Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Алесь Аркуш: "Сына дацкай каралевы -- на беларускі трон!"<B/>


Вольга Караткевіч, Прага У перадачы "Начная Свабода" полацкі літаратар Алесь Аркуш гаворыць пра невыпадковасьць жыцьця, плату за грахі, беларускую манархію і ўласны музэй.

Хвіліна над прорваю

(Караткевіч: ) "У перадачы "У што я веру" Вы гаворыце, што ўсё ў жыцьці невыпадкова. Якія самыя яскравыя невыпадковасьці ў Вашым жыцьці?"

(Аркуш: ) "Я веру, што любое жыцьцё невыпадковае, і кожны чалавек прыходзіць у сьвет з пэўнай місіяй. Невыпадковасьць -- улюбёная тэма для паэтаў. Напрыклад, Леанід Галубовіч мне расказваў, што ў дзяцінстве яго моцна ўбрыкнуў конь, таму ён тыдзень праляжаў на печы і яму туды далі, каб ён не сумаваў, вялізную кнігу вершаў. Ён лічыць, што з таго і пачаўся паэт.

Я таксама магу згадаць адну гісторыю. Калі мне было чатыры гады, мае бацькі жылі ў Манголіі. Аднойчы мая маці выйшла са мной пагуляць, а там якраз будавалі мост праз горную раку. Я быў такі вісус, і калі яна некуды адвярнулася, я зьнік. А мост быў незашаляваны, і я ўпаў туды ў прагал, а калі ляцеў, схапіўся за бэльку. Калі мая маці ўбачыла, што ейны хлопчык вісіць над такой прорвай, як у нейкім Галівудзкім фільме, яна страціла прытомнасьць. Нейкі мужчына мяне выцягнуў з гэтай прорвы. Пэўна, у гэтым таксама ёсьць нейкая таямнічасьць і нейкая невыпадковасьць, напэўна -- як я мог хвіліну правісець над гэтай прорваю?"

(Караткевіч: ) "Напярэдадні эфіру Вы расказалі яшчэ адну цікавую гісторыю пра невыпадковасьць..."

(Аркуш: ) "Аднойчы ў Полацку мне патэлефанаваў чытач і папрасіў сустрэцца і пагаварыць. Мы сустрэліся ў парку, сядзелі на лавачцы, і ён мне расказаў свой лёс. Аказалася, што ён некалі вучыўся ў сэмінарыі і яго пачало вэрбаваць КГБ. У КГБ яму сказалі: "Дарма Вы так робіце, шмат якія Вашыя калегі не дамаўляюцца і ўсё ў іх нармальна". Яго так дасталі, што ён напісаў ліст Машэраву. Ён напісаў, што кожны чалавек мусіць адказаць за ўсе грахі, і Машэраў таксама адкажа за гэтыя грахі, бо шмат грахоўнага рабілася -- зьнішчэньне цэркваў і гэтак далей. Ясна, што гэты ліст яму ніхто не дараваў, ясна, што гэты ліст не дайшоў да Машэрава. Гэтага чалавека схапілі і пасадзілі ў турму. Калі ён сядзеў у камэры, ён знайшоў кавалак газэты і прачытаў, што Машэраў патрапіў у аўтакатастрофу і ўжо не жыве.

Ён пачаў біць у гэтыя жалезныя каваныя дзьверы і пачаў крычаць, што ён папярэджваў Машэрава. Гэтыя словы яму дорага каштавалі, бо яго пачалі проста катаваць, выпытваць -- маўляў, ты ведаў, што Машэрава павінны былі забіць, хто быў павінны зрабіць гэтую аварыю і гэтак далей.

Я, як журналіст, які цікавіцца ўсімі беларускімі справамі, пачаў яго распытваць, і ён мне сказаў, што горшых людзей, чым беларусы, не існуе. Што яны прадажныя і гэтак далей. Я быў надзвычай уражаны і шмат пра гэта думаў. Але так здарылася, што потым я чуў, як падобнае, напрыклад, літоўцы кажуць пра літоўцаў. А адзін мой знаёмы ў Польшчы кажа пра показку сярод палякаў -- калі ты паляк і сустрэў паляка ў Лёндане, а ён цябе не падмануў, значыць лічы, што ён табе дапамог..."

Хто сядзе на беларускі трон?

(Караткевіч: ) "Вы прыхільнік беларускага манархізму. Зь Якога роду могуць быць беларускія манархі, патлумачце".

(Аркуш: ) "Адкуль мая любоў да манархізму? Мне здаецца, што нам найбольш не хапае сёньня шляхетнасьці і гонару. З гэтага ўсе нашыя праблемы.

Што тычыцца вашага пытаньня, ёсьць дзьве "партыі" манархістаў. Ёсьць прыхільнікі ВКЛаўскія, "гедымінавічы", і полацкія, "рагвалодавічы". Я лічу, што "рагвалодавічы" больш легітымныя. Кроў Рагвалодавічаў ёсьць у дацкім манархічным доме, гэты манархічны дом непарыўны з таго часу, і абсалютна легітымна запрасіць прадстаўніка дацкага манархічнага дома, гэта і будзе наш манарх.

(Караткевіч: ) "Можа і імя ведаеце?"

(Аркуш: ) "Яўхім, малодшы сын дацкай каралевы. Ён не прэтэндуе на дацкі трон і цалкам рэальна зрабіць яму прапанову".

Музэй ствараецца сам

(Караткевіч: ) "Вы разам з жонкай стварылі ў сваёй хаце ў Полацку музэй археалягічных знаходак і народнага побыту. Калі нехта з нашых слухачоў, прыехаўшы ў Полацак, захоча наведаць гэты музэй, уваход вольны?"

(Аркуш: ) "Натуральна, што ўваход для сяброў, бо мы ж ня можам адкрыць яго для ўсіх наведнікаў. Але шмат людзей там былі, ад Арлова да Акудовіча. Мая жонка – аматарка старызны, зьбірае старую мэблю, посуд. Сам наш дом на старым месцы, і калі мы проста капаем у гародзе, дык знаходзім старыя рэчы, нейкія манэты, і гэты музэй ствараецца сам".

(Караткевіч: ) "А які там самы цікавы экспанат?"

(Аркуш: ) "Зусім нядаўна, гэтай вясной, мая жонка палола і знайшла крыжык 16-га ці 17-га стагодзьдзя. А яшчэ ёсьць каменныя ядры. Думаю, што такімі ядрамі і бараніўся старажытны Полацак".
XS
SM
MD
LG