Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заблякуе Польшча перамовы аб Канстытуцыйнай дамове Эўразьвязу?


Ганна Соўсь, Прага Заўтра ў Брусэлі пачынаецца двухдзённы саміт краінаў-сяброў аб’яднанай Эўропы, на якім мяркуецца ўзгадніць Канстытуцыйную дамову Эўразьвязу. Саміт можа быць фактычна сарваны, калі Польшча заблякуе перамовы: краіна не пагаджаецца на прапанаваную ў дамове зьмену сыстэмы галасаваньня ў Эўразьвязе.

Маючы адбыцца саміт Эўразьвязу лічыцца надзвычай важным і лёсавырашальным. Нямеччына, якая завяршае старшынёўства ў Эўразьвязе, хоча, каб на ім была ўзгодненая Канстытуцыйная дамова Эўразьвязу. Ранейшы праект Канстытуцыі не падтрымалі выбарнікі Францыі і Нідэрляндаў у 2005 годзе.

Гэта прывяло да глыбокага крызысу ў Эўразьвязе і паставіла пад сумнеў здольнасьць яго функцыянаваньня пасьля пашырэньня. Аднак усе спробы дасягнуць новага пагадненьня, якое б ухвалілі нацыянальныя парлямэнты, блякуе Польшча.

Бальшыня за новую сыстэму, Польшча – супраць

Варшава лічыць, што прапанаваныя ў пагадненьні новыя выбарчыя правілы даюць ёй вельмі мала ўлады, у той час, як Нямеччына атрымае яе зашмат. Цяпер удзел абедзьвюх краінаў у прыняцьці рашэньняў фактычна роўны, хаця ў Нямеччыне ўдвая болей жыхароў, чым у Польшчы.

Пераважная большасьць іншых дзяржаваў падтрымліваюць новую сыстэму галасаваньня. Прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу папярэдзіў у аўторак, што новае пагадненьне проста неабходнае, калі Эўразьвяз хоча захаваць аўтарытэт і эфэктыўнасьць.

Барозу: "Як можам мы, эўрапейцы, пераканаць астатнюю частку сьвету ў нашай сур’ёзнасьці, калі гаворым пра зьмены клімату, калі займаемся праблемамі глябалізацыі, ад барацьбы зь міжнародным тэрарызмам да дапамогі разьвіваным краінам, калі мы ня ў стане дамовіцца пра свае ўласныя інстытуцыі?”

Сыстэма “падвойнай большасьці” падвышае вагу Нямеччыны

У праекце пагадненьня гаворыцца, што рашэньне можа быць прынятае, калі яго падтрымае 55 працэнтаў сябраў Эўразьвязу, якія прадстаўляюць 65 працэнтаў насельніцтва Зьвязу. Гэта так званая формула падвойнай большасьці. Параўнальна зь цяперашняй сытуацыяй гэтая сыстэма істотна падвышае вагу Нямеччыны. Польшча, якая апошнія гады вельмі крытычна ставіцца да Бэрліну, выступае супраць ідэі “падвойнай большасьці”.

Замест гэтага Варшава прапануе, на яе думку, больш справядлівую ў дачыненьні да невялікіх і малых краінаў сыстэму, паводле якой колькасьць галасоў, якія будзе мець краіна, адпавядае квадратнаму кораню ад яе агульнага насельніцтва. І Варшава пагражае накласьці вэта на ўсе перамовы наконт новага пагадненьня, калі такія зьмены ня будуць унесеныя.

Нямецкі друк: раскол Эўразьвязу небясьпечны і для самой Польшчы

На пачатку месяца прэм’ер-міністар Польшчы Яраслаў Качыньскі нават сказаў, што ён “памрэ дзеля квадратнага кораня”. Пазыцыя Польшчы абурыла многія краіны Эўразьвязу, але найбольш – Нямеччыну.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што Польшча растрачвае шанцы для новых дзяржаваў ўвайсьці ў Эўразьвяз.

Многія нямецкія назіральнікі мяркуюць, што цяперашнія лідэры Польшчы помсьцяць Нямеччыне за ваенную агрэсію ў мінулым. Кіраўнікі Польшчы часта згадваюць тыя пакуты, што давялося перанесьці палякам ад Нямеччыны ў часы вайны. Уплывовая нямецкая “Франфунктэр альгэмайнэ цайтунг” напісала 17 чэрвеня, што польскі прэзыдэнт і прэм’ер ад дзіцячага садку разглядаюць немцаў як байцоў адзелаў СС.

Выданьне папярэджвае, што раскол і паслабленьне Эўразьвязу будзе небясьпечным і для самой Польшчы, маючы на ўвазе вельмі напружаныя адносіны Варшавы з Расеяй.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу ў аўторак адкрыта папярэдзіў, што адсутнасьць новага пагадненьня падрывае салідарнасьць Эўразьвязу. Барозу зьвярнуўся да ўсіх лідэраў Эўразьвязу з заклікам пазьбегнуць канфрантацыі на саміце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG