Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына: разбураецца палац графа Валовіча


Радыё Свабода Помнік архітэктуры ХVІІІ стагодзьдзя, палацава-паркавы комплекс Сьвяцак, які належаў вядомаму беларускаму роду Валовічаў, разбураецца. Палац знаходзіцца за 15 кілямэтраў ад Горадні. Не ратуе яго й блізкасьць да турыстычнай зоны, Аўгустоўскага каналу. Палац двойчы выстаўлялі на аўкцыён, але так і не прадалі.

Ужо больш як паўтара году таму з палацу ў Сьвяцку выселілі санаторый для хворых на сухоты і перадалі помнік на балянс Гарадзенскага райвыканкаму.

У будынку надалей застаецца толькі былы галоўны лекар Тэрэза Геда, якая цяпер працуе загадчыцай гаспадаркі, а таксама тры вартаўнікі.



Два гады палац не ацяпляецца, дзе-нідзе няма шыбаў, прагніў бляшаны дах, сьцены будынку абвальваюцца.



Стаю пасярод вялікай халоднай і пустой залі, дзе некалі Валовічы прымалі гасьцей.



Геда: “Рэха якое, акустыка...”

Карэспандэнт: “Падобна, што некалькі камінаў усё ж захавалася...”

Геда: “Гэта ўсё засталося з ХVІІІ стагодзьдзя: столі, каміны, люстра. Хіба цяпер хто-небудзь зробіць такое, каб дзьвесьце пяцьдзясят гадоў прастаяла й надалей заставалася…”

У палацы засталася адзіная невялікая заля, якая нагадвае час графоў Валовічаў, але яна таксама пачала занепадаць. Кажа спадарыня Геда:

Геда: “Можна сказаць, што заля ў крытычным стане таксама, пачалі развальвацца столі, пачаў крышыцца камін — карацей, стан мізэрны”.

“20 гадоў таму рэстаўрацыя была зробленая нікчэмная”

Гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў апавядае, што апошняя рэстаўрацыя палацу была дваццаць гадоў таму, але зрабілі яе абы-як:

Трусаў: “Вынік мы цяпер бачым. Рэстаўрацыя была зробленая ня тое што паводле эўрапэйскіх стандартаў, нават паводле савецкіх — нікчэмная. Няма бляхі цынкаванай, а толькі пафарбаваная, якая і паржавела. Няма нават нармальнай тынкоўкі й фарбы, і ніколі не было”.

У 2003-м, калі ўжо плянавалася аднаўленьне Аўгустоўскага каналу, са словаў спадара Трусава, мясцовым уладам параілі давесьці да ладу і палац у Сьвяцку, аднак гэтага не адбылося.

“У межах Аўгустоўскага каналу помніка такога ўзроўню папросту няма”

Ігар Трусаў лічыць, што палац можна ўпарадкаваць, калі сабраць сродкі на рэстаўрацыю з розных крыніцаў:

Трусаў: “Грошы прыходзяць з розных крыніцаў, таму маглі б зрабіць і картэль міжнародны, каб адрэстаўраваць хаця б гэты будынак. Праўду кажучы, у межах Аўгустоўскага каналу помніка такога ўзроўню папросту няма”.

Намесьнік старшыні Гарадзенскага райвыканкаму Валеры Клімовіч ведае пра стан палацу ў Сьвяцку, але сказаць нечага канкрэтнага на гэты конт ня можа:

Клімовіч: “Я ж кажу, мы працуем у гэтым кірунку, але пакуль ня ўсё атрымліваецца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG