Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі палітычны крызіс: хроніка падзей


Валер Каліноўскі, Прага Прэзыдэнт Віктар Юшчанка учора ўвечары падпісаў указ аб роспуску Вярхоўнай Рады і правядзеньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў. Урад і парлямэнт не прызналі гэты ўказ, што выклікала востры палітычны крызіс.

Віктар Юшчанка абгрунтаваў сваё рашэньне пра роспуск парлямэнту парушэньнем парадку фармаваньня ўрадавай кааліцыі і прызначыў датэрміновыя выбары на 27 траўня.



“Я заклікаю украінскі народ зрабіць адказны сьвядомы і справядлівы выбар, які завершыць этап палітычных інтрыг і адкрые новую пэрспэктыву для Украіны”.

У той жа вечар Вярхоўная Рада правяла тэрміновае паседжаньне, на якім заявіла пра незаконнасьць указу прэзыдэнта, адмовілася яго выконваць, забараніла ўраду фінансаваць выбары і адначасова замяніла склад Цэнтрвыбаркаму, вярнуўшы на пасаду былога старшыню ЦВК Сяргея Ківалава, які праводзіў прэзыдэнцкія выбары 2004 году, што былі прызнаныя Вярхоўным судом сфальшаванымі.

На экстранным начным паседжаньні Кабінэт міністраў Украіны таксама адмовіўся выконваць указ аб датэрміновых выбарах парлямэнту і фінансаваць выбары. Супраць такой пастановы прагаласавалі толькі міністры абароны і замежных справаў, прызначаныя ва ўрад па квоце прэзыдэнта.

Пры гэтым міністар абароны Анатоль Грыцэнка заявіў, што будзе выконваць загады толькі галоўнакамандуючага – прэзыдэнта Юшчанкі.

“Указ трэба выконваць, гэта рашэньне кіраўніка дзяржавы. Што да Узброеных сіл, то яны зараз знаходзяцца ў месцах сталай дыслякацыі, нікуды не выводзяцца, я хачу абвергнуць інфармацыю, што якісьці танкавыя дывізіі недзе рухаюцца”.

Урадавая і парлямэнцкая газэты адмовіліся друкаваць указ Юшчанкі аб роспуску парлямэнту, ён быў апублікаваны толькі ў “Прэзыдэнцкім весьніку”.

Сёньня раніцай Вярхоўная Рада прадоўжыла працу, нягледзячы на тое, што на думку Сакратарыяту прэзыдэнта, указ пра яе роспуск уступіў у сілу. Вярхоўная Рада і прэм’ер Віктар Януковіч зьвярнуліся да народу Украіны з тлумачэньнем , патлумачыўшы сваю пазыцыю. Віктар Януковіч выступіў перад сваімі прыхільнікамі, якія сабраліся ля будынку Вярхоўнай Рады.

“Мы зробім усё, каб пераканаць прэзыдэнта Украіны скасаваць свой указ, калі ён гэтага не зробіць, то я думаю, што ў гэтым выпадку немінучымі не толькі парлямэнцкія выбары, але і прэзыдэнцкія”.

Юлія Цімашэнка заклікала сваіх прыхільнікаў не выходзіць на плошчы, паколькі сваё стаўленьне да Вярхоўнай Рады яны выказалі ў мінулую суботу, калі на Майдане незалежнасьці сабралася да 100 тысяч чалавек. БЮТ і прапрэзыдэнцкая партыя “Наша Украіна” ужо стварылі перадвыбарчыя штабы і пачалі выбарчую кампанію.

Сёньня ў Сакратарыяце прэзыдэнта Украіны адбылася сустрэча Віктара Юшчанкі з прэм’ерам Віктарам Януковічам. Юшчанка заявіў кіраўніку ўраду, што Кабінэт міністраў не зьяўляецца палітычнай сілай і абавязаны фінансаваць пазачарговыя выбары парлямэнту.

Сёньня ж Віктар Юшчанка правёў нараду з прадстаўнікамі сілавых структур і загадаў ім зрабіць усё, каб не былі парушаныя канстытуцыйныя правы грамадзян, а ў дзяржаве забясьпечаныя мір і спакой. Генэральнаму пракурору Юшчанка даручыў праверыць законнасьць ухваленых мінулай начы пастаноў Вярхоўнай Рады.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Украіны Міхаіл Давыдовіч запэўніў прэзыдэнта Віктара Юшчанку аб гатоўнасьці правесьці датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў вызначыны ім тэрмін – 27 траўня.

Кіраўнік Службы бясьпекі Украіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што здолее забясьпечыць бесперашкодную працу Цэнтрвыбаркаму і іншых выбарчых камісій.

“Любыя спробы зьмяніць статус альбо колькасьць альбо іншым чынам незаконна паўплываць на ЦВК Украіны мы расцэньваем як перашкоду і пасягальніцтва на канстытуцыйны лад дзяржавы”.

Міліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым працы. У Кіеў ужо прыбыло некалькі дзясяткаў тысяч прыхільнікаў Януковіча і Юшчанкі. Прыхільнікі Януковіча, пераважна з усходніх рэгіёнаў Украіны, пачалі зьбірацца на Майдане незалежнасьці Кіева, дзе ў 2004 годзе стаялі прыхільнікі аранжавых. 24 кіраўніка абласных адміністрацый Украіны падтрымалі ўказ Юшчанкі. Не падтрымалі толькі мэры Кіева і Севастопалю і кіраўнік ураду Крыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG