Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фільм атрымаў галоўны прыз фэстывалю ў Кракаве


Аляксей Дзікавіцкі, Кракаў Беларуская рэжысэрка Галіна Адамовіч на прэстыжным кінафэстывалі ў Кракаве атрымала “Срэбнага цмока” – узнагароду за лепшы дакумэнтальны фільм. Фільм “Завядзёнка” расказвае пра жыцьцё сям’і калгаснага брыгадзіра ў сучаснай беларускай вёсцы на Століншчыне.

У катэгорыі кароткамэтражных фільмаў за галоўную ўзнагароду ў Кракаве змагаліся 46 стужак, сярод іх стваральнікаў – шэраг выбітных рэжысэраў з усяго сьвету. Галіна Адамовіч, нягледзячы на тое, што яе фільмы ўжо атрымлівалі ўзнагароды на фэстывалях у Чэхіі, Расеі, Польшчы, не верыла, што можа перамагчы:

“Людзей турбуюць аднолькавыя рэчы ва ўсім сьвеце: сэнс жыцьця, страх сьмерці, радасьць ад нараджэньня дзіцяці і гэтак далей. Гэта ўнівэрсальныя рэчы, і калі яны паказаныя праўдзіва, дык гэта кранае ўсіх”,– гэтак спадарыня Адамовіч адказала на пытаньне, чым яе фільм уразіў журы.

Рэжысэрка ня згодная зь меркаваньнямі шэрагу крытыкаў, што Беларусь –краіна, якую як сьлед і дакумэнталісты не зьнялі.

“Ёсьць шмат фільмаў. Іншая справа, што іх няма дзе паглядзець. Няма ў нас на тэлебачаньні такой праграмы, як, напрыклад, на расейскім канале “Культура” пра дакумэнтальнае кіно. Так што нават тыя, хто хацеў бы паглядзець беларускае дакумэнтальнае кіно, ня маюць такой магчымасьці”.

Кракаў, 06.06.2007. Рэжысэрка Галіна Адамовіч атрымлівае галоўны прыз Кракаўскага фэстывалю Галіна Адамовіч атрымлівае галоўны прыз Кракаўскага фэстывалю

Паводле Галіны Адамовіч, яе фільм – расповяд пра штодзённае жыцьцё шматдзетнай вясковай сям’і з працай у калгасе і парніках з агуркамі, адпачынкам і малітвай па-рознаму ўспрымаецца ў Беларусі і ў тым жа Кракаве.

“У Беларусі мне казалі, што гэта такі вось пэсымістычны фільм, які нейкую сумную Беларусь паказвае, а ў Кракаве, наадварот, кажуць, што гэты фільм – вясёлы!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG