Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа – 23 сакавіка


Юлія Шарова, Менск Аблога 23 сакавіка.

Удзельнікі форумаў парталу абмяркоўваюць навіну: у Магадыша зноў падбілі беларускі самалёт.

“Проста нейкая вайна на самалійскай мяжы. Канкурэнты ў продажы зброі дзеляць рынак…”

“Вось гэта і ёсьць рэаліі сучасных міжнародных кантактаў Беларусі. Трэба лятаць і дачыняцца з нармальнымі краінамі, а не з папуасамі гандляваць за 3 капейкі”.

“Там таксама правадыр сядзіць, толькі з базукай, і яму не падабаецца, калі па ягонай тэрыторыі лятаюць без узгадненьня”.

Антыкілер вывесіў афішу канцэрту “За незалежную Беларусь!”, які дзяржава мае зладзіць 25 сакавіка. У афішы пазначана, што канцэрт адбудзецца а 12.00 на Кастрычніцкай плошчы. Сам Антыкілер ня можа паверыць у праўдзівасьці гэтай афішы.

Petrа_leleka зьвяртаецца да чальцоў інтэрнэт-суполкі з просьбай падарыць свабоду палітвязьню Дзянісу Дзянісаву. “Ёсьць магчымасьць вызваліць Дзяніса пад заклад. Патрэбныя 7,5 тысячаў даляраў. Немагчымая сума для сяброў-бацькоў, але ня гэтулькі вялікая для арганізацыяў, як мне падавалася. Відаць, я памылілася. “Вясна” адмовілася дапамагчы з закладам нават часткова, праўда, прапанавала дапамогу ў зборы перадачаў… Вядомыя палітыкі апазыцыі афіцыйна заявілі, што не дадуць нічога. Даўшы ад сябе невялікую капейчыну, але й за гэта дзякуй. Нягледзячы ні на што, ужо сабрана 1/5 патрэбных сродкаў. І вось падумала я, дарагія "мінскаеўцы". Бо ж у нашай суполцы нас ужо каля трох тысячаў. І нават калі толькі палова скінецца па пяць даляраў (два квіткі ў кіно!!!), мы выцягнем чалавека на свабоду. У кожнага з нас ёсьць магчымасьць ахвяраваць адным паходам зь дзяўчынай на новы фільм і зрабіць рэальную справу, даць свабоду палітвязьню! І да таго ж, заклад потым вяртаецца. То бок, у кіно вы ўсё адно трапіце на тыя ж грошы, толькі пазьней”.

Блогер пакідае ў сваім дзёньніку такую зацемку: “Камэнтуючы заяву Паўла Лёгкага, які прэсавы сакратар у самога Аляксандра Рыгоравіча, пра тое, што беларускія законы не забараняюць Аляксандру Рыгаравічу ўзначальваць расейскую партыю, хачу адзначыць некалькі момантаў. Па-першае, сам гэты факт, калі Аляксандар Рыгоравіч можа ўзначаліць расейскую патрыятычную арганізацыю, набліжае народ нашай краіны да ажыцьцяўленьня беларускай мары: “Лукашэнка – у Крэмль, Беларусь – у НАТО”. Па-другое, гістарычна так ужо было. Вы не паверыце, але адзін і той самы чалавек быў некаторы час прэзыдэнтам Коста-Рыкі, а потым удзячныя грамадзяне Гандураса таксама захацелі бачыць яго сваім прэзыдэнтам. Па-трэцяе, на ўсе галашэньні, што Беларусь страціць вартага сына, мы зь вялікай перавагай абярэм сабе на галаву Віктара Аляксандравіча Лукашэнку. Каб ведалі…”

А нехта Там-Там на сайце блогаў піша пра тое, што даўно насьпела неабходнасьць стварыць жаночыя майткі й маечкі на брэтэльках з лягатыпам кампаніі “За Свабоду”. Са словаў Там-Там, у часе палітычных кампаніяў вырабляюцца пераважна майкі-унісэкс вялікіх памераў, а гэта ў пэўнай ступені абмяжоўвае. Між тым, амэрыканскія беларусы ўжо даўно паставілі на паток вытворчасьць вопраткі з лягатыпам “За Свабоду”, і ў ўжо можна замовіць майткі-стрыгні зь бела-чырвона-белай эмблемай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG