Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанцы пішуць лісты ў абарону Дашкевіча


Алена Струвэ, Менск Гэтымі днямі брытанцы пачалі пісаць больш паштовак у Беларусь Найбольш папулярныя адрасаты - прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ды міністар унутраных справаў Уладзімір Навумаў.

На ўсіх гэтых паштоўках – партрэт беларускага моладзевага актывіста Зьмітра Дашкевіча ды заклік неадкладна вызваліць яго з-за кратаў. Паштоўка на адрас міністра Навумава выглядае як папяровы жураўлік -арыгамі, другая –на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі –мае чатыры старонкі і больш падобная на віншавальную картку. На ёй напісаныя наступныя словы:

«Спадар прэзыдэнт, я прадстаўнік Аб''яднанага Каралеўства, хачу выказаць сваю заклапочанасьць лёсам вязьня сумленьня Зьмітра Дашкевіча, які пакараны толькі за тое, што мірна адстойваў сваё права на свабоду меркаваньняў і сходаў. Я заклікаю Вас зрабіць ўсё, што ў Вашай ўладзе, каб спыніць перасьлед грамадзянаў, якія напрост ці ўскосна абараняюць правы чалавека».

Паштовую акцыю ў рамках праекту “Make Some Noise” (“Зрабі крыху шуму”) праводзіць праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Сярод тых, хто ўжо накіраваў паштоўкі ў Менск, беларуска-брытанская сям''я Элы і Джыма Дынглі. Пра акцыю ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча сужэнцы даведаліся на адной з апошніх імпрэзаў у лёнданскай штаб-кватэры Amnesty International. Паводле Элы Дынглі, на імпрэзу, прысьвечаную беларускай сытуацыі, прыйшлі прыкладна 250 чалавек. Усе ўдзельнікі, пераважана ангельцы, падтрымалі праект “Make Some Noise”.

«Вельмі цікавая імпрэза. Прыйшлі людзі, якім Беларусь неабыякавая. якія возяць туды гуманітарную дапамогу, ладзяць розныя праекты. Дарэчы, Amnesty International вабіць многіх тым, што яна не становіцца на чыйсьці палітычны бок, а адстойвае асноўныя правы чалавека, напрыклад, права на свабоду слова, свабоду меркаваньня. Гэтае меркаваньне можа многім не падабацца, аднак чалавек мае на яго права, перакананыя ў арганізацыі. Многія вядомыя ў нас людзі лічаць прэстыжным ахвяраваць сродкі ў падтрымку «Амністыі». Дарэчы, у фае арганізацыі можна ўбачыць партрэты тых, хто падтрымлівае яе праекты. Гэта Элтан Джон, Мадона, многія іншыя», кажа Эла Дынглі.

«Эўрапейцы мусяць адкрыць вочы на сытуацыю ў Беларусі - краіне, дзе апазыцыя сустракае гвалт з боку рэжыму, а грамадзянскіх актывістаў арыштоўваюць», лічаць у Amnesty International. Сярод удзельнікаў “Make Some Noise” вядомыя ў сьвеце гурты і выканаўцы.

“Я б не назваў сваім сябрам ніводнага з тых, хто не падтрымаў праект Amnesty International у абарону палітзьняволеных”, кажа музыка гурту The Cure.

Пару год таму The Cure ды іншыя вядомыя гурты й выканаўцы атрымалі права ад ўдавы Джона Ленана Ёкі Она запісаць трэкі зь песьнямі яе мужа. Акцыя была прысьвечаная вызваленьню Юрыя Бандажэўскага ды ўсіх палітвязьняў у сьвеце. Сёньня “Make Some Noise” нагадвае пра іншых несправядліва пакараных у Беларусі.

“Мы павінны гучна выказацца за гэтых людзей, бо самі яны ня маюць такой магчымасьці”, - кажа маладая канадыйская сьпявачка Audrey de Montigny і працягвае: “Я маю гонар сьпяваць для гэтых людзей песьню Ленана “Love”, таму што каханьне ёсьць таксама правам чалавека”, гаворыць Audrey de Montigny.
XS
SM
MD
LG