Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гісторыкі аб’ядноўваюцца ў грамадзкую арганізацыю


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца ўстаноўчы сход грамадзкага аб’яднаньня “Асацыяцыя свабодных гісторыкаў”. Плянуецца, што ўдзельнікі абмяркуюць сытуацыю ў гістарычнай навуцы і зацьвердзяць плятформу свайго новага прафэсійнага аб’яднаньня. На сходзе таксама будзе абраны каардынацыйны камітэт, задача якога – афіцыйная рэгістрацыя асацыяцыі.

30 беларускіх гісторыкаў паведамілі пра намер удзельнічаць у сёньняшнім мерапрыемстве. Старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня “Асацыяцыі свабодных гісторыкаў” Ніна Стужынская называе прозьвішчы аўтарытэтных дасьледчыкаў: Ігара Кузьняцова, Тацьцяны Процька, Сяргея Тарасава, Генадзя Сагановіча, Андрэя Кіштымава. Кажа спадарыня Стужынская і пра маладую зьмену.

“Тыя з маладых, хто, скажам так, ня здолеў прайсьці абарону, дысэртацыі якіх па-сутнасьці былі адкінутыя Акадэміяй навук, бо нібыта “не адпавядаюць сучаснай ідэалёгіі”.Так, з васьмі дысэртацыяў толькі адна была зацьверджаная ВАК. Уявіце сабе маштабы рэпрэсій!”.

Дысэртацыю Ірыны Кашталян пра сытуацыю ў БССР 1940-1950 гадах сёлета не прапусьціла Вышэйшая атэстацыйная камісія:

“Фактычна ВАК абвінаваціў мяне ў ачарненьні савецкага мінулага. У мяне спадзяваньні, што ў маладых гісторыкаў будзе падтрымка. Што яны будуць мець пэрспэктывы стаць гісторыкамі ўсясьветнага ўзроўню. І ствараемая цяпер асацыяцыя ім у гэтым дапаможа”.

Праект статуту грамадзянскага аб’яднаньня свабодных гісторыкаў прадугледжвае яго рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Але сябра аргкамітэту, кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў выказвае сумневы на тое, што ўлада дазволіць гэта. У такім разе, кажа суразмоўца , застаюцца магчымасьці быць нацыянальнай філіяй міжнароднай арганізацыі.

“Ёсьць усясьветныя арганізацыі гісторыкаў. Да прыкладу, Акадэмія гістарычнай памяці. Кшталту такіх жа Арганізацыя па ахове помнікаў і памятных мясьцінаў ІКАМОС пры ЮНЭСКА. Альбо такая, як Эўрапейская арганізацыя археолягаў. Будзем абмяркоўваць фактары дзейнасьці і ўмовы, на якіх мы зможам працаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG