Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці хацелі б Вы распачаць уласны бізнэс?


Галіна Абакунчык, Менск Гэтае пытаньне задавала мінакам на вуліцах Менску наша карэспандэнтка.

Спадар: “Гэта добрая справа, я “за”. Можа, лепш будзем жыць”.

Малады спадар: “Канечне, хацелі б распачаць. Чаму? Гэта тая праца, якая будзе прыносіць асалоду, па-першае, а па-другое – напэўна, грошы. Але ў нашай краіне гэта цяжка”.

Спадарыня: “Напэўна, я ўжо ў тым узросьце, калі, мабыць, пачынаць ужо цяжкавата. Хацелася б, каб дзеці заняліся бізнэсам. Таму што хочацца, каб дзеці мелі магчымасьць самі пабудаваць кватэру. Мы дзяржаўныя службоўцы, і я адчуваю, што гэта, канечне, вельмі важна”.

Спадар: “Канечне, хацеў бы, каб у нас у Беларусі быў свой прыватны бізнэс, бо гэта і будзе падымаць эканоміку дзяржавы, узровень жыцьця грамадзян нашай дзяржавы. Таму канечне, я “за”.

Дзяўчына: “Хацела б, але я не ўяўляю, як у нашай краіне гэта можна зрабіць. У мяне шмат сяброў гэтым займаюцца, але я ня бачу, каб у іх нешта атрымлівалася, хаця і грошай, і шмат чаго ўклалі ў гэта. Мне здаецца, што законы ў нас дрэнныя, вельмі цяжкія ўмовы для прадпрымальнікаў”.

Спадар: “Асабіста я – не, таму што на гэта патрэбны здольнасьці, прадпрымальніцкая жылка. У мяне такой, здаецца, няма, таму калі нават і пачаць нешта, хутчэй за ўсё, наўрад-ці атрымаецца”.

Карэспандэнтка: “Ці хацелі б Вы распачаць уласны бізнэс?”

Спадарыня: “Я ваеннаслужачая, таму не”.

Спадар: “Не. Узрост мой ужо не дазваляе, і спэцыялізацыя не дазваляе. Мяне цалкам задавальняе выкладчыцкая праца. Дый бізнэс у нас цяпер пакуль... Калі бедны чалавек пачынае атрымліваць капейку, яму хочацца больш і больш, таму амаль усе бізнэсмэны несумленныя ў нас”.

Дзяўчына: “Мара ўсяго майго жыцьця, таму што бізнэс прыбытковы, і можна зарабіць грошы”.

Спадар: “Для таго, каб заняцца сваім бізнэсам, трэба знайсьці нейкую ідэю, якой раней не было. А гэта цяжка. Вось пакуль – у пошуках такой ідэі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG