Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі легенды амэрыканскай моды Ральфа Ларэна паходзілі зь Беларусі


Тацяна Поклад, Прага Ральф Ларэн, адзін з самых модных дызайнэраў сьвету, стваральнік кампаніі і брэнда Polo, узгадаў свае, як пішуць у заходнім друку, “расейскія карані” – яго бацькі паходзяць зь Беларусі і прыехалі ў ЗША ў 1920-х гадах. Сёньня пра гэта піша “International Herald Tribune”.

Пра свае карані 67-гадовы куцюр’е пачаў гаварыць нядаўна. Ён распавёў журналістам, што, калі ён быў маленькім, яго бацькі дома размаўлялі па-расейску, па-польску альбо на ідыш, калі не хацелі, каб дзеці разумелі, што яны абмяркоўваюць.

Ральф Ларэн лічыць, што яго род паходзіць з Расеі, таму што яго продкі выехалі з былой Расейскай імпэрыі, але насамрэч ён называе заходнебеларускія гарады, якія ў 1920-х гадах, калі адтуль выяжджалі ў Амэрыку яго продкі, уваходзілі ў склад Польшчы. Ральф Ларэн распавёў, што яго бацька нарадзіўся ў Пінску, і што ён часьцяком чуў гэтую назву, але ня меў уяўленьня, дзе гэта знаходзіцца.

Дзед Ларэна Шлома Ліфшыц пакінуў Пінск з дачкой Марыяй і сынам Франкам, будучым бацькам вядомага дызайнэра. Франк пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Фрыдай Котляр ужо ў Нью-Ёрку, і куцюр’е цяпер узгадвае: “Мая мама нарадзілася ў Горадні. Ня ведаю, дзе гэта, але мае бацькі заўсёды казалі, што Пінск – вялікі горад, а Горадня – нешта накшталт паселішча”.

Ральф Ларэн загаварыў пра свае карані менавіта цяпер, калі ў Маскве ў Трэцякоўскім пасажы адкрываецца яго вялікая фірмовая крама. Магчыма, цяпер, калі Ральф Ларэн прыехаў у Маскву на яе адкрыцьцё, ён даведаецца больш пра беларускія гарады, зь якіх паходзяць яго бацькі. Сам ён кажа, што адчувае сябе вельмі ўсхваляваным пасьля прыезду ў Маскву.

Карэспандэнт “International Herald Tribune” ў сёньняшнім артыкуле з расейскай сталіцы піша пра тое, што гэты мэгаполіс “вельмі далёкі ад маленькай фэрмы ў Беларусі, дзе вырасла зеленавокая маці куцюр’е”, але тым ня меней, сам мадэльер, якога называюць стваральнікам амэрыканскага стылю, са сваім прыездам у Расею нібыта “вярнуўся дахаты”.

Ларэн – знакаміты і модны дызайнэр, які ўвасобіў амэрыканскую мару і ва ўласным лёсе, і ў модным стылі, створаным ім, і ён пасьпяхова працуе ў модзе 40 гадоў. Кажуць, што сакрэт яго мадэляў у тым, што гэта – “вялікі стыль, які дазваляе чалавеку ніадкуль выглядаць так, быццам яго продкі валодалі шахтамі, заводамі і калекцыямі старых майстроў жывапісу”. (Мікалай Ускоў, “GQ”)

Сёлета рада дызайнэраў ЗША прызнала Ральфа Ларэна легендай моды, – сапраўды, бадай, упершыню такі тытул прысуджаны нашчадку эмігрантаў зь Беларусі. Яго вопратку носяць каралі і прэзыдэнты, але касьцюм ад Ральфа Ларэна – гэта ня нешта шыкоўнае і экстравагантнае, а найперш – стыль і элегантнасьць.
XS
SM
MD
LG