Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адбяруць ільготы — ператвораць інвалідаў у жабракоў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія слухачы “Свабоды” — людзі сталага веку, пэнсіянэры, якія заклапочаныя тым, што ўлада зьбіраецца рэзка скараціць колькасьць сацыяльных ільготаў.

Калі праект закону, які ўхвалены ўрадам і прэзыдэнцкай адміністрацыяй, будзе прыняты, сотні тысяч беларускіх пэнсіянэраў ды інвалідаў адчуюць гэта на ўласнай кішэні.

Сярод тых, хто ўстрывожаны такой пэрспэктывай, наш слухач Іван Канавалаў зь Менску:

“Што чакае гэтых сацыяльна неабароненых людзей — ліквідатараў-“чарнобыльцаў”, пэнсіянэраў, інвалідаў агульнага захворваньня? А тое, што застануцца ў іх адны пасьведчаньні, якія ў існасьці стануць бескарыснымі паперкамі.

Бо плянуецца адмяніць фактычна ўсе льготы для інвалідаў усіх групаў, у тым ліку на лекі, на праезд у транспарце, на камунальныя паслугі, на ўстаноўку тэлефонаў, на забесьпячэньне транспартнымі й тэхнічнымі сродкамі, на аплату электраэнэргіі й паліва.

Калі гэты праект закону аб ільготах будзе прыняты, а закон аб пэнсійным забесьпячэньні застанецца ў цяперашнім выглядзе, то ўсе высокаэфэктыўныя лекі (якія, як правіла, маюць высокі кошт) стануць недаступнымі для пэнсіянэраў ды інвалідаў. Увогуле, моцна пагоршацца ўмовы жыцьця.

Пры гэтым ніякіх кампэнсацыяў пазбаўленым ільготаў праект закону не прадугледжвае. Захаваюцца льготы толькі для ўдзельнікаў вайны, герояў ды поўных кавалераў ордэну Славы.

Лукашэнка ў сваім выступе 24 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў сказаў, што гэты закон неабходна разгледзець і прыняць неадкладна. Лічу, у радыёперадачах неабходна сумленна сказаць, што нас у такім выпадку чакае”.

Калі б у Беларусі існавала дэмакратычная выбарчая сыстэма, то, думаю, улада наўрад ці адважылася б на такі радыкальны крок, як пазбаўленьне льготаў соцень тысяч (а магчыма, і мільёна) людзей, якія да нядаўняга часу лічыліся самым надзейным электаральным апірышчам гэтага рэжыму.

Але сёньня ў Беларусі такая сытуацыя, што ад рэальных настрояў і сымпатыяў выбарцаў ужо мала што залежыць.

Хоць увогуле, спадар Канавалаў, значнае скарачэньне (па сутнасьці, ліквідацыя) грувасткай, разгалінаванай сыстэмы льготаў — крок зусім рынкавы. У ідэале пэнсіянэры, інваліды, ліквідатары і вэтэраны проста павінны атрымліваць адпаведныя дзяржаўныя пэнсіі (значна вышэйшыя, чым цяпер).

І, зыходзячы з уласных меркаваньняў, траціць іх ці то на праезд, ці то на камунальныя паслугі, ці то на лекі... Сыстэма льготаў, якая існавала дагэтуль, патрабавала вялікіх выдаткаў на ўлік, разьмеркаваньне, кантроль, спрыяла злоўжываньням і крадзяжам.

Ды і ці была яна справядлівай? Льготамі шырока карысталіся гарадзкія пэнсіянэры ды інваліды. А што зь іх мела вясковая бабуля, калі ў яе вёсцы — ні камунальных паслугаў, ні тэлефона, ні грамадзкага транспарту, ні аптэкі?

І гэтая бабуля была б толькі рада, калі б ёй замест абстрактных льготаў, якімі яна ніколі не карысталася, дадалі сорак тысяч рублёў да пэнсіі. Іншая справа, ці пойдуць зэканомленыя такім чынам грошы на надбаўкі да пэнсіяў?

Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну ў сваім кароткім лісьце зьвяртае ўвагу на магчымасьці, якія былі ўпушчаныя беларускім грамадзтвам у мінулым дзесяцігодзьдзі:

“На пачатку 1990-х гадоў надта малы кавалак часу быў адпушчаны нашаму грамадзтву, каб даведацца і ўсьвядоміць праўдзівую гісторыю сваёй малой-вялікай Радзімы, а таксама іншых краінаў сьвету; асэнсаваць кірункі рэгіянальнай і вялікай палітыкі. Магчыма, гэта і перашкодзіла вызначыць годную нацыянальную Ідэю. Абмежаваліся бягучымі хатнімі клопатамі”.

Выказьнікаў нацыянальнай ідэі тады хапала, спадар Бельскі. І варыянтаў такой ідэі прапаноўвалася нямала. Іншая рэч, ці слухалі гэтых выказьнікаў, ці была запатрабавана ідэя ў грамадзтве?

А часу на тое, каб разабрацца ў сваёй гісторыі й будучыні, тады ва ўсіх постсавецкіх нацыяў было аднолькава. Ды толькі вельмі па-рознаму яны распарадзіліся гэтым часам.

Новы ліст зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Жыхары гэтай вёскі ўжо не адзін год дастаюць са сваіх паштовых скрынак паўпадпольную самвыдатаўскую газэту “Дуброўскі настрой” — з навінамі сваёй мясцовасьці й актуальнымі камэнтарамі, якія зусім ня ўпісваюцца ў афіцыйную ідэалёгію.

Апошні нумар газэты даслалі і нам на “Свабоду”. Зьвярну ўвагу на адну заметку — пра некаторыя асаблівасьці алькагалізацыі вясковага насельніцтва. Цытую дуброўскага карэспандэнта:

“У выдачы заробкаў вяскоўцам ёсьць свая тактыка. Іх плацяць пад канец тыдня і перад сьвятамі, лягічна мяркуючы, што гаротныя ня выстаяць перад спакусай манаполькі. І сапраўды, ладная частка грошай марнуецца на, бадай, самы нікчэмны і танны тавар — беспароднае нямарачнае пойла, якое заўжды ў асартымэнце.

Гэткім чынам, невялікія грошыкі, пашамацеўшы ў кішэнях працоўных, борзда вандруюць у кашэль дзяржавы. Гэта дужа нагадвае стан СССР у апошнія гады перад сконам. Тады ўлада, выдаўшы заробкі, скажам, у Пскоўскай вобласьці, праз пару дзён выманьвала іх пойлам, забірала выручку і самалётам пёрла ў Наўгародзкую, а адтуль шчэ куды.

Наагул, ганебны гандаль танным фальшывым пойлам мусіць быць забаронены. Адначасова трэба нанесьці ўдар па гандлярах самагонкаю, якасьцю мала чым адрознай ад таго ж пойла.

Але ўлада моцна захрасла ў такім парадку спойваньня свайго народу і выцягваньня зь яго жылаў. І адарваць народ і дзяржаву ад гэтых ночваў цяжка”.

Цікавыя назіраньні, паважаны слухач. Мушу толькі ўдакладніць, што апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу праходзілі якраз на тле змаганьня зь нястрымнай алькагалізацыяй насельніцтва, якая расквітнела ў брэжнеўскі час.

Антыалькагольная кампанія, з аднаго боку, заўважна зьменшыла маштабы п’янства, але з другога — падарвала і без таго ня надта моцную эканоміку.

Як і амаль кожная масавая кампанія за камуністамі, антыалькагольная была даведзеная да абсурду. Замест таго, каб забараніць вытворчасьць і продаж танных алькагольных сурагатаў і запоўніць рынак даражэйшай, але якаснай прадукцыяй, пад забарону й абмежаваньне паставілі ўвесь гэты рынак увогуле.

Былыя савецкія грамадзяне дагэтуль з жахам успамінаюць, як дзеля таго, каб купіць бутэльку шампанскага ці каньяку, напрыканцы 1980-х гадоў трэба было выстаяць шматгадзінную агрэсіўную чаргу ў адзінай на раён краме, разьмешчанай у нейкай падобнай на бункер каморы бяз вокнаў, з закратаваным акенцам-амбразурай для выдачы тавару…

У гэтым сэнсе сёньняшнія беларускія рэаліі, калі рынак перапоўнены танным і няякасным алькаголем, якім гандлююць у любы час сутак, больш нагадвае брэжнеўскую эпоху.

Але ўжо б’юць трывогу мэдыкі, настаўнікі й міліцыянты; ужо не хапае месцаў у тэрмінова адроджаных ЛПП — своеасаблівых рэзэрвацыях турэмнага тыпу для безнадзейных алькаголікаў; ужо адкрыта гавораць пра катастрафічны рост злачыннасьці на глебе п’янства і заўчасных сьмерцяў ад атручваньня алькагольнымі сурагатамі.

Паўтараецца ўсё тое, што было ў час позьняга Брэжнева. І рана ці позна і тут, у сучаснай Беларусі, зьявіцца свой Ягор Лігачоў, антыалькагольныя лёзунгі якога падтрымае значная частка грамадзтва.

Наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну жыве ў памежнай зоне. Пра асаблівасьці такога жыцьця і напісаў у сваім новым лісьце:

“Нядаўна сяло зноў наведалі памежнікі, каб папярэдзіць і засьцерагчы: “Бярыце ў сельсавеце даведкі для сваіх дзяцей, якія жывуць у горадзе, інакш будуць непрыемнасьці”. Якія непрыемнасьці, калі зловяць твайго сына ці дачку па дарозе ў родную вёску? Буйны штраф.

Напэўна, так улады хочуць спагнаць дадатковы даход са сваіх грамадзянаў. А тое, што камэрсанты ўсіх масьцей езьдзяць па той зоне ўздоўж і ўпоперак без усялякай рэгістрацыі, дык гэта памежнікаў не хвалюе: такім — зялёная вуліца.

Яшчэ ў нас ходзяць чуткі, што Ўкраіна можа ўвесьці візы для беларусаў і расейцаў. Калі такое здарыцца, гэта створыць шмат праблемаў. Многія ўкраінцы з памежных вёсак працуюць на нашым баку мяжы. Пераважна ўладкоўваюцца на будоўлях, у тым ліку на будаўніцтве так званых “прэзыдэнцкіх” домікаў у калгасах.

Ды і нам, калі ўвядуць візы, зьезьдзіць да сваякоў і сяброў ва Ўкраіну будзе значна складаней”.

Думаю, спадар Сац, вашы трывогі заўчасныя і неабгрунтаваныя. Уступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз, якім можа быць патлумачанае ўвядзеньне візаў для беларусаў — пэрспэктыва вельмі далёкая. На гэта патрэбны не адзін год, а можа, і не адно дзесяцігодзьдзе.

За гэты час многае зьменіцца, у тым ліку і ў Беларусі. Магчыма, што і сама Беларусь за гэтыя гады стане часткай аб’яднанай Эўропы.

Дарэчы, Расея ўжо сёньня вядзе перамовы з Эўразьвязам пра магчымасьць адмены візаў альбо значнага спрашчэньня візавага рэжыму.

І калі гэтыя перамовы будуць плённымі, то Беларусь проста вымушаная будзе таксама рабіць крокі ў гэтым кірунку. Хаця б дзеля таго, каб пазьбегнуць сытуацыі, пры якой беларускія грамадзяне ў масавым парадку пажадалі б зьмяніць сваё грамадзянства на расейскае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG