Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс дэмакратычных сілаў можа адбыцца ў траўні?


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску адбываецца паседжаньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Галоўная мэта — дасягнуць кампрамісу наконт правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Напярэдадні паседжаньня наша карэспандэнтка гутарыла зь лідэрамі апазыцыйных партыяў і ўдзельнікамі Палітрады.

“Наша кампрамісная прапанова — травень”

Дагэтуль ня вызначаная дата правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Пры гэтым большасьць удзельнікаў Палітычнай рады перакананая, што кангрэс неабходна правесьці да лета, пакуль не пачаўся мёртвы сэзон.

Гаворыць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

В.Вячорка: “Кангрэс мусіць адбыцца тады, калі папярэднія пагадненьні будуць дасягнутыя”.
“У нашай кампраміснай прапанове застаецца травень. Мне здаецца, ён пакуль што застаецца рэальным тэрмінам. У нас пазыцыя нязьменная. Мы лічым, што Кангрэс павінен адбыцца пры ўдзеле ўсіх асноўных сілаў і пры ўмове папярэдняй згоды — і пра дакумэнты стратэгічнага і тактычнага характару, і пра арганізацыйна-кадравыя рашэньні. Такія рашэньні павінны выносіцца на Кангрэс пакетна. Кангрэс мусіць адбыцца тады, калі папярэднія пагадненьні будуць дасягнутыя”.

“Колькі варыянтаў кампрамісу мы прапаноўвалі...”

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” настойваюць на ранейшай пазыцыі — што Кангрэс трэба правесьці 21—22 красавіка.

Гаворыць адзін зь лідэраў партыі Анатоль Ляўковіч:

А.Ляўковіч: “Чамусьці бок, які прадстаўляе сп. Мілінкевіч, не задавальняе ніводзін варыянт кампрамісу”.
“Мы прымалі рашэньне ўжо другі раз наконт 21—22 красавіка. Колькі варыянтаў кампрамісу мы прапаноўвалі... Але, на жаль, чамусьці бок, які прадстаўляе спадар Мілінкевіч, не задавальняе ніводзін варыянт кампрамісу. Мы лічым гэтую пазыцыю не зусім прымальнай, таму што кампрамісам павінен быць кампраміс”.

“Сёньня нас аб’ядноўвае пазытыўная альтэрнатыва”

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што Кангрэс трэба было правесьці яшчэ год таму, адразу пасьля прэзыдэнцкай кампаніі.

АГП прапаноўвала тады падвесьці вынікі й выпрацаваць стратэгію і плян дзеяньняў.

А.Лябедзька: “Мы — за Кангрэс, за тое, каб ён праводзіўся як стала дзейны”.
“Мы — за Кангрэс, за тое, каб ён праводзіўся як стала дзейны. За тое, каб, мажліва, мы праводзілі дзьве сэсіі. Трэба дзейнічаць паводле прынцыпу: аб’ядноўвацца вакол таго, што аб’ядноўвае.

І калі сёньня нас аб’ядноўвае пазытыўная альтэрнатыва, зь якой мы выходзім да людзей, то і Кангрэс патрэбна праводзіць паводле гэтай павесткі дня. Магчыма, на наступны год перанесьці нейкія кадравыя пытаньні, уключна з вылучэньнем дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты”, — гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

“Ня ўсе суб’екты дэмсілаў маюць намер супольна працаваць”

Калі зыходзіць зь цяперашніх рэаліяў, то найбольш праўдападобна, што Кангрэс пройдзе 12—13 траўня, перакананы лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін:

С.Калякін: “Калі Кангрэс будзе перанесены на восень, то значыць, што ўсё лета і ўсю вясну мы ня зможам рэалізоўваць сваіх плянаў”.
“Мы бачым, што Кангрэс проста неабходны, бо інакш дэмакратычныя сілы ня змогуць супольна працаваць. Іншая рэч, што, можа, ня ўсе суб’екты дэмакратычных сілаў маюць такі намер.

Тады тыя, хто маюць такую палітычную волю, павінны правесьці гэты Кангрэс, які вызначыць, хто будзе аб’яднанымі ў дэмакратычных сілах, а хто будзе працаваць паводле ўласнага пляну.

А калі Кангрэс будзе перанесены на восень, то значыць, што ўсё лета і ўсю вясну мы ня зможам рэалізоўваць сваіх плянаў, бо мы ня будзем мець ані зацьверджанай альтэрнатывы, ані зацьверджанай стратэгіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG