Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данута Бічэль: “Дзень, які прынес нам надзею”


Радыё Свабода 25 сакавіка, дзень утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, стаў для дэмакратычна настроеных беларусаў адным з галоўных сьвятаў — Днём Волі. Якое стаўленьне вядомых асобаў да гэтай даты?

Паэтка Данута Бічэль з Горадні гаворыць, што для яе 25 сакавіка — дзень надзвычайны:

“Гэта — сьвята нашай радзімы. Гэта дзень, які прынес нам надзею. Гэта дзень, які ў нас яшчэ наперадзе як вялікае сьвята, і гэта дзень, які павінен нас некалі аб’яднаць як народ, як нацыю.

25 сакавіка нарадзілася мая любімая і адзіная сястра Рэня. І так хораша аб’ядналася гэта.

Я каталічка, а 25 сакавіка — гэта Дабравешчаньне. Я ня ведаю, як гэта так выйшла гістарычна, што нашы продкі, нашы палітыкі абвясьцілі незалежнасьць, абвясьцілі Беларускую Народную Рэспубліку ў дзень, калі архангел Габрыель аб’явіў Марыі, што яна выбраная на маці Сына Божага. Мне падаецца гэта вельмі сымбалічным. І таму ў нас ёсьць надзея, што мы застанемся. Бог з намі! Бог нас абароніць”.

Старшыня Фонду спрыяньня рэгіянальнаму разьвіцьцю, былы народны дэпутат СССР Віктар Карняенка расказвае, што менавіта дата 25 сакавіка падштурхнула яго да вывучэньня гісторыі Беларусі:

“Для мяне гэта дзень салідарнасьці патрыётаў Беларусі. І я абавязкова заўжды яго сьвяткую. Мне гэты дзень даў таксама падставу разабрацца ў гісторыі Беларусі. У гэтым сэнсе, я думаю, што я такі не адзін. Шмат хто пачаў задумвацца над гісторыяй Беларусі дзякуючы таму, што зрабілі 25 сакавіка”.

Старшыня Асамблеі дэмакратычных дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі Леанід Гаравы таксама лічыць 25 сакавіка сьвяточным днём:

“Гэта — нацыянальнае сьвята. Гэта дзень утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень, калі была адроджаная наша незалежнасьць. Бяз гэтага дня не было б ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь. Для мяне гэта сьвята!”

Старшыня віцебскай арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко падкрэсьлівае адметнасьць гэтай даты:

“Як гэта сказаць прыгажэй? Няхай будзе — Дзень жыцьця Беларусі. 25 сакавіка — Дзень Волі, дзень незалежнасьці, дзень, на які мы ўсе павінны працаваць. Стаўленьне да гэтага дня выяўляе нас як грамадзянаў. Дзень, які канцэнтруе нашу адвечную мару пра сапраўдную Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG