Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дробныя прадпрымальнікі супраць масавых праверак і штрафаў


Галіна Абакунчык, Менск Прадпрымальнікі шэрагу рэгіёнаў Беларусі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту супраць ціску кантрольных органаў, якім яны лічаць масавыя праверкі і буйныя штрафы, якія назіраюцца апошнім часам. Дробныя бізнэсоўцы перакананыя: такім чынам улады вырашаюць праблему дэфіцыту мясцовых бюджэтаў.

Ад сёньня каля чатырохсот прадпрымальнікаў Рэчыцы страцілі свае працоўныя месцы на рынку “Славянскі”. Улады парушылі дамоўленасьці і распачалі датэрміновую рэканструкцыю тэрыторыі. Толькі пасьля паходу гандляроў у мясцовую адміністрацыю ім выдзелілі новую пляцоўку. Але на гэтым праблемы ня скончыліся, кажа рэчыцкі актывіст Алег Шабетнік:

“А 8-й раніцы ў нас тут ці ня мітынг будзе. Бо, акрамя таго, ёсьць вялікія праблемы з падаткавай службай. У некалькіх чалавек тут арыштавалі тавар, а затым будзе суд. А суд дае штраф да 50 базавых велічыняў і канфіскацыю тавару. Толькі на гэтым тыдні такое адбылося з трыма чалавекамі”.

Толькі за першыя дні чэрвеня аналягічныя выпадкі зафіксаваныя таксама ў Мазыры, Гомелі, Крупках, Бярэзіне, Жодзіне й іншых гарадах. Прадпрымальнікі заяўляюць, што ўлады спрабуюць адабраць грошы ў гандляроў, каб папоўніць мясцовыя бюджэты. Як гэтыя заявы камэнтуюць у Міністэрстве па падатках і зборах, цікаўлюся ў намесьніка міністра Аляксандра Дарашэнкі:

“Якія папаўненьні? Плянавыя праверкі, і чаму яны скардзяцца? Калі яны нічога не парушылі, то якія могуць быць штрафы? Няхай выконваюць закон, і ніякіх штрафаў ня будзе”.

Аднак прадпрымальнікі заяўляюць: падаткавікі выпісваюць штрафы ў залежнасьці ад разнарадак, якія ім паступаюць зьверху. Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“У Смалявічах ёсьць дамоўленасьць з падаткавай службай, што калі паступаюць гэтыя разнарадкі, а яны паступаюць рэгулярна, прадпрымальнікі самі выбіраюць, каго штрафаваць. Да прыкладу, шэсьць чалавек па паўтара мільёна. Затым прадпрымальнікі скідваюцца і аплочваюць вось гэты замоўлены штраф зьверху. Гэта ёсьць у Плешчаніцах і іншых гарадах. Я калі пачаў удакладняць, то выявілася, што на 20-30% такія дамоўленасьці існуюць у малых гарадах па ўсёй Беларусі”.

Як паведаміў Віктар Гарбачоў, 20-25 чэрвеня ў рамках кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” гандляры будуць абмяркоўваць шляхі вырашэньня гэтай праблемы. Ня выключана, што яны распачнуць агульнабеларускі страйк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG