Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыкатура на Пуціна -- найлепшая ў сьвеце


Радыё Свабода Карыкатура на расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна перамагла на конкурсе «World Press Cartoon» (Карыкатура ва ўсясьветнай прэсе), абышоўшы больш за 800 працаў, якія былі дасланыя на конкурс, які адбыўся ў Партугаліі. Пра гэта паведаміў канал “Эўраньюс”. Аўтар карыкатуры - мастак-карыкатурыст са Швэцыі Рыбер Хансан.

«World Press Cartoon» – адзін з самых аўтарытэтных міжнародных конкурсаў мастакоў-сатырыкаў і карыкатурыстаў, які адбірае лепшыя працы, надрукаваныя ў вядучых выданнях сьвету.



Летась у многіх мусульманскіх краінах шырокі пратэст выклікала публікацыя ў дацкай газэце карыкатураў на прарока Мухамэда.

У 2006 годзе ў траўні цэнтральныя газэты Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны ў адзін дзень выйшлі з вострымі карыкатурамі на Аляксандра Лукашэнку. Іх падштурхнула да такой супольнай акцыі крымінальная справа, заведзеная ў Беларусі за сатырычныя інтэрнэт-мультфільмы пра Лукашэнку. Славацкая газэта “Sme” надрукавала, напрыклад, выяву Лукашэнкі, які трымае Беларусь у клетцы, або як Лукашэнка ў форме хакеіста з клюшкай праваліўся пад лёд, а палонка нагадвае абрысы Беларусі.

Славацкі аўтар гэтых карыкатур пра Лукашэнку Марцін Сутавец мяркуе, што выпадак з дацкімі карыкатурамі на прарока Мухамэда паказаў сілу гэтага жанру мастацтва, і цяпер карыкатуры павінны давесьці, што дыктатарам няма месца ў Эўропе.

У саквіку 2006 году Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі пастанавіў закрыць недзяржаўную газэту “Згода”. Ініцыявала ліквідацыю Міністэрства інфармацыі, якое раней вынесла рэдакцыі два афіцыйныя папярэджаньні. Выстаўленыя газэце папярэджаньні тычыліся публікацыяў і карыкатураў на кіраўніка краіны, а таксама малюнкаў, зьвязаных з друкаванымі карыкатурамі на прарока Мухамэда. Выстаўленыя абвінавачаньні выдаўцы “Згоды” назвалі надуманымі, а судовае рашэньне — палітычна матываваным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG