Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча дэмсілаў: пасьля Вільні ізноў у Менску


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску пройдзе першае пасьля віленскай канфэрэнцыі пасяджэньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Чакаецца, што на ім афіцыйна зацьвердзяць выказаную ў Вільні прапанову аб правядзеньні сямі “міні-кангрэсаў” апазыцыйных сілаў.

Абласныя і менскі гарадзкі сходы будуць папярэднічаць агульнанацыянальнаму Кангрэсу. Таксама будуць разглядацца пытаньні пра абраньне лідэра дэмсілаў, склад Палітрады ды іншыя арганізацыйныя справы.

Кіраўнік Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што ў Вільні апазыцыя здолела прасунуцца наперад:

Мілінкевіч: “Ёсьць дамоўленасьць аб рэчах, дзе раней ня было кансэнсусу. Дамовіліся, як праводзіць абласныя канфэрэнцыі, як праводзіць Кангрэс. Не дамовіліся яшчэ адносна рэглямэнту, адносна функцыяў кіроўных органаў. І пра гэта будзе дыскусія. Але я спакойна гляджу на гэта. Калі ёсьць жаданьне, дык можна прыйсьці да выніку сёньня. А можа сёньня не атрымаецца і яшчэ трошкі працягнецца. Але ў тым, што трэба праводзіць Кангрэс, ужо ніхто не сумняваецца. Хаця небясьпека таго, што ён нас падзеліць, застаецца вялікай”.

Кіраўнік арганізацыйнага камітэту для стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд, чыя структура разам з сацыял-дэмакратамі Міколы Статкевіча і незарэгістраваным “Маладым фронтам” ўваходзяць у “Эўрапейскую кааліцыю”, гаворыць, што агульнаму аб’яднаньню перашкаджаюць розныя погляды на актуальнасьць задачаў. Прынамсі, прадстаўнікі “Эўрапейскай кааліцыі” лічаць, што ні стратэгія дзеяньняў, ні “Малая Канстытуцыя”, ні эканамічная плятформа не зьяўляюцца цяпер найбольш важнымі. Цікаўлюся ў спадара Навасяда, якім справам аддаюць прыярытэт ягоныя паплечнікі:

“Гэта – падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў. Гэта канкрэтны плян раскруткі дэмакратычных кандыдатаў. Гэта стварэньне мясцовых кааліцыяў для падтрымкі кандыдатаў. Вось гэта і ёсьць практычная мэта”. Старшыня Менскай гарадзкой філіі Партыі БНФ Аляксей Кавалец спадзяецца, што ў спрэчках сваё важкае слова скажуць прадстаўнікі рэгіянальных структураў:

“У рэгіёнах багата чаго агульнага. У некаторых рэгіёнах адкрыта гавораць: “А нам няма чаго дзяліць. Мы – усе разам. Робім сумесную працу разам. Ці робім, ці не робім. Вось так! Іншага няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG