Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адкажа Валянцін Сукала на прысуд Аляксандру Казуліну?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня канчаецца тэрмін, за які ў Вярхоўным судзе Беларусі павінны былі разгледзець скаргу адвакатаў Аляксандра Казуліна на вынесены яму летась прысуд. 13 ліпеня 2006 году экс-кандыдат у прэзыдэнты быў асуджаны на пяць з паловаю гадоў зьняволеньня.

Наглядныя скаргі на прысуд Аляксандру Казуліну ягоныя абаронцы Зьміцер Гарачка і Ігар Рынкевіч падалі ў Вярхоўны суд на імя старшыні Валянціна Сукалы яшчэ 18-га красавіка. Паводле закону рашэньні па скаргах павінны прымацца цягам месяца. Месяц закончыўся ў суботу, 19-га траўня. Вынік стане вядомым сёньня, 21-га, паведамілі ў Вярхоўным судзе.

Ігар Рынкевіч: “Відавочна, што суд першай інстанцыі пакараў Казуліна за ўдзел ў прэзыдэнцкай кампаніі і што справа яго палітычна матываваная”.
“У выключных выпадках рашэньне прымаецца ў апошні дзень, і, відаць, гэта той выключны выпадак”, – кажа былы адвакат Ігар Рынкевіч пра справу Казуліна. Юрыст нагадаў: скаргу ўжо разглядаў Менскі гарадзкі суд, але пакінуў вырак бязь зьменаў. Абаронца з гэткай пазыцыяй ня згодны:

“Ёсьць усе падставы, каб апратэставаць прысуд Казуліну. Але незалежнасьць і аб’ектыўнасьць судовай улады ў Беларусі даволі адносная. Гэтак лічыць шмат хто зь беларускіх незалежных юрыстаў, і я падзяляю гэтую думку. Асабліва што да справы Казуліна. Відавочна, што суд першай інстанцыі пакараў Казуліна за ўдзел ў прэзыдэнцкай кампаніі, і справа яго палітычна матываваная. Таму зразумела, што і сёньняшняе рашэньне па гэтай справе прымалася за судовымі сьценамі”.

Сваякі зьняволенага, аднак, працягваюць спадзявацца, што вырак, які амаль год таму вынес Казуліну Маскоўскі раённы суд, апратэстуюць.

“Заўсёды хочацца спадзявацца на лепшае, і мы спадзяемся на лепшае. А лепшае – гэта тое, што тату адменяць прысуд. Усё ж такі гэта Вярхоўны суд”, – гаворыць дачка палітыка Юля.

Юля вывучае юрыдычныя навукі ва ўнівэрсытэце. Яна назірала за тым працэсам, добра ведае акалічнасьці справы і лічыць, што яе бацька не вінаваты ані ў хуліганстве, ані ў арганізацыі вулічных беспарадкаў. Калі ж Вярхоўны суд пацьвердзіць ранейшыя рашэньні па справе, Казуліны маюць намер зьвярнуцца ў міжнародныя прававыя інстанцыі, паведаміла Юля Казуліна.

Жонка палітыка Ірына Казуліна па нядаўнім вяртаньні з ЗША заявіла журналістам, што таксама спадзяецца на хуткае вызваленьне мужа. Жанчына ўскладае надзею ня толькі на сумленнасьць судзьдзяў, але й на міжнародную кампанію салідарнасьці з Казуліным ды іншымі беларускімі палітвязьнямі.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін знаходзіцца за кратамі ад леташняга Дня Волі, калі ён узначаліў шэсьце пратэсту да турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе трымалі палітычных вязьняў. Арышт і прысуд Аляксандар Казулін тлумачыць помстаю яму за крытыку Аляксандра Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі.


• Варшава: беларусы супраць уключэньня Беларусі ў Раду па правах чалавека , 15.05.2007 • І.Казуліна сустрэлася з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Крэймэрам , 11.05.2007 • А.Казулін: “Пасьля візыту паслоў да мяне ставяцца больш жорстка”, 03.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG