Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку аварыі на Брэсцкім мясакамбінаце адбыўся выкід аміяку


Радыё Свабода Як паведаміў БелаПАН памочнік начальніка абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Сяргей Машноў, тэлефанаваньні брэстаўчан аб тым, што ў мікрараёне Рэчыца яны адчуваюць у паветры пах аміяку, пачалі паступаць у цэнтар апэратыўнага кіраваньня на пачатку дзесятай гадзіны вечара 8 мая.

У адкрытае акцыянэрнае таварыства "Брэсцкі мясакамбінат", які разьмешчаны на тэрыторыі мікрараёна, прыбыло шэсьць аддзяленьняў МНС. З дапамогай спэцыяльных сродкаў яны нэўтралізавалі першаснае воблака, асадзілі пару аміяку і абмежавалі яе распаўсюджваньне. Цалкам аварыя была ліквідавана ў 22.45. Праведзеныя пасьля гэтага замеры паказалі адсутнасьць небясьпечнай канцэнтрацыі аміяку.

Паводле папярэдняй вэрсіі, адбылося разбурэньне трубаправода нізкага ціску падачы холадагента (труба дыямэтрам 219 мм ішла з кампрэсарнай у пяльменны цэх) і выкід 50 кг аміяку.

Паводле Машнова, у выніку аварыі пацярпеў падлетак 1992 года нараджэньня, які ў гэты час знаходзіўся непадалёк ад месца здарэньня. Ён шпіталізаваны. Цяпер стан яго здароўя не выклікае засьцярогаў. 9 мая адбудзецца пасяджэньне камісіі па НС пры гарвыканкаме па ўстанаўленьні дакладных прычын аварыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG