Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Карпенка: «Ня веру, што ўжо прайшло 8 гадоў»


Уладзімер Глод, Менск 8 год таму, раніцай 6 красавіка 1999 году, памёр Генадзь Карпенка – вядомы апазыцыйны палітык, на той час намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету двух скліканьняў – 12-га і 13-га (ад 1990 да 1996 году). Прычым, у 13-м скліканьні Генадзь Карпенка зьяўляўся намесьнікам кіраўніка парлямэнту. Жонка і дзеці апазыцыйнага палітыка з прычыны перасьледу з боку ўлады змушаны былі зьехаць у Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў.

Удава Генадзя Карпенкі, Людміла Піліпаўна, стала жыве ў нямецкім горадзе Эсьлінгэн. Але сёньня я знайшоў яе па мабільным тэлефоне ў іншым горадзе Нямеччыны – Ахене. Там жывуць і вучацца яе сын Зьміцер з жонкай Вольгай, гадуючы чатырохгадовую дачушку Верачку. Туды ж з Франкфурту гэтым днём прыехалі й дачка Карпенак Тацяна з мужам Андрэем і васьмігадовай Насьцяй.

Чаму ўсе сабраліся менавіта ў Ахене? – цікаўляюся ў Людмілы Піліпаўны. Яна патлумачвае: тут нядаўна адкрылі праваслаўную царкву:

«Мне Воля сказала, што тут пачала працаваць царква. І мы сёньня пойдзем туды: там будзе служба. Я вельмі хачу туды схадзіць. Мы прыехалі сюды ўчора, каб у гэты дзень быць усім разам».

Людміла Піліпаўна вельмі перажывае, што сёньня ўпершыню ля магілы мужа ня будзе кветак асабіста ад яе. Раней штогод у гэты дзень кветкі куплялі і прыносілі на могілкі яе сваякі.

«Ніхто ад мяне там нават кветачкі не пакладзе. Раней неяк атрымлівалася. Час праходзіць, адносіны іншыя робяцца».



Аднак, і гэта засьведчана фатаздымкам на сайце нашага радыё, сёньня ля помніка Генадзю Карпенку шмат кветак: ад родных і сяброў. Кветкі прывезьлі нават з Маладэчна, дзе спадар Карпенка некалькі гадоў узначальваў гарвыканкам.

Магілы Генадзя Карпенкі і яго бацькі, пахаванага побач, добра дагледжаны. Гэта справа рук Веры Міхайлаўны – маці Генадзя Карпенкі, якой ужо 84 гады. Але яна вельмі бадзёрая і рухавая:

«Яна – аптымістка. Ёй яшчэ й пазайздросьціць можна. Яна нам сказала: «Буду жыць, пакуль вы ня вернецеся». А мне вельмі-вельмі хочацца вярнуцца. Асабліва сёньня. Хочацца на магілу схадзіць. Сёньня ўсю ноч ня спала. Раніцай устала, і, канечна, сумотна». Людміла Карпенка гаворыць, што яна па-ранейшаму не працуе, прыглядае за ўнучкай:

«Насьценька ўжо ў другую клясу ходзіць. І добра вучыцца. А тэсты (гэта – як у нас кантрольныя) нават лепш за немцаў піша. Беларускай мовы яна ня ведае, бо практычна ніхто зь ёй не размаўляе па-беларуску. А расейскай мовай яна займаецца са мной гадзіну на тыдзень, каб магла ня толькі чытаць ды разумець, але й пісаць. А Верачцы чатыры гады было 8 сакавіка. І вось яны гуляюць сёньня разам. І я чую, як між сабой размаўляюць па-нямецку».

Удава Генадзя Карпенкі ўзначальвае «Офіс Грамадзкага абвінаваўцы ў справах Беларусі». Але апошнім часам пра дзейнасьць офісу нічога не чуваць. Чаму? Спадарыня Карпенка скардзіцца на сваіх беларускіх памочнікаў:

«Мабыць, слабыя трапіліся людзі, якія многа паабяцалі і амаль нічога не зрабілі. Яны пакрыўдзіліся. Хаця ў мяне была на самым пачатку ўмова: калі сур’ёзна, – я гатова падтрымаць. Калі ж не – дык я супраць таго, каб толькі, як кажуць, пракрычаць”.

Генадзь Карпенка рыхтаваўся да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году і, на думку многіх, мог стаць рэальнай альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку. Аднак раптоўная сьмерць апазыцыянэра, якому на той час ня было й 50 гадоў, перакрэсьліла такую магчымасьць.

Сябры Генадзя Карпенкі лічаць ягоную сьмерць загадкавай. І ставяць яе ў адзін шэраг з трагічным лёсам Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.
XS
SM
MD
LG