Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртыза Свабоды: Ельцын для Расеі, сьвету і Беларусі


Радыё Свабода Пра ролю Барыса Ельцына гавораць аглядальнікі нашага радыё Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч. Вядзе перадачу Сяргей Абламейка.

Абламейка:”Якую ролю адыграў першы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын для сваёй краіны і для сьвету? Валер, Вам першаму пытаньне”.

Карбалевіч :”Барыс Ельцын належыць да тых палітыкаў, якія зьяўляюцца сымбалямі эпохі. Як чалавек , які жыў на скрыжаваньні часу, на скрыжаваньні эпохаў, ён значна ўплываў на пераход ад адной эпохі да іншай.

Як палітык , ён мае два аблічча. Першае : Ельцын - тэрмінатар, разбуральнік камуністычнай сыстэмы. Для разбурэньня камуністычнага монстру патрэбныя былі свае сымбалічныя постаці і Ельцын вельмі ўдала адыграў гэтую ролю. За ім ішлі на вуліцы сотні тысяч людзей і ён перамог, выжыў у двух дзяржаўных пераваротах - у 1991 і 1993 гадох.

І другое аблічча Ельцына - будаўнік новай, дэмакратычнай Расеі. Гэты ягоны вобраз для многіх расейцаў ня надта прывабны. Мадэль алігархічнага капіталізму ня надта падабаецца сёньня большасьці расейскага грамадзтва і гэта ў значнай ступені разбурыла веру мільёнаў людзей у ідэалы дэмакратыі і эканамічнай свабоды”.

Дракахруст: “Ельцын быў зроблены з таго матэрыялу, зь якога робяць сапраўдных каралёў. Ён – адна з нешматлікіх сапраўды гістарычных асобаў, чыімі сучасьнікамі нам давялося быць. Менавіта ён нанёс апошні сьмяротны ўдар камунізму ў ягоным сэрцы – у Маскве, у Расеі. Ельцын на танку каля Белага дому – такі ж сымбаль канца ХХ стагодзьдзя, як і падзеньне Бэрлінскага муру. І ў гэтым ягонае галоўнае значэньне і для Расеі, і для сьвету.

Ельцыну хапіла розуму і волі без крыві, добраахвотна распусьціць ядзерную імпэрыю. Жахліва ўявіць сабе, колькі б крыві каштавала , калі б ён пайшоў шляхам Мілошавіча.

Ельцын здолеў павесьці сваю краіну па шляху свабоды – я маю на ўвазе і балючыя, але неабходныя эканамічныя рэформы, і палітычную свабоду, якой Ельцын даў Расеі. І нават свой сыход з Крамля ён абставіў бліскуча, па-каралеўску.

Зразумела, гаворачы аб Ельцыне, нельга забываць і крывавую чачэнскую авантуру, і расстрэл Белага дому, і сыстэму алігархічнага капіталізму, якая ўсталявалася ў Расеі. Але ў вялікіх і памылкі вялікія. Хай гісторыкі спрачаюцца, наколькі гэтая вялікая цана за сыход з камунізму – на сумленьні Ельцына. Ён зараз перад найвышэйшым Судзьдзём.

Рымскія консулы, сыходзячы з пасады, казалі рытуальную формулу : “Я зрабіў усё, што мог, хто можа – хай зробіць больш”. Барыс Ельцын зрабіў значна больш, чым можа зрабіць чалавек”.

Абламейка: “А якой была роля Ельцына адносна Беларусі, які, на Ваш погляд, балянс станоўчых і адмоўных момантаў у гэтай ролі?

Карбалевіч: “Юры казаў пра ролю Ельцына ў разбурэньні камуністычнай імпэрыі. І сапраўды на мяжы 80-90-ых гадоў мінулага стагодзьдзя дэмакратычныя працэсы ў Беларусі ішлі пад моцным уплывам, там падзеі разьвіваліся пад кіраўніцтвам Ельцына. Барыс Ельцын і дэмакратычная Расея шмат спрычыніліся да разбурэньня саюзнага цэнтру і стварэньня ў выніку гэтага і незалежнай Беларусі. Вярхоўны Савет 12-га скліканьня у 1990 годзе прыняў дэклярацыю аб сувэрэнітэце пасьля таго, як гэта зрабіў Вярхоўны Савет Расейскай Фэдэрацыі пад кіраўніцтвам Ельцына. І ў гэтым ягонае велізарнае гістарычнае значэньне для незалежнасьці Беларусі.

Але, зразумела , Ельцын быў сынам свайго часу, ён адчуваў сваю віну за распад Савецкага Саюзу перад расейскім грамадзтвам. І потым пасьля распаду СССР ён прыклаў пэўныя намаганьні, каб рэінтэграваць постсавецкую прастору. адсюль і ўсе гэтыя інтэграцыйныя гульні разам з Лукашэнкам па стварэньні саюзнай дзяржавы”.

Дракахруст: “Адносна Беларусі роля Ельцына была дваістай. Вось Валер казаў пра ўплыў дэмакратычнай Расеі на падзеі ў Беларусі. Я б сфармуляваў гэта больш рэзка. Ня будзь прыгаданага мной Ельцына на танку – невядома, ці зьнік бы камунізм і з беларускай зямлі. Ня будзь подпісу Ельцына пад Белавескімі пагадненьнямі – невядома, калі і якой кроўю здабыла б Беларусь незалежнасьць. Да таго ж можна прыгадаць і вызваленьне ў 1996 годзе палітычных вязьняў Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыкі , зробленае пад ціскам Ельцына, і ягонае “Хай ён спачатку Шарамета адпусьціць”, сказанае ў 1997 годзе.

Але для Беларусі быў і іншы Ельцын, Ельцын, які разам з Лукашэнкам будаваў саюзную дзяржаву, будаваў ўсю сыстэму эканамічнай падтрымкі беларускай улады, Ельцын, які падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў 1996 годзе накіраваў у Беларусь дэлегацыю, якая забясьпечыла перамогу Аляксандра Лукашэнкі і ператварэньне яго ў дыктатара.

Але балянс, на мой погляд, усё ж станоўчы. Дзякуючы Ельцыну Беларусь набыла незалежнасьць, якую ён потым беспасьпяхова спрабаваў адабраць.

Ну а тое, што Беларусь распарадзілася сваёй свабодай ня самым лепшым чынам і што Ельцын гэты выбар падтрымліваў – на мой погляд усё ж гэты грэх на шалях гісторыі не пераважвае вызваленьня ад чырвонай тыраніі, перад якой дрыжэў увесь сьвет і якая здавалася вечнай”.
XS
SM
MD
LG