэньне аб скасаваньні прэфэрэнцыяў для Беларусі набудзе моц 21 чэрвеня.

Л.Козік: дэмакратычныя прафсаюзы з намі не супрацоўнічалі

У Менск дзеля абмеркаваньня законапраекту аб прафсаюзах і ўдзелу ў працы Савету на ўдасканаленьне працоўнага заканадаўства прыехаў выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы МАП Кары Тапіёла.

Беларускія ўлады яшчэ спадзяюцца пераканаць прадстаўніка МАП у пасьпешлівасьці рашэньня.

А старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік, які ў складзе афіцыйнай дэлегацыі намагаўся ў Жэнэве паказаць, што правы працоўных у краіне выконваюцца, у нежаданьні вырашаць праблемы працоўных зьвінаваціў апанэнтаў — Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

“Ніхто да нас у ФПБ ніводнага разу не зьвярнуўся па дапамогу, з прапановамі сумеснай дзейнасьці. Наадварот, Фэдэрацыя чатыры апошнія гады прапануе і БКДП, і іншым прафсаюзам, якія не ўваходзяць у ФПБ, разам адстойваць правы людзей, інтарэсы працоўных.

Не магу сказаць, што ні разу... Адзін раз адгукнуліся: прыйшлі, пабылі трохі на першым паседжаньні, калі мы запрасілі кіраўнікоў першасных прафсаюзных арганізацыяў, калі пачынала разглядацца канцэпцыя закону аб прафсаюзах, і ўсё. Болей мы нікога ня бачылі”.

“Спыняцца яны на гэтым ці будуць яшчэ штосьці думаць?”

Намесьнік старшыні Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон зазначае: пакуль што аб’ектыўна цяжка скласьці ўяўленьне пра фінансавыя страты ад скасаваньня прэфэрэнцыяў.

Але істотна тое, якім чынам сваю эканамічную палітыку датычна Беларусі Эўразьвяз будзе праводзіць надалей, мяркуе Шавельзон:

“Пакуль ніякай сур’ёзнай катастрофы ня бачу. Таму што і дзяржава будзе прыкладаць намаганьні, і грамадзкія арганізацыі таксама, каб наладзіць размову з Брусэлем. Але больш актуальнае пытаньне: наколькі гэта будзе пашырацца надалей, якім чынам? Спыняцца яны на гэтым ці будуць яшчэ штосьці думаць?
М.Шавельзон: “Адкрываюцца новыя рынкі, Кітай выходзіць досыць сур’ёзна. Таму цяжка прагназаваць. Прынамсі, я не падзяляю перакананьня, што гэта моцна ўдарыць па бізнэсе”.
Як гэта ўдарыць? Можна толькі здагадвацца. Але — адкрываюцца новыя рынкі, Кітай выходзіць досыць сур’ёзна. Таму цяжка прагназаваць. Прынамсі, я не падзяляю перакананьня, што гэта моцна ўдарыць па бізнэсе. Прынамсі, ніхто ў камісіях на дзяржаўным узроўні гэтага пытаньня не абмяркоўваў”.

Эўракамісар у гандлі Пітэр Мандэльсон заявіў: як толькі Беларусь створыць нармалёвыя ўмовы для незалежных прафсаюзаў, Эўразьвяз верне краіне гандлёвыя прэфэрэнцыі. МЗС у сёньняшняй заяве адносна ўступленьня ў сілу эўрапейскіх санкцыяў выказаў спадзяваньне, што гэта неўзабаве здарыцца.


• Дэмакратычныя прафсаюзы заклікаюць урад выканаць усе рэкамэндацыі, 21.06.2007 • МЗС Беларусі спадзяецца на хуткую адмену санкцый, 21.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG