Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лех Валэнса выклаў у інтэрнэт дасье на самога сябе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Былы прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса распаўсюдзіў у інтэрнэце матэрыялы справы, якую завялі на яго спэцслужбы часоў Польскай народнай рэспублікі. Валэнса спадзяецца, што цяпер тыя, хто называў яго “здраднікам”, прынясуць свае прабачэньні.

Лех Валэнса заявіў, што 600 старонак ягонай справы сьведчаць аб тым, што тыя, хто абвінавачваў яго ў “здрадзе” і “агентурнай дзейнасьці”, ня мелі рацыі.

“Я заўсёды хацеў толькі, каб людзі даведаліся праўду. Цяпер Ганна Валентыновіч, Анджэй Гвязда ды іншыя павінны знайсьці ў сабе сілы і папрасіць прабачэньня”, – сказаў былы прэзыдэнт.

З матэрыялаў дасье вынікае, што камуністычныя спэцслужбы хацелі пасварыць паміж сабой лідэраў “Салідарнасьці” і рабілі ўсё, каб накіраваць Ганну Валентыновіч і Анджэя Гвязду супраць Леха Валэнсы.

Валентыновіч і Гвязда яшчэ ў 80-я гады заявілі, што Валэнса – “кар’ерыст і агент, які здрадзіў ідэалам “Салідарнасьці”.

“Гэта агент і здраднік. Больш нічога камэнтаваць я не зьбіраюся”, – заявіла Валентыновіч – кранаўшчыца з Гданьскай суднаверфі імя Леніна, са звальненьня якой пачаўся страйк. На хвалі таго страйку паўстала “Салідарнасьць”.

З усіх матэрыялаў сваёй тэчкі Лех Валэнса адмовіўся апублікаваць толькі сьпіс людзей, якія пісалі на яго даносы.
XS
SM
MD
LG