Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Супрановіч: “Мне даволі трывожна за лёс беларускай музыкі”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – музычны прадусар Віталь Супрановіч. Нарадзіўся ў 1979 годзе, вырас у менскім мікрараёне Серабранка, скончыў вышэйшую тэхнічную вучэльню і Інстытут культуры.

Караткевіч: “Віталь, патлумачце слухачам вашу тэзу з эсэ "Ў што я веру" – "Я веру ў беларускую музыку"...”

Супрановіч: “Калі я кажу, што я веру ў беларускую музыку, я ў першую чаргу маю на ўвазе, што я веру ў сілу беларускай музыкі ўзьдзейнічаць на сьвядомасьць людзей, як адбылося і са мной. Веру, што беларускія песьні і беларускія музыкі могуць узьдзейнічаць на погляды людзей, і ўзьдзейнічаць у добрым сэнсе”.

Караткевіч: “Слова "свабода" прысутнічае ў беларускіх музыкантаў вельмі часта. Скажыце, у якой з кампазыцый яно самае блізкае для вас?”

Супрановіч: “У творы “Свабода” з праекту “Партызанская школа”, "Уліс", "Радыё Свабода", "Крама", "Свабоды мне дай" – вельмі шмат такіх твораў... Складанкі "Песьні Свабоды" паказалі, што песень менавіта з такой тэматыкай – свабода, воля, незалежнасьць, – вельмі шмат, ёсьць з чаго выбіраць”.

“Гурт “Юр’я” больш адпавядаў бы фармату "Эўрабачаньня"

Караткевіч: “Віталь, у каго зь беларускіх гуртоў музыка мацнейшая за тэксты, а ў каго – наадварот?”

Супрановіч: “Мне здаецца, што ў барда Сяржука Сокалава-Воюша – там больш тэксты, словы важнейшыя, і няхай гэтая музыка вельмі простая, і ён не заўсёды меў магчымасьць якасна запісаць гэтыя творы, можа, і сам лічыць сябе непрафэсійным музыкам, але нягледзячы на гэта для людзей ягоныя творы, дзякуючы менавіта словам, сталіся сапраўднымі гітамі.

Але калі я слухаю такую мэталічную музыку, тым больш на ангельскай мове, як, напрыклад, беларускі гурт "Vicious Crusade", я тут больш зважаю якраз на музыку, чым на словы. Па-першае, я не валодаю ангельскай мовай, і музыка гэтага гурта грае насамрэч больш важную ролю, чым словы. Многія скардзяцца, што гурт “NRM”, напрыклад, "ня ўмее граць"... Нават калі такая думка існуе, але за кошт тэкстаў нават скептыкі вымушаныя прызнаваць, што гэта легендарны гурт”.

Караткевіч: “Што вы скажаце пра прадстаўніцтва Беларусі на “Эўрабачаньні” ў гэтым годзе?”

Супрановіч: “Мне здаецца, што ў прынцыпе, канечне, былі такія розныя думкі, але я калі глядзеў, то мне чамусьці адразу здалося, што ён пройдзе ў фінал і нейкае месца зойме. Гэтым разам гэта, на маю думку, выглядала больш-менш прафэсійна, хаця Беларусь, я лічу, павінен быў бы прадстаўляць нейкі гурт, які б у сучаснай апрацоўцы прадставіў нейкую фальклёрную песьню. Папулярнасьць гурта "Юр''я" за мяжой магла б дапамагчы – мне здаецца, гэты гурт больш адпавядаў бы фармату "Эўрабачаньня".

“Мне шкада сёньняшніх маладых людзей, якіх дзяржава пазбавіла права выбару”

Караткевіч: “Паводле першай адукацыі вы – станочнік шырокага профілю. Скажыце, ці спатрэбілася вам калі ў жыцьці гэтая адукацыя?”

Супрановіч: “Мне спатрэбілася не сама адукацыя, бо ў гэтую спэцыяльнасьць уваходзіць токар, фрэзэроўшчык, наладчык станкоў зь лічбавым кіраваньнем, але мне гэта дапамагло ў тым, што я магу займацца рознымі справамі. У сувязі з тым, што наша арганізацыя ня вельмі вялікая, і там няшмат людзей, таму прыходзіцца сумяшчаць у сабе вельмі розныя спэцыяльнасьці – мэнэджара, прадусара і журналіста”.

Караткевіч: “Пасьля вучэльні вы скончылі менскі Інстытут культуры па спэцыяльнасьці "мэнэджмэнт сацыякультурнай сфэры". Скажыце, а ў Серабранцы ў часы вашага юнацтва былі нейкія папуоярныя музыкі, гурты?”

Супрановіч: “Ведаеце, зараз я ўзгадваю, што, відаць, не было, у тых асяродках дзе прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Канечне, была больш папулярная расейская музыка – "Кино", "Сектор газа", але мясцовыя гурты, можа быць, і былі ў нашым раёне, але ў маім коле яны не былі вядомыя і папулярныя”.

Караткевіч: “Папулярызаваць беларускую музыку вы пачалі ў 1995 годзе, калі пачалі працаваць у фондзе "Наша Ніва". Я сама помню, як зьвярталася да вас па квіток на нейкі канцэрт... Скажыце, чаму вы абралі менавіта такую сфэру дзейнасьці, што стала для вас штуршком?”

Супрановіч: “Я думаю, што тут згуляла вялікую ролю тое, што ў пачатку 1990-х гадоў я і многія людзі мелі магчымасьць выбару – пачуць па радыё, убачыць па тэлебачаньні беларускіх музыкаў. як і музыкаў зь іншых краінаў. І гэтая магчымасьць выбару дазволіла мне выбраць тое, што мне падабалася. І ў гэтым сэнсе мне трохі шкада сёньняшніх маладых людзей, якіх дзяржава пазбавіла права гэтага выбару. Яны ня могуць уключыць тэлебачаньне і пачуць там гурт "Крама" ці “NRM”, яны вымушаныя, калі яны хочуць аб гэтым нешта даведацца, прыкладаць нейкія высілкі, а паколькі беларусы ня любяць прыкладаць нейкія высілкі, то мне даволі трывожна за лёс беларускай музыкі, хаця моладзь, якая зараз вырасла – яна такая больш упартая, яна будзе шукаць гэтую музыку. Але канечне, вось гэтыя рэпрэсіі, якія ў нас ёсьць у адносінах да музыкаў, будуць мець вынік у тым сэнсе, што папулярнасьць беларускай музыкі будзе ўсё-ткі спадаць, і трэба будзе прыкладаць большыя намаганьні, каб гэтага не адбылося”.

“Улады ня могуць дараваць тым музыкам, якія маюць сваю думку”

Караткевіч: “Вы неаднаразова ў інтэрвію казалі, што лічыце самым удалым сваім праектам арганізацыю фэсту "Генэралы айчыннага року" ў Менскім Лядовым палацы ў 2004 г. Мы ўжо казалі пра тое, што ўсё цяжэй будзе папулярызаваць беларускую музыку. Цяпер такія гурты як "Крама", "Нэйра-Дзюбель", "Зэт" маюць праблемы з выступамі нават у невялікіх клюбах. Чаму ўлады перашкаджаюць музыкантам?”

Супрановіч: “Мне здаецца, улады ня могуць дараваць тым музыкам, якія маюць сваю думку, адрозную ад дзяржаўнай ідэалёгіі, і нават такія канцэрты колькасьцю 50-100 чалавек ужо ўяўляюць, як лічыць дзяржава, для яе небясьпеку. Мэта дзяржавы, як выглядае – зрабіць так, каб гэтыя гурты ўвогуле спынілі сваё існаваньне і ў іх увогуле не было ніякіх прыхільнікаў. Канечне, у дадзенай сытуацыі музыкі, нягледзячы ні на што, ствараюць новыя песьні і пішуць новыя альбомы, але гэта, канечне, вельмі цяжка”.

Караткевіч: “Створаная вамі і Сяргеем Сахарам ініцыятыва, рух ці ўжо нават асяродак "Беларуская музычная альтэрнатыва" налічвае ўжо каля ства новых дыскаў. Скажыце, Віталь, што самае неардынарнае, цікавае з гэтых дыскаў?”

Супрановіч: “Асабіста мне заўсёды запамінаецца першы дыск і апошні, які зараз ёсьць. Першы дыск – гэта "Вольныя танцы. Слухай сваё" – наагул першы дыск беларускамоўнай рок-музыкі, які быў выдадзены нармальным накладам на заводзе, ня так, як было да гэтага, што дыскі наразаліся... А апошні – гэта, напэўна, тое, што нядаўна выйшла, дыск цяжкой музыкі "Metallection 4". Для мяне зараз важны гэты дыск. Кожны дыск, які мы выдаем, калі мы ўсё ж такі ўзяліся рэалізаваць гэта праект, то натуральна, мы лічым, што ён вартасны, і кагосьці выдзяляць з гэтых 100 дыскаў было б, напэўна, няправільна”.

Караткевіч: “У 2005 г. "Наша Ніва" назвала вас чалавекам году. Для вас асабіста – хто яны, людзі апошніх гадоў у беларускай сытуацыі?”

Супрановіч: “Я б выдзяліў у першу чаргу музыкаў – Лявон Вольскі, Аляксандар Кулінковіч, Ігар Варашкевіч – гэта такія сапраўдныя героі. Ну і, канечне, тая моладзь, якая была на Плошчы і якая засталася тут, нікуды ня зьехала вучыцца”.

“Любы сёньняшні палітык, які застаўся ў Беларусі, ужо варты павагі”

Караткевіч: “У напісаным вамі эсэ вы казалі пра тое, што калі б жыў Кастусь Каліноўскі, то ён зьдзівіўся б таму, што цяпер шмат таленавітых маладых людзей выяжджаюць зь Беларусі. Як вы думаеце, як пачуваўся б Кастусь Каліноўскі ў коле “дарослых” беларускіх апазыцыйных палітыкаў?”

Супрановіч: “Калі я рабіў такое параўнаньне, то я, натуральна, параўноўваў пакаленьні. Кастусь Каліноўскі быў малады чалавек, таму ягоныя ўчынкі я параўноўваю з учынкамі нашай моладзі. Як бы ён пачуваў сябе сярод сёньняшніх палітыкаў... Мне здаецца, што любы сёньняшні палітык, які застаўся ў Беларусі, нікуды ня зьехаў – ён ужо варты павагі, і нягледзячы на тое, што ў мяне ў душы ёсьць шмат крытыкі, і адусюль ідзе шмат крытыкі адносна нашых палітыкаў, усё ж такі яны не такія ўжо дрэнныя, і тое, што яны тут ёсьць – гэта нармальна”.

Караткевіч: “Якія вашыя пляны, якія самыя бліжэйшыя музычныя праекты з вашым удзелам?”

Супрановіч: “Самае бліжэйшае, што мы хочам зрабіць – гэта такі дыск "Піўны альбом", дзе розныя беларускія музыкі, у тым ліку і больш афіцыйныя, і, умоўна кажучы, забароненыя сьпяваюць песьні пра піва. Гэты альбом мы ўжо падрыхтавалі, хочам яго выдаць і зрабіць яго прэзэнтацыю. Натуральна, што мы працягваем працу па перавыданьні тых альбомаў, якія выходзілі толькі на касэтах і якіх не было на дысках – альбомы Данчыка, Андрэя Мельнікава, Эдуарда Акуліна, Віктара Шалкевіча. Гэта тое, чым мы займаемся зараз. Таксама мы рыхтуем перавыданьне альбому гурту “Мроя” “28-я зорка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG