“Спадар Мілінкевіч прасіў зацікавіць гэтай справай польскі ўрад, але перадусім адпаведныя міжнародныя арганізацыі, і мы гэта робім – знаёмім з сытуацыяй міністра культуры Польшчы, кіраўніцтва Эўразьвязу праз нашых дэпутатаў Эўрапарлямэнту, а таксама ЮНЭСКА. Гарадзенскія помнікі - гэта спадчына ня толькі беларускай, але і ўсясьветнай культуры. Спадзяюся, мясцовыя ўлады Горадні зьменяць свой падыход да іх”.
У прэсавай канфэрэнцыі ўзяў удзел кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Адам Ліпіньскі, які падкрэсьліў, што польскі ўрад працягвае ажыцьцяўляць “комплексную палітыку ў дачыненьні да Беларусі”:
“Беларусь - гэта краіна, у якой цалкам дамінуе палітычны падыход. Адны заклікі да мясцовых уладаў нічога б не далі. Таму мы застаемся прыхільнікамі комплекснага падыходу – гэта стварэньне радыё для Беларусі, тэлебачаньня, стыпэндыяльная праграма. Усё гэта дапаможа ўзмацніць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі”.
Уроцлаў мае дамову аб партнэрстве з Горадняй, але ўсе афіцыйныя дачыненьні ў межах гэтага дакумэнту былі прыпыненыя польскім бокам пасьля таго, як ад улады ў Саюзе палякаў Беларусі было адсунутае кіраўніцтва на чале з Анжалікай Борыс.