Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прыцягнуць польскіх турыстаў у Горадню і на Аўгустоўскі канал?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Улады робяць высілкі, каб прывабіць польскіх турыстаў. Прадстаўнікі гарадзенскіх турфірмаў і чыноўнікі наведалі Сувалкі і Аўгустоў. Падпісана дамова аб супрацоўніцтве ў галіне турызму паміж Сувалкскім паветам і Гарадзенскім раёнам. Аднак ні ўлады, ні турфірмы хутчэй за ўсё ня маюць рэальнай надзеі на хуткі турыстычны бум.

Міхаіл Кажура, які адказвае ў аблвыканкаме за разьвіцьцё турызму, гаворыць, што яны зараз хочуць арганізаваць рэклямны тур па Аўгустоўскім канале для польскіх турапэратараў і журналістаў. Днямі тры гарадзенскія фірмы ўдзельнічалі ў турыстычнай выставе ў Беластоку, паказалі фільмы на польскай мове пра Аўгустоўскі канал і Гарадзеншчыну.

Кажура: “У іх ёсьць цікавасьць, яны гатовыя да нас прыяжджаць. Але яны лічаць, што ў дарозе пяць гадзінаў — гэта зашмат. Ехаць жа тут недалёка, але правесьці дзьве гадзіны на мяжы — гэта проста не рэальна для іх”.

Спадар Кажура зазначае, што дэлегацыю гарадзенскіх тураапэратараў і чыноўнікаў прапусьцілі ў Польшчу праз гэтак званы “зялёны калідор”, але ўсё роўна пераезд мяжы ў іх заняў паўтары гадзіны.

Кажура: “Адна праблема — гэта наяўнасьць візавага рэжыму, хаця, наколькі я ведаю, у МЗС знаходзіцца на разглядзе дакумэнт: каб замежны турыст, які знаходзіцца на адпачынку на тэрыторыі Польшчы і Літвы, мог прыехаць наведаць Беларусь бязь візы — пры наяўнасьці беларускага турысцкага ваўчара”.

Спадар Кажура згаджаецца, што праблемай застаюцца і гатэлі: іхні невысокі ўзровень і падвышаныя тарыфы для замежнікаў.

Кіраўнік гарадзенскага агенцтва “Фаварыт” Уладзімер Саўко таксама быў з дэлегацыяй у Польшчы. Ён гаворыць, што любая турфірма зацікаўленая прымаць замежных турыстаў, але прымусіць іх немагчыма.

Саўко: “Вада цячэ туды, дзе няма перашкодаў у любым выпадку: гэта жа і бізнэс, і турысты таксама. Навошта гэта ўсё ім? Толькі рух на ўсход зьвязаны зь межамі, зь візамі”.

Турыстычны аўтобус перасякае мяжу за дзьве-тры гадзіны: кожны шлягбаўм, кожны пункт кантролю — гэта затрымка. Праблемай застаецца й тое, што агульны ўзровень культуры ў нас невысокі, а пачынаецца ўсё зь мяжы. У замежных турыстаў шмат якія рэчы выклікаюць дыскамфорт, падсумоўвае Уладзімір Саўко.

Саўко: “Калі ўзяць адну прыбіральню, адну гасьцініцу — гэта не праблема. гэта можна зрабіць, а далей што? Можа я пэсыміст, але я ня веру ў ідэю Аўгустоўскага каналу. Трэба адкруціць гісторыю назад, карацей, мы зноўку павінны пяцьдзесят гадоў рыхтавацца, каб яго запусьціць паціхеньку. Напэўна так”.

Рэч у тым, што пачынаючы з 1945 году на Аўгустоўскім канале быў рэжым памежнай зоны: уезд для турыстаў быў забаронены, а канал за гэты час цалкам разбурыўся. Летась яго аднавілі, але турыстаў там амаль не бывае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG