Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША: “Надзвычай уражвае мужнасьць палітвязьняў” (Фотагалерэя)


Ганна Соўсь, Менск Сёньня Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт дала інтэрвію нашаму радыё. Прапануем вашай увазе фрагмэнт — цалкам размову можна будзе пачуць у нашым эфіры і прачытаць на сайце днямі.

Фотагалерэя

Слухаць:

Ганна Соўсь: “Урад Злучаных Штатаў неаднаразова заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітычных зьняволеных.

Менавіта прадстаўнік ЗША прапанаваў вынесьці пытаньне пра галадоўку экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна на паседжаньне Рады бясьпекі ААН. І вы неаднаразова заяўлялі, што гэтае пытаньне ёсьць адным з кірункаў дзейнасьці ў Беларусі.

Ці сустракаліся вы зь беларускімі палітзьняволенымі і зь іхнымі сем’ямі? Якое ўражаньне зрабілі на вас гэтыя сустрэчы — як на кіраўніцу дыпмісіі ЗША і як на жанчыну?”

Карэн Ст’юарт: “Вы ўзьнялі пытаньне, якое непакоіць амбасаду, мяне і маіх калегаў, — гэта пытаньне палітвязьняў. Паводле нашых зьвестак, у Беларусі адзінаццаць палітвязьняў, уключна з тымі, каго трымаюць у турмах ці ў іншых месцах пазбаўленьня волі.

Я сустракалася зь некаторымі з былых палітвязьняў і зь цяперашнімі палітзьняволенымі. Некалькі разоў я сустракалася зь іхнымі сем’ямі. Мінулы раз гэта было на Каляды.

Тое, што надзвычай уражвае мяне і маіх калегаў, — гэта мужнасьць палітвязьняў, а таксама мужнасьць іхных сем’яў, якія чакаюць сваіх блізкіх.

Як для жанчыны для мяне найбольш кранальныя сустрэчы з бацькамі палітвязьняў. Як бацькі, яны напэўна не жадаюць, каб іхныя дзеці бралі такі ўдзел у палітычным жыцьці. Але адначасова яны вельмі ганарацца сваімі дзецьмі”.

Соўсь: “Спадарыня Ст’юарт, некалькі дзён таму на Радаўніцу я наведвала ўрочышча Курапаты і бачыла ўпрыгожаную кветкамі “Лаву Клінтана”, побач зь ёй гарэлі сьвечкі.

Нагадаю, што ў студзені падарунак прэзыдэнта ЗША мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” быў чарговы раз апаганены. Гэта ўжо адзінаццаты акт вандалізму ў дачыненьні да “Лавы Клінтана”.

Некалькі гадоў таму пасьля чарговага вандалізму амбасада ЗША прапанавала перанесьці “Лаву Клінтана” на тэрыторыю амбасады, паколькі беларускія ўлады ня ў стане гарантаваць захаванасьці мэмарыяльнага знаку. Ці не разглядае амбасада цяпер такога варыянту? І калі й як будзе адрамантаваная лава?”

Ст’юарт: “Для мяне гэта вельмі складанае рашэньне. Відавочна, што адзінае рашэньне, якое дазволіць захаваць гэты мэмарыяльны знак, — перанесьці яго на тэрыторыю амбасады.

У такім разе мы былі б вымушаныя трымаць гэты мэмарыял у амбасадзе, пакуль не складзецца такая сытуацыя, што гэты помнік будзе бясьпечна трымаць у Курапатах.

Але я асабіста лічу, што мы павінны пакінуць гэты помнік у Курапатах, бо гэта тое месца, дзе гэты знак будзе сымбалізаваць тое, як мы ставімся да ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Курапаты — месца, куды беларусы і амэрыканцы могуць прыйсьці і аддаць даніну павагі.

Цяпер мы разглядаем некалькі варыянтаў таго, як можна адрамантаваць лаву, а таксама прыняць захады дзеля яе абароны ад наступных актаў вандалізму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG