Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: “Творчасьць – самая галоўная з праяваў чалавека, гэта сьведчаньне боскасьці ў ім”


Вольга Караткевіч, Прага 9 красавіка госьцяй Начной Свабоды была Ірына Дубянецкая, першая і адзіная ў Беларусі доктарка багаслоўя. Гутарка адбывалася ў другі дзень Вялікадня.

Слухаць інтэрвію цалкам:



Караткевіч: "Скажыце, што для вас Вялікдзень?”

Дубянецкая: "Гэта сьвяткаваньне ўваскрашэньня Хрыста, дзень перамогі жыцьця над сьмерцю. Гэта вельмі вялікае сьвята...”

Караткевіч: "А што для вас яшчэ вялікае?"

Дубянецкая: "Вялікае жыцьцё, вялікі чалавек, вялікая свабода чалавека, права творчасьці,– шмат чаго..."

Караткевіч: "Ірына, а што вас вабіць у мастацтве?”

Дубянецкая: “Мусіць, творчасьць, гэта, відаць самая галоўная з праяваў чалавека, гэта сьведчаньне боскасьці ў чалавеку. Гэта тое, што ніхто ня можа адабраць у чалавека, тое, з чым ён нараджаецца і жыве. Мастацтва ж – гэта адна з самых прыгожых формаў творчасьці, адна з самых яскравых і зразумелых".

Караткевіч: "Ірына, як вы ставіцеся да вядомых і ўплывовых мысьляроў, якія зьяўляюцца атэістамі?"

Дубянецкая: "Тут пытаньне хутчэй у тым, ці яны іх думкі рэзануюць з тым, што ты думаеш, і тут неістотна, атэіст гэты чалавек ці не, бо атэізм – гэта таксама свой варыянт веры. Вера – гэта не толькі рэлігійнае пачуцьцё. Вера, давер, – гэта можа ёсьць адна з праяваў, адзін з асноўных рухавікоў чалавечага жыцьця, безь якога чалавек таксама ня можа спраўджвацца. Калі чалавек верыць у тое, што ён ёсьць, у сваю праўду, то яго немагчыма зьбіць нічым. Гэты чалавек незалежна ад таго, якія ў яго рэлігійныя перакананьні, калі ён спраўджваецца сам,– ён ідзе да Бога. Таму галоўнае, каб чалавек верыў у тое, што ён робіць”.

Караткевіч: "Вы валодаеце габрэйскай, грэцкай, угарыцкай, фінікійскай ды іншымі мовамі Блізкага Ўсходу. Можа, нейкая ёсьць улюбёная?"

Дубянецкая: "Я наогул люблю мовы... У тым ліку мёртвыя. Сказаць, што я імі валодаю,– гэта не зусім так. Я магу зь імі працаваць, бо валодаць можна толькі жывой мовай. Ды і то, жывая мова патрабуе ўвесь час практыкі. Я калісьці думала, чаму я люблю мёртвыя мовы,– відаць, таму што на іх немагчымая выпадковая гаворка. Бо яна ўжо дасканалая, на ёй складзены свой корпус тэкстаў, да якога не дадаць і не адняць..."

Караткевіч: "Як вы ставіцеся да праблемы суіцыдаў і шахідзтва ў ісламе?"

Дубянецкая: "І тое, і другое выклікае сум і боль. Бо самазабойства, добраахвотны сыход з жыцьця – гэта ад безнадзейнасьці, калі чалавек не бачыць для сябе выхаду ў гэтым сьвеце альбо чагосьці баіцца. А гэта заўсёды значыць, што чалавек ня можа спраўдзіцца, што ён дзесьці страціў сувязь з самім сабою. А гэта вельмі балюча. А пытаньне самагубчага забойства – гэта крыху іншая рэч, гэта рэлігійны фанатызм, які затуляе чалавеку іншыя каштоўнасьці. Гэта таксама вельмі балюча. Балюча, што чалавек гіне, але гіне, уносячы з сабою жыцьці іншых людзей. І самае сумнае ў тым, што гэта робіцца ў перакананьні, што ён гэтым робіць прыемнае Богу".

Караткевіч: "Сярод іншага вы спэцыялізаваліся на старажытным Блізкім Усходзе. На вашую думку, якія цяпер пэрспэктывы сытуацыі ў гэтым рэгіёне".

Дубянецкая: "Рэгіён вельмі радыкальна зьмяніўся ад таго часу, які цікавіць мяне. У 3–1 тысячагодзьдзі да нашай эры гэты рэгіён быў калыскай цывілізацыі, базай, глебай, на якой фармавалася тое людзтва, якое мы бачым цяпер. Акрамя таго гэта быў вельмі разнастайны сьвет, багаты на розныя мовы і культуры, якія кантактавалі паміж сабою. Сучасны Блізкі Ўсход – гэта сьвет, складзены ў вельмі малой ступені з таго старажытнага сьвету, у значнай ступені з рэлігіі, якая прыйшла ў пазьнейшы час, і прынесла свае каштоўнасьці, сваё бачаньне сьвету і нават сваю мову. І ў цяперашнім часе Блізкі Ўсход мае ўсяго пару моваў замест усяго таго багацьця. Мне падабаецца, што апошнія гадоў 15 у розных краінах рэгіёну пачынае абуджацца гістарычная памяць, гістарычная сьвядомасьць, пачынаюць шукаць свае карані...”

Караткевіч: "Гавораць, што Іран і Ізраіль – самыя цывілізаваныя краіны на Блізкім Усходзе. Якое вашае меркаваньне?"

Дубянецкая: "Кожная краіна мае сваю цывілізацыю. Ізраіль адрозьніваецца ад іншых тым, што як дзяржава – гэта новаўтварэньне. У Ізраіль перасяліліся людзі, якія гадаваліся на іншай глебе, якія былі моцна эўрапеізаваныя. Іран мае вельмі глыбокія карані непарыўнай традыцыі. Гэта таксама вельмі цікавая цывілізацыя, якая дала першую буйную монатэічную рэлігію – зораастрызм... Сучасны Іран вельмі моцна адрозьніваецца ад той старажытнай Пэрсіі. Але традыцыі мастацтва, культуры, тонкага адчуваньня сьвету,– яны ёсьць, як і ў іншых краінаў. Ірак цяпер таксама не параўнаць з 8–9 стагоддзямі, калі Эўропа ў параўнаньні зь ім была дзікунскай. Літаратура, мастацтва, паэзія, мэдыцына, астраномія прыходзілі ў Эўропу праз Блізкі Ўсход. А потым сытуацыя памянялася памяняліся цывілізацыйныя прыярытэты і блізкі Ўсход пайшоў сваім шляхам, Эўропа – сваім.

Караткевіч: "Ці можна на Блізкі Усход прынесьці заходнія стандарты цывілізацыі?"

Дубянецкая: "Нічога нельга прынесьці гвалтам, асабліва калі памятаць, што нашая цывілізацыя ідзе сваімі каранямі туды, то трэба ставіцца да гэтага сьвету зь вялікай павагай. У тым ліку да тых традыцыяў, якія застаюцца не навідавоку. Кожны разьвіваецца сваім шляхам і пражывае сваё жыцьцё. Як і чалавек, як і нацыя... Спробы адной цывілізацыі прапанаваць свае каштоўнасьці іншай прыводзяць да супраціўленьня, да канфлікту".

Караткевіч: "Вас не абцяжарвае, што вы адзіная ў Беларусі жанчына-доктарка багаслоўя?"

Дубянецкая: "Я ніколі пра гэта не думаю. Я атрымала тую адукацыю, якую хацела, я раблю тое, што магу, хачу супрацоўнічаць зь як мага большай колькасьцю людзей, якія зацікаўленыя тым, чым і я. Я вельмі ахвотна нясу свае веды іншым, ахвотна вучуся ад іншых".
XS
SM
MD
LG