Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: “2006 год быў рэкордным у парушэньні правоў чалавека”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Тацяна Равяка і Валянцін Стэфановіч прэзэнтавалі аналітычны агляд “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе”. У кнізе аналізуецца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, прэзэнтуючы кнігу, заявіў пра ўнікальнасьць сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:

“Высновы ад аналізу фактаў такія: сёньня на эўрапейскім кантынэнце няма больш ніводнай краіны, апроч Беларусі, дзе б так груба, нахабна, я б сказаў, з пэўным выклікам да грамадзтва краіны й міжнароднай супольнасьці ўлады парушалі правы чалавека”.

Аналягічны леташні агляд праваабаронцаў меў 500 старонак, гэты, за 2006 год, зьмясьціўся на 150-ці. Але, як кажуць аўтары кнігі, фармат зьмянілі не таму, што парушэньняў правоў людзей паменела. Наадварот — фактаў парушэньняў болей у некалькі разоў.

Але аўтары агляду зьмянілі падыход: вырашылі засяродзіцца на аналізе якасных зьменаў сытуацыі.

Яны адзначаюць, што дзяржаўная сыстэма стала больш агрэсіўнай да ідэйных апанэнтаў, у той час як суды ўсё радзей абараняюць палітычныя правы грамадзянаў. Таксама заўважана, што павялічыўся ўплыў на сытуацыю ідэалягічных чыноўнікаў дзяржапарату, у тым ліку супрацоўнікаў дзяржаўных мэдыяў, якія ператварыліся ў інструмэнт прапаганды.

Рэпрэсіі закранулі і тыя колы грамадзтва, супраць якіх раней палітычныя рэпрэсіі амаль не ўжываліся. Як прыклад называюць прадпрымальнікаў.

2006 год – пэрыяд уздыму барацьбы за свабоду

І ўсё ж праваабаронцы назвалі 2006 год пэрыядам значнага ўздыму барацьбы за свабоду. Паводле праваабаронцаў, станоўчым момантам ёсьць адчуваньне маральнай перамогі тых, хто пацярпеў ад уладаў, над тымі, хто выконваў незаконныя загады.

“Рэпрэсаваныя актывісты маюць сур’ёзную падтрымку і спагаду ў грамадзтве, псыхалягічна яны не адчуваюць сябе вырачэнцамі й дысыдэнтамі. Беларускае грамадзтва паступова выходзіць з таго маральнага і палітычнага крызісу, у які яго загналі беларускія ўлады”, — мяркуюць аўтары агляду “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе”.

З поўным тэкстам агляду можна пазнаёміцца ў інтэрнэце на адрасе http://www.spring96.org.

Аўтары агляду вырашылі не абмяжоўвацца інтэрнэт-вэрсіяй, кажа Алесь Бяляцкі:

“У выніку ў нас зьявілася і друкаванае выданьне на беларускай мове, па-расейску й па-ангельску”. Я б сказаў гэтак, што яно ўжо застанецца ў гісторыі”.

• Праваабаронцы вітаюць неабраньне Беларусі ў Раду правоў чалавека , 18.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG