Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адноўлены выхад незалежнага тыднёвіка “Новы час”


Валянціна Аксак, Менск Пасьля гадавога перапынку адноўлены выхад недзяржаўнага тыднёвіка “Новы час”. Гэта выданьне, заснаванае Менскай гарадзкой арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны пяць гадоў таму.

“Новы час” быў зарэгістраваны 25 сакавіка 2002 году і да 2006 году выйшла 45 ягоных нумароў. Летась у сувязі са зьменамі ў заканадаўстве грамадзкая арганізацыя страціла права быць выдаўцом і мусіла стварыць дзеля гэтага адмысловую гаспадарчую структуру, сама застаўшыся толькі заснавальнікам.

Вырашэньне гэтых праблем расьцягнулася больш як на год. Цяпер, спадзяецца старшыня сталічнае арганізацыі ТБМ і галоўны рэдактар газэты “Алена Анісім”, “Новы час” будзе трапляць да чытача кожны тыдзень:

– Пастараемся наладзіць, каб яна стала рэгулярным штотыднёвым выданьнем.

Хаця рабіць гэта будзе ня так проста, бо сродкаў дзеля стварэньня сталага прафэсійнага рэдакцыйнага калектыву ў тыднёвіка няма і першы сёлетні нумар зроблены энтузіястамі, ня ўсе імёны якіх галоўны рэдактар хоча называць. “Але ўжо ёсьць і старыя кадры і кадры, якія працавалі ў іншых выданьнях. Такім чынам у нас цяпер такі кааліцыйны калектыў”, — зазначае спадарыня Анісім.

“Новы час” не акрэсьлівае ў зьмесьце сваіх публікацый нейкую адну сфэру грамадзкага жыцьця краіны, а зьбіраецца пісаць пра ўсе важныя падзеі, – зазначае галоўны рэдактар. – Усё ж такі ў нас ня так багата на сёньня беларускамоўных выданьняў, тым больш незалежных, якія маглі б проста асьвятляць жыцьцё ўнутры Беларусі, адчуць рытм, пульс гэтага жыцьця”.

Адноўлены тыднёвік ня мае пакуль сваёй падпіскі. Адмовіліся прымаць яго да распаўсюду і прадпрыемствы “Белсаюздруку”. Трапіць да чытача “Новы час”, як і іншыя незалежныя выданьні краіны, – кажа спадарыня Анісім, –можа толькі праз падпіску па пошце і ўласных распаўсюднікаў. У хуткім часе тыднёвік адновіць і сваю інтэрнэтную вэрсію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG