Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уга Чавэс сустрэўся зь Віктарам Шэйманам


Радыё Свабода. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс прыняў у сераду ў Каракасе дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі Віктара Шэймана.

У афіцыйным паведамленьні вэнэсуэльскага ўраду па выніках сустрэчы зазначаецца, што абмяркоўвалася праграма супрацоўніцтва дзьвюх краін ў справе газыфікацыі вэнэсуэльскіх гарадоў, а таксама стварэньня сумеснага прадпрыемства па зборцы беларускіх трактароў і грузавікоў.

Пагадненьні на гэты конт маюць быць падпісанымі ў часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Каракас, тэрмін якога не ўдакладняецца.

Як паведамляе агенцтва РИА-Новости, Віктар Шэйман заявіў, што цягам ягонай трохгадзіннай гутаркі з вэнэсуэльскім лідэрам абмяркоўваліся пытаньні рэалізацыі дамоўленасьцяў А. Лукашэнкі і У. Чавэса, дасягнутых у часе леташняга візыту апошняга ў Менск, у прыватнасьці, у галіне энэргетыкі, сельскай гаспадаркі і прамысловасьці.

Беларускі ўрад выказвае зацікаўленасьць у здабычы нафты ў Вэнэсуэле. Плянуецца, што бліжэйшым часам Беларусі будуць выдзеленыя ўчасткі для здабычы 10 мільёнаў тон нафты ў басэйне ракі Арынока.

Візыт ўрадавай беларускай дэлегацыі на чале з В. Шэйманам ў Каракас будзе доўжыцца да 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG