Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сіліверст: “Арганізацыя ліквідатараў будзе ў Беларусі адной з найбуйнейшых"


Вольга Караткевіч, Прага Госьць "Начной Свабоды" - Васіль Сіліверст. Нарадзіўся ў 1954 г. у Ельску, Гомельшчына, скончыў інстытут фізкультуры, пасьля вучыўся ў асьпірантуры, напісаў дысэртацыю на тэму "Ўзроставая дынаміка і шляхі, скіраваныя на разьвіцьцё агульнай вынослівасьці ў сельскіх школьнікаў”. Працаваў настаўнікам у Ельску і сельгастэхнікам у Калінкавічах, быў прызваны ў войска ў 1986 г. і служыў у 30-кілямэтровай Чарнобыльскай зоне.

Караткевіч: “Наколькі я ведаю, вы цяпер знаходзіцеся ў шпіталі ў Калінкавічах...”

Сіліверст: “Так, цяпер я ўжо трэці тыдзень знаходжуся ў кардыялягічным аддзяленьні Калінкавіцкага шпіталя. Адчуваю сябе ня вельмі кепска. Лекары адзначаюць у мяне цяжкую форму захворваньня сэрца”.

Караткевіч: “А як лекаваньне – на належным узроўні?”

Сіліверст: “Каб лячыць тое ці іншае захворваньне, трэба ведаць яго прычыну. У маім выпадку, я лічу, першапрычынай зьявілася мая праца і служба доўгі час у вельмі забруджанай зоне ў Чарнобылі. Гэта і апраменьваньне, і інкарпарацыя малых доз радыяцыі ў арганізм. І каб лячыць ад радыяцыі, трэба ведаць, ці ёсьць у крыві цяжкія мэталы, сьвінец, радыяцэзій. Дагэтуль ніхто зь лекараў у Беларусі гэтага так і ня выявіў. Таму я ня ведаю, ад чаго мяне тут лечаць, у Калінкавічах. Стан майго здароўя палепшыўся, і за гэта я дзякую майму лекару”.

Караткевіч: “А ў іншых аддзяленьнях у шпіталі ёсьць ліквідатары?”

Сіліверст: “Яны бываюць тут круглы год, у розных аддзяленьнях, але больш за ўсё ліквідатараў у нас лечыцца ў цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны ў Гомелі”.

Караткевіч: “Якія самыя тыповыя хваробы ліквідатараў?”

Сіліверст: “Асноўныя – гэта захворваньні сэрца ў першую чаргу. Далей – гэта захворваньні вачэй, катаракта, шчытападобная залоза і шэраг іншых, якія зьвязаныя толькі з Чарнобылем”.

“Пагаршэньне здароўя мы адчулі адразу, як нас прывезьлі ў зону”

Караткевіч: “Раскажыце падрабязьней пра пэрыяд, калі вы служылі ў Чарнобыльскай зоне”.

Сіліверст: “Вельмі ня хочацца згадваць пра той пэрыяд, але ж... Нас у Калінкавічах афіцэраў запаса – болей паўстотні. І калі адбылася чарнобыльская бяда, то на базе нашай вайсковай часткі сфармавалася частка ў Кіеўскай вайсковай акрузе. Частка знаходзілася ў лесе, і чарнобыльскую станцыю было відаць вокам – ад яе было 14-15 кілямэтраў, ня болей. У гэтай частцы служылі ў асноўным беларусы, бальшыня зь іх была з Гомельшчыны, але ўсе афіцэры былі з Калінкавічаў.

У першыя часы, у 1986 г., служылі месяцы па два, а далей – па тры-чатыры. Я адслужыў у 1986 г. шэсьць месяцаў. Нашая частка займалася дэзактывацыяй вельмі забруджанай вопраткі і бялізны, якія прывозілі са станцыі, і ў суткі ў нас выходзіла з часткі прыкладна па 20-25 тонаў чыстай бялізны – прыблізна 400 распадаў за сякунду ў нас лічылася чыстым.

Акрамя таго, мы выконвалі іншыя работы, зьвязаныя зь дзейнасьцю аб''ектаў станцыі. Гэта дэзактывацыя спэцтэхнікі, перавоз і захоўваньне тэхнікі ў так званых магільніках і шэраг іншых работ, якія былі даручаныя апэратыўнай групай Грамадзянскай абароны СССР, штаб якой знаходзіўся ў будынку Чарнобыльскага райвыканкаму”.

Караткевіч: “Скажыце, а калі вы адчулі пагаршэньне здароўя?”

Сіліверст: “Адразу, як нас туды прывезьлі ў зону. Па-першае, нас мэдыкі не папярэдзілі, што патрэбныя індывідуальныя сродкі абароны органаў скуры, дыханьня і вачэй. Таму ў першыя дні мы адчулі боль у вачах, бо зрок быў нічым не абаронены. Ужо далей мы адчулі, што вельмі вялікая стомленасьць у гэтай зоне, вельмі вялікая патлівасьць – гэта пачала даваць збоі, як сказалі нам пазьней мэдыкі, шчытападобная залоза. Праслужыўшы ў зоне два месяцы, я адчуў вельмі вялікія болі ў вобласьці сэрца. І там ужо ў нас быў мэдсанбат, мне аказалі першую дапамогу, і праз два месяцы мне пачалі лячыць сэрца”.

Караткевіч: “А былі выпадкі, калі людзі проста ўцякалі з гэтай вайсковай часткі ці нейкімі спосабамі стараліся не патрапіць туды?”

Сіліверст: “У той частцы, дзе я служыў, такіх выпадкаў не было, але людзі па-рознаму сябе паводзілі, таму што сама абстаноўка, напружаньне, дэпрэсія выбівалі людзей з нармальнага рытму жыцьця. Былі асобы, якія захапляліся сьпіртнымі напоямі, але мы іх спынялі і хацелі, каб яны вярнуліся дадому жывымі”.

Караткевіч: “Як бы вы адказалі на пытаньне – якое бедства вы пайшлі б ліквідоўваць дабраахвотна?”

Сіліверст: “Я б адказаў: ня дай бог. Калі такая тэхнагенная катастрофа здарыцца ў Беларусі, то ліквідатары, якія зараз размаўлялі са мной, сказалі, што мы на гэтую катастрофу ўжо больш не паедзем. Няхай едуць тыя чыноўнікі, якія сталі “інвалідамі Чарнобыля”, прысвоілі сабе ганаровыя званьні "інвалід Чарнобыля" – у іх ёсьць досьвед. Альбо няхай прывозяць ліквідатараў з Афрыкі ці з Вэнэсуэлы...”

“Ніхто ў людзей ня будзе пытацца, будаваць ці не будаваць АЭС”

Караткевіч: “Як вы ставіцеся да пабудовы атамнай станцыі ў Беларусі?”

Сіліверст: “Скажу, па-першае, што ніхто ў людзей ня будзе пытацца, будаваць ці не будаваць. Будуць прымаць гэтае рашэньне чыноўнікі. Няхай будуюць, а як – час пакажа... Гэта ня столькі праблема будаўніцтва АЭС, а тут проста больш палітыканства ў гэтай тэме”.

Караткевіч: “Як вы думаеце, Чарнобыль – гэта палітычнае пытаньне?”

Сіліверст: “Чарнобыль сам па сабе ўжо стаў палітычным пытаньнем, таму што ўвесь сьвет пытаецца: а што далей? Чарнобыль "накрыў" Беларусь, і насельніцтва ў гэтай краіне памірае – гэта ўжо палітыка. Гэтая палітыка вядзе да таго, што будзе зьнішчацца нацыя, калі мы ня будзем прымаць ніякіх радыкальных мераў па Чарнобылі. Я ўвогуле лічу, што зараз у Беларусі існуюць тры пытаньні ў гэтым напрамку. Першае: што чарнобыльскія праблемы ў Беларусі затойваюцца і не заўважаюць, што гэта вялікая бяда. Другое: беларускі парлямэнт рыхтуецца зараз скасаваць ільготы, а гэта – трагедыя для тых людзей, якія маюць праблемы са здароўем. І трэцяе: што забруджанасьць прадуктаў харчаваньня ў Беларусі, у прыватнасьці, на Гомельшчыне, якія ўжывае насельніцтва, асабліва дзеці, не адпавядае санітарным нормам у Расеі і на Ўкраіне. Там гэтыя нормы больш жорсткія. Гэта значыць, што мы, акрамя прамянёвага ўзьдзеяньня гэтых радыяцыйных часьцінак, будзем яшчэ назапашваць у арганізьме шмат цяжкіх мэталаў. У прыватнасьці, радыяцэзій-137, які вельмі адмоўна ўплывае на здароўе, і ў першую чаргу – на крывяносную сыстэму”.

Караткевіч: “Вы былі звольнены з пасады старшыні камітэту фізкультуры Калінкавіцкага райвыканкаму пасьля ўдзелу ў мітынгу супраць рэфэрэндуму ў 1996г. Я ведаю, што вы судзіліся за аднаўленьне, але марна. А ці зьвязваеце вы гэта з вашай палітычнай пазыцыяй?”

Сіліверст: “Я думаю, што гэта наўпрост зьвязана з тым, што чалавек робіць і на якой пасадзе знаходзіцца. Я тады быў на дзяржаўнай пасадзе, а гэта было недапушчальна для ўладаў у 1996 г. Апазыцыя і ўлады – дзьве розныя рэчы: альбо там, альбо тут”.

“Шмат нашых вайскоўцаў памерла, шмат інвалідаў, усе хварэюць...”

Караткевіч: “Цяпер вы – сябар АГП і спрабуеце стварыць арганізацыю "Ліквідатар". Што гэта за ініцыятыва?”

Сіліверст: “Такая арганізацыя даўно была патрэбная ў Беларусі. Дзякуючы майму калегу, лекару з Жодзіна Аляксандру Васільевічу Ваўчаніну, па яго ініцыянтыве мы вырашылі стварыць грамадзкую арганізацыю ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы, якая будзе абараняць іх сацыяльныя правы. І ў нас ужо на Гомельшчыне 500 чалавек, якія будуць сябрамі гэтай арганізацыі. У пэрспэктыве плянуецца, што нашая арганізацыя будзе ў Беларусі адной з найбуйнейшых, таму што ў нас ліквідатараў было ў Беларусі больш за 300 тысяч чалавек. Калі мы ўсе аб''яднаемся, тады праблемы нам будзе вырашаць трохі лепей”.

Караткевіч: “А ў Калінкавічах будзе заўтра неяк адзначацца гадавіна Чарнобыльскай катастрофы?”

Сіліверст: “Скажу адно: 21 год у Калінкавічах ніякіх мітынгаў-рэквіемаў не было, і я думаю, што ня будзе. Напярэдадні я напісаў зварот да старшыні райсавету і да першага намесьніка старшыні Калінкавіцкага райвыканкаму Какоры, і прасіў, каб на гэтую гадавіну запрасілі вайсковых ліквідатараў, таму што іх насельніцтва Калінкавіцкага раёну ня ведае. Шмат нашых вайскоўцаў памерла, шмат інвалідаў, усе хварэюць, і таму я хацеў, каб зьвярнулі ўвагу на такую катэгорыю ліквідатараў. Да сёньняшняга дня я адказу не атрымаў. Яны кажуць – чакайце. Відавочна, можа, да 9 траўня і атрымаю.

У Мазыры, нашым суседнім горадзе, там праводзяцца гэтыя мітынгі штогод, але што цікава: у Мазыры чыноўнікі такія мерапрыемствы праводзяць, але вайсковых ліквідатараў амапаўцы далей прызначанай адлегласьці не дапускаюць. Чаму вайсковыя ліквідатары сталі такія небясьпечныя да ўлады? Мне гэта незразумела. У нас усіх удзельнікаў ліквідацыі 500 чалавек, афіцэраў каля паўсотні...”

Караткевіч: “І ўсе гатовыя ўвайсьці ў вашую арганізацыю?”

Сіліверст: “Так, таму што яны самі сабе дапамагчы ня могуць. Трэба зьвяртацца ў суды, ведаць усе мэдычныя праблемы – гэта цяжкая справа, мы будзем адзін аднаму дапамагаць, і нам ёсьць каму дапамагаць – і тут,і ў Гомелі, і ў Менску. Гэта і сп. Нікітчанка, і шэраг дактароў мэдыцынскіх навук. Дарэчы, у мяне вельмі добрыя адносіны з Бандажэўскім, які таксама дапамагае знайсьці праўду, што Чарнобыль найбольш вінаваты ў нашых захворваньнях”.

Караткевіч: “У што верыце вы?”

Сіліверст: “Я веру ў тое, у што верыў вялікі беларускі пісьменьнік, Чалавек зь вялікай літары Васіль Быкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG