Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстрадная зорка з Кіргізстану – беларуска Юлія Руцкая


Тацяна Поклад, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа” (эфір 20 лютага 2007 г.).

Імя беларускі Юліі Руцкай вядомае ў Кіргізстане, яна папулярная эстрадная сьпявачка, а яе апошні кліп прэса называе найлепшым у краіне.

Юлія Руцкая закончыла факультэт міжнародных дачыненьняў Амэрыканскага унівэрсытэту Цэнтральнай Азіі, які знаходзіцца ў Бішкеку. Яе спэцыяльнасьць – палітоляг, яна працавала рэдактарам аднаго з інфармацыйных сайтаў, пазьней стварала і рэдагавала сайт Навінаў авіяцыі Цэнтарльнай Азіі, а цяпер працуе рэдактарам і кансультантам па інфармацыйных тэхналёгіях у адным з міжнародных праектаў у Кіргізстане, удзельнічае ў стварэньні інфармацыйнага сайту для міністэрства фінансаў.

Здавалася б, дзіўная працоўная біяграфія для маладой эстраднай зоркі. Сама Юлія кажа, што дзьве сфэры дзейнасьці спалучаліся ў яе зь дзяцінства. Яна скончыла музычную школу на выдатна па клясу фартэпіяна, ды і маці Юліі – піяністка, выкладчыца музыкі. І для Юліі было натуральным пасьля паступленьня ва унівэрсытэт пачаць займацца вакалам – вучылася яна ў вядомага опэрнага сьпявака, народнага артыста СССР Хусэйна Мухтарава.

На сваім самым першым музычным конкурсе – міжнародным конкурсе кіргіскіх песен у Кіргізстане у 2002 годзе Юлія Руцкая заняла першае месца.

Руцкая: “Напэўна гэта дало мне штуршок для далейшых выступаў. Я зразумела, што гэта сапраўдная вялікая школа, дзе даведваешся пра сябе з новага, з іншага боку, параўноўваеш сябе з іншымі выканаўцамі, аналізуеш, вучышся. І я паспрабавала сябе ў іншым конкурсе, за межамі Кіргізстану, – я брала ўдзел у Славянскім базары ў Віцебску ў 2004-м, стала дыпляманткай гэтага конкурсу”.

Тады прэса адзначала, што беларуска прадстаўляе Кіргізстан на Славянскім базары. Юлія сьпявала песьню на кіргіскай мове, а таксама “Мой родны кут” па-беларуску.



Дзьве прафэсіі

Як тут не спытаць – а ці не замінае адно аднаму?

Руцкая: “Многія пра гэта пытаюцца. Скажу праўду – пакуль зусім не замінае адно аднаму. Адно што мала часу застаецца – удзень я на працы, у перапынках на абед і ўвечары – на здымках, альбо запісваюся, альбо на канцэртах, а калі не – то на рэпэтыцыях. Але я раблю дзьве свае самыя улюбёныя справы. І я цешуся, што ў мяне атрымліваецца”.

Юлія кажа, што калегі па працы цешацца яе посьпехам і падтрымліваюць маральна ў часе адказных імпрэзаў, што таксама дапамагае спалучаць абедзьве справы.

Руцкая: “Ну, вядома, калі давядзецца рабіць выбар паміж музыкай і працай у офісе, калі нельга будзе гэта спалучаць, я зраблю выбар на карысьць музыкі”.

У Беларусь – пры кожнай магчымасьці

Юлія распавяла мне, што і бацька яе, і ўсе сваякі жывуць у Беларусі, у Менску, у Баранавічах і ў Віцебску, і яна выкарыстоўвае кожную магчымасьць паехаць на радзіму.

Руцкая: “На жаль, няма магчымасьці езьдзіць столькі, колькі хацелася б, бо гэта ня блізка адсюль і дарога шмат часу забірае. І таму не вельмі часта атрымліваецца езьдзіць у Беларусь, недзе раз ці два за год. Вось, напрыклад, езьдзіла выступаць у Маскву год таму, і заехала ў Беларусь. Езьдзіла ў Эстонію выступаць, і таксама заехала ў Беларусь”.



Выбар

У Кіргізстане жыве каля трох тысяч беларусаў, там ёсьць і беларуская суполка “Сьвітанак”. Многія беларусы прыехалі сюды ў часы Савецкага Саюза па накіраваньні на працу, так і бацька Юліі некалі прывёз сюды сваю сям’ю і пяцігадовую дачку. Але пазьней Юлія сама сьвядома зрабіла свой выбар.

Руцкая: “У часы Савецкага Саюзу, калі я была зусім маленькая, мой бацька атрымаў павышэньне і яго перавялі ў Кіргізстан, і мы ўсёй сям’ёй пераехалі. І ад таго часу я дасюль жыву тут.

Так атрымалася, калі ўзьнялося пытаньне пра тое, каб з’ехаць, я ўжо паступала ва унівэрсытэт, у мяне тут было шмат сяброў, шмат добрых, сьветлых успамінаў з майго дзяцінства. Вельмі шмат было плянаў, якія я хацела рэалізаваць менавіта тут, і таму я пайшла паступаць у Амэрыканскі ўнівэрсытэт Цэнтральнай Азіі.

Я на сёньняшні дзень ніколькі не шкадую, што засталася тут і закончыла менавіта гэты ўнівэрсытэт. Калі я вучылася, я пачала сьпяваць. На сёньня ўся мая праца, мая кар’ера, ўсё злучанае з Кіргізстанам.

Хаця складана казаць пра будучыню, як усё будзе, – хто ведае, ці ня так? Магчыма, так жыцьцё складзецца, што я пераеду на сваю сапраўдную радзіму і буду займацца творчасьцю менавіта там. Так што пакуль не хачу рабіць ніякіх прагнозаў, бо на сёньняшні дзень у мяне шмат плянаў тут. Я хачу зрабіць свой першы дыск цалкам на ўсе свае кіргізскія песьні”.

“Адзіная такая на кіргіскай эстрадзе...”

Юлія Руцкая сьпявае на некалькіх мовах, бярэ ўдзел у канцэртах і тэлездымках, фэстывалях, конкурсах за мяжой і ў Кіргізстане як прафэсійная выканаўца.

Руцкая: “Для мяне гэта вельмі важна і з пункту гледжаньня творчасьці, і як мой асабісты ўнёсак у грамадзтва і культуру кіргіскую. Таму што на сёньня я адзіная на кіргіскай эстрадзе сьпявачка славянскага паходжаньня, тым больш адзіная беларуска, якая сьпявае тут па-кіргіску.

І для мяне гэта вялікі гонар адначасова і вялікая адказнасьць. Я цешуся, што я маю такую магчымасьць паказаць кіргіскаму народу, краіне, што славянскія артысты могуць прынесьці новае гучаньне ў кіргіскую музыку. Многія кіргіскія музыканты ды і проста слухачы кажуць, што ў маім выкананьні кіргіскія песьні гучаць іначай. Таму што ў мяне, напэўна, трохі іншае бачаньне кіргіскай музыкі.

Мне кажуць, маё ўспрыйманьне кіргіскай музыкі эўрапейскае, і я дадаю да яе новае, іншае, эўрапейскае гучаньне. І таму я б хацела зьдзейсьніць сваю мару запісаць цэлы альбом песень на кіргіскай мове і зрабіць свой беларускі, эўрапейскі ўнёсак ў кіргіскую культуру”.

Свой першы кліп Юлія Руцкая запісала да песьні Тугальбая Казакова “Jamgyr” – “Дождж”, якая ў Кіргізстане стала хітом. Гэтую песьню можна пачуць у перадачы.



Руцкая: “Першы кліп быў проста кліпам на песьню, а ў мяне была мара зьняць кліп як маленькі фільм. І ў мяне атрымалася гэта. Я там ня толькі сьпявала, але і выконвала ролю, як актрыса. Мне вельмі спадабаўся мой новы досьвед, я спадзяюся, што ў мяне ня раз будзе яшчэ магчымасьць здымацца”.

Новы кліп – як сапраўдны маленькі фільм

Новы кліп Юліі Руцкай зроблены да песьні кіргіскага аўтара Токтогула Імашаўлу “Kyzyl gyul menmin kyzyl gyul” – “Я і ёсьць чырвоная кветка”. Як гучыць гэтая песьня ў выкананьні Юліі Руцкай, можна паслухаць на яе сайце: http://www.yuliarutskaya.com/songs

Прэса, крытыкі называюць новы кліп Юліі Руцкай адным з найлепшых прафэсыйных кліпаў у Кіргізстане. Кіргіскі рэжысэр Азарыё Майнтэгі – вядомы творца, некалькі гадоў ён здымае кліпы для казахскіх зорак у Алма-Аце. Галоўнага героя ў кліпе сыграў знакаміты казахскі актор Тахір Ішмэтаў, – Юлія распавяла, як ён прыязджаў у Бішкек на некалькі дзён, якія выкраіў са свайго шчыльнага графіка адмыслова дзеля здымак яе кліпа. Здымаўся таксама вядомы кіргіскі сьпявак Адыль Чэкілаў, і яшчэ 15 прафэсыйных актораў.

Руцкая: “Падрыхтоўка вялася прыкладна цягам месяцу, а самі здымкі кліпа... Ведаеце, першы працоўны дзень быў з раніцы да васьмі гадзін раніцы наступнага дня. Здымалі дзень і ноч і скончылі раніцай. І пасьля яшчэ адзін дзень былі здымкі ў лімузіне, з коткай. Рэжысэр прыдумаў, што мае быць сабачка ці котка, зь якой сумная гераіня едзе дахаты ў лімузіне...”

Рудая пэрсіцкая котка Ліза была, бадай, галоўнай гераіняй за кадрам – яна драпалася, хацела зьбегчы, усе па чарзе яе супакойвалі, і найбольш ад яе кіпцюроў пацярпеў актор, які выконваў ролю целаахоўніка сьпявачкі. Цяжка было ня толькі котцы.

Руцкая: “І другі дзень былі здымкі ізноў да раніцы. Так напэўна толькі ў Галівудзе здымаюць, ці можа дзе ў Расеі. Насамрэч было трохі цяжка. Асабліва недзе з 12-ці да трох ночы было вельмі цяжка, вельмі хацелася спаць, вытрымалі толькі дзякуючы рэжысэру.

Разумееце, прымусіць працаваць – гэта ня тое. А ён гэтак нас натхніў, што мы і працавалі ад душы, і яшчэ жартавалі і сьмяяліся ўвесь час. У нас была вельмі добрая сяброўская атмасфэра. І нават на прэзэнтацыі кліпа, калі мы сустрэліся ўсе, уся група, і акторы, і тэхнікі, ведаеце, мы сустрэліся як сваякі, быццам мы з адной сям’і.

Я так рада, што мне удалося сабраць для кліпа столькі таленавітых і прыгожых і зьнешне, і ўнутрана людзей, дзякуючы гэтаму працаваць было ня так цяжка, як здавалася б...”

Юлія ўжо атрымала на гэты кліп замовы ад усіх кіргіскіх тэлеканалаў.

Руцкая: “Я думаю, што я вельмі шчасьлівая. Здымкі менавіта такога кліпа, з такімі людзьмі і з такім рэжысэрам – гэта была мая мара. І я вельмі цешуся. Я магу сказаць, што я шчасьлівая”.



Кіргіская мова

Юлія вылучаецца зь ліку іншых эстрадных сьпявачак некіргіскага паходжаньня, – яна беларуска, славянка, і сьпявае кіргіскія песьні. Юлія кажа, што дзякуючы ёй нават тыя, хто ня ведае кіргіскай мовы, пачалі цікавіцца кіргіскай музыкай. Яна адчувае сябе стваральнікам культурнага сынтэзу, які спрыяе паразуменьню і ўзбагачае жыцьцё.

Руцкая: “Атрымалася так, што я пачынала вывучаць кіргіскую мову ў сваім унівэрсытэце, у Амэрыканскім унівэрсытэце Цэнтральнай Азіі. Я вывучала кіргіскую мову там каля двух гадоў. Спачатку вывучыла мову, пасьля пачала на ёй сьпяваць. У мяне вельмі шмат сябровак, сяброў з кіргізаў. Гэта цудоўныя, вельмі гасьцінныя, вельмі дабразычлівыя людзі. Мне пашанцавала, што я ведаю і цеплыню і шчодрасьць беларускай культуры, беларускага народа, і культуру кіргіскага народа. Ведаеце, для мяне гэта быў гонар – пачуць ад кіргізаў і беларусаў, што я здолела ў сабе злучыць гэтыя дзьве культуры. Я нарадзілася ў Беларусі, усе мае карані ў Беларусі. І я рада, што да майго сталеньня і фармаваньня далучыліся, я веру, найлепшыя рысы абедзьвух культураў, і ўсходні бок, і эўрапейскі, заходні”.

Удзячная Беларусі

Юлія заўсёды падкрэсьлівае, што па паходжаньні яна беларуска. Калі яна выступае на фэстывалях і конкурсах, прэса адзначае, што Кіргізстан прадстаўляе беларуска. Яна распавяла мне, як было ёй прыемна, калі ў інтэрнэце на адным з форумаў сайту probelarus.ru ў сьпісе выбітных беларусаў за мяжой яна знайшла і інфармацыю пра сябе з фотаздымкам і кароткай біяграфіяй. Яна адчувае сябе беларускай і таму, кажа Юлія, ёй прыемная дапамога і ўвага да яе з боку беларускай амбасады ў Кіргізіі.

Руцкая: “Я адчувала ад беларускай амбасады маральную падтрымку ў часе падрыхтоўкі да Славянскага базара. У мяне добрыя, сяброўскія дачыненьні зь беларускай амбасадай. На маю апошнюю прэзэнтацыю новага кліпа я запрасіла іх, і мне было прыемна, што яны знайшлі час і прыйшлі, і прадстаўніца беларускай амбасады сказала цёплыя словы ў мой адрас. Мне было так прыемна, што яна сказала пра мяне ня проста як пра чалавека, музыканта, сьпявачку, а менавіта як пра беларуску, прадстаўніцу беларускага народу ў Кіргізстане. Я ўдзячная ім, прадстаўнікам Беларусі тут, за цёплыя словы, за падтрымку. І ранейшаму амбасадару Беларусі ў Кіргізіі я вельмі ўдзячная за ўвагу. Я адчуваю, што яны сочаць за маімі посьпехамі, за інфармацыяй у прэсе пра мяне, і мне гэта ўдвая прыемна, таму што яны для мяне – прадстаўнікі маёй сапраўднай радзімы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG