Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонім: выбарцы пацікавіліся, як дэпутат абараняў іхныя льготы


Міхал Карневіч, Слонім Група выбарцаў са Слоніму зьвярнулася да свайго дэпутата Чэслава Шмігіры зь пісьмовым запытам. Людзі хочуць даведацца, чаму дэпутат галасаваў за скасаваньне льготаў. Дэпутат адказаў, што лічыць новы закон аб ільготах справядлівым.

Адзін з аўтараў ліста, Іван Шэга, так тлумачыць ініцыятыву выбарцаў:

“Ён наш прадстаўнік у Нацыянальльным сходзе, а новы закон закранае інтарэсы шмат каго з выбарцаў, таму мы й вырашылі даведацца, як наш дэпутат бараніў нашы льготы”.

Чэслаў Шмігіра кажа, што закон аб ільготах у Беларусі не мяняўся з савецкага часу, і цяпер дзяржава на гэтыя мэты выдаткоўвае штогоду 645 мільярдаў рублёў:

“Шмат хто з грамадзянаў карыстаўся льготамі незаслужана, таму мы не адмянілі іх, а ўрэгулявалі”.

Дэпутат перакананы, што зьмены ў законе дазволяць дапамагчы тым людзям, якім гэта сапраўды патрэбна.

“Што там грэх таіць. Ёсьць, да прыкладу, студэнты, якія езьдзяць зь першага курсу на шыкоўных іншамарках, ім гэтыя льготы не патрэбныя”, — кажа дэпутат Шмігіра.

Я нагадаў дэпутату, што льготаў пазбавяцца й людзі пэнсійнага веку, для якіх грошы за квіток на лецішча — значная сума.

“Ну й я вам скажу: дзеля таго, каб некаму даць, трэба ад некага адабраць. І таму ж пэнсіянэру трэба на лецішча часам паехаць кожны дзень. Я ўсё гэта разумею, але ад некага трэба адабраць”, — мяркуе дэпутат Шмігіра.

А вось што на гэты конт кажа спадарыня Ганна, якая цяпер жыве на пэнсію 240 тысяч рублёў і якую, хутчэй за ўсё, пазбавяць ільготаў:

“Дрэнна для нас, старых, гэта. У нас і так пэнсія маленькая, у нас і так гэтых грошай мала. Я сорак гадоў адпрацавала, а нічога так і не зарабіла...”

Чэслаў Шмігіра ўпэўнены, што на працягу трох месяцаў Савет міністраў вызначыць катэгорыі грамадзянаў, якім сапраўды варта даць ільготы.

• Магілёўскія донары заклікалі да ўсебеларускага страйку 1.06.2007 • У народу льготы адабралі, дэпутатам — пакінулі 24.05.2007 • Льготы будуць скарочаныя на траціну 17.05.2007 • Онлайн-рэпартаж з акцыі пратэсту супраць скасаваньня льготаў 10.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG