Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ведаю, як адабраць грошы ў карумпаваных чыноўнікаў...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 7 сакавіка 2007 году

На працягу апошніх месяцаў, калі Беларусь апынулася ў новых эканамічных умовах, у жыцьці многіх людзей адбываюцца істотныя зьмены. Пра гэта нашы слухачы пішуць у сваіх лістах на Свабоду. Сёньняшнюю размову пачну з аднаго з такіх допісаў. Яго аўтар – Уладзімір Новік зь Менску. Ён піша:

“За апошнія два месяцы цэны ў Беларусі (і асабліва ў Менску) падскочылі на ўсё, паводле маіх падлікаў, прыблізна на траціну. Сям’я сына, якая туліцца разам з намі ў цеснай двухпакаёвай кватэры, апошнія дзесяць год зьбірала грошы на ўласнае жытло. Перад Новым годам здавалася, што жаданая сума вось-вось будзе сабрана. Цяпер выяўляецца, што не хапае яшчэ пятнаццаць тысяч даляраў. Гэтыя грошы мы зможам зарабіць і сабраць гады за тры-чатыры (пры ўмове, што цэны на нерухомасьць будуць стаяць на месцы, у што асабіста я ўжо ня веру).

Улада абгрунтоўвае рост цэнаў тым, што трэба неяк кампэнсаваць страты ў выніку раптоўна падаражэлых расейскіх нафты і газу. Але Польшча, Літва, Латвія даўно плацяць за энергарэсурсы значна даражэй, чым Беларусь. Чаму ж у іх усе тавары і нерухомасьць таньней, чым у нас?

Я ведаю, адкуль можна ўзяць грошы і як зрабіць кошт жытла значна ніжэйшым. Дзеля гэтага ня трэба шукаць замежныя рахункі карумпаваных беларускіх чыноўнікаў. Грошы, атрыманыя за кошт хабару, даўно ўкладзеныя тут, у Беларусі. Кожны карумпаваны беларускі чыноўнік (нават ня самы высокапастаўлены) жыве ў элітным доме ў Менску (кошт кватэры – ад 200 000 даляраў) і мае дом у прыгарадзе (кошт – ад паўмільёна даляраў). Няхай Лукашэнка ўвядзе падатак на элітную нерухомасьць – хаця б пяць працэнтаў у год ад рынкавага кошту гэтай нерухомасьці). І ўсе фінансавыя праблемы будуць вырашаны. Карупцыянэры ў такім разе павінны будуць плаціць у бюджэт дзесяткі тысяч даляраў. А нерухомасьць будзе імкліва таньнець”,--

-- напісаў у сваім лісьце на Свабоду Уладзімір Новік зь Менску.

Можа атрымацца, спадар Новік, якраз наадварот: гэты гіпатэтычны падатак справакуе яшчэ большы рост цэнаў на нерухомасьць. Тут трэба мець на ўвазе адну важную акалічнасьць. Законы ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы прыдумваюць, пішуць і прымаюць фактычна адны і тыя ж чыноўнікі – тыя самыя, спадар Новік, супраць якіх вы прапануеце ўвесьці гэты жорсткі падатак. І можаце не сумнявацца, што на момант прыняцьця такога закону ў гэтага чыноўніка будзе сабрана кіпа ўсіх неабходных дакумэнтаў, якія засьведчаць, што трохпавярховы палац у Драздах – насамрэч не палац коштам мільён даляраў, а садовы домік, які належыць цешчы чыноўніка, пабудаваны на яе пэнсію і балянсавы кошт усяго збудаваньня -- пяць тысяч даляраў. А пад драконаўскія падаткі ў выніку падпадзе якая-небудзь рабочая сям’я з Заводскага раёна, якая валодае трохпакаёвай кватэрай у панельным доме, атрыманай у савецкі час пасьля дваццаці год стаяньня ў чарзе. Бо рынкавы кошт такой кватэры ў Менску ўжо дасягнуў ста тысяч даляраў, а даведак пра тое, што гэта ня так, сям’я сабраць ня здолее.

Наш слухач Генадзь Найман зь Менску ў сваім лісьце на Свабоду крытычна выказваецца на адрас апазыцыі. Ён піша:

“Такая апазыцыя ня здольная ажыцьцявіць тое, да чаго імкнецца значная частка грамадства – перамены ў дзяржаве. Мае рацыю Лукашэнка: пры такіх апазыцыянэрах ён можа заставацца пры ўладзе неабмежаваны час. З году у год, ад выбараў да выбараў усё ідзе па наезджанай дарозе, зь нейкай мышынай валтузьнёй замест дзеяньняў. Ствараецца ўражаньне, што нашы лідэры проста ня ведаюць, што з гэтым народам рабіць, куды яго весьці. Памятаеце, як летась пасьля выбараў прывялі людзей на плошчу? А навошта прывялі – ніхто ня ведае. Добра, Казулін выручыў – павёў натоўп на Акрэсьціна. На маю думку, з гэтай уладай трэба змагацца яе ж мэтадамі – рашучасьцю, нахрапістасьцю. Як кажуць, ні кроку назад. Барацьба павінна быць жорсткая і штодзённая. Падобную лінію спрабаваў весьці Казулін. Заўважце, улада добра ведае, хто для яе ўяўляе рэальную небясьпеку і каго трэба ізаляваць. Таму Казулін і застаецца ў няволі”,–

– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Генадзь Найман зь Менску.

Прыклад Аляксандра Казуліна, спадар Найман, многіх у асяроддзі апазыцыі ня толькі натхняе, але і палохае, і папярэджвае пра наступствы. Ахвотных заняць ягонае месца, пераняць ягоныя мэтады палітычнай барацьбы нешта не відаць. І справа тут ня толькі ў тым, што няма асобаў з падобнымі валявымі якасьцямі характару. Пытаньне яшчэ і ў іншым: ці знойдзецца ў грамадстве дастаткова людзей, якія б пайшлі за такім лідэрам, добра ведаючы, чым скончыўся год таму паход Казуліна да турмы на Акрэсьціна? Апазыцыя ў любой краіне, спадар Найман, ня столькі такая, якой яе бачаць апазыцыйныя лідэры. Яна – такая, якой ёй дазваляе быць сваімі дзеяньнямі, сваёй цярпімасьцю (альбо нецярпімасьцю) улада. Былыя савецкія грамадзяне добра памятаюць, што пры камуністычнай дыктатуры палітычнай апазыцыі ўвогуле не было – незалежна ад таго, хацела гэтага грамадства ці не хацела.

Уласныя прэтэнзіі да апазыцыі і ў нашага слухача Яўгена Цьвіркі са Слуцку. Ён піша:

“На мінулых выбарах я галасаваў за Мілінкевіча, але бачу, што памыліўся. Больш за яго галасаваць ня буду. Цікава, спадар Мілінкевіч, якую пасаду паабяцаў Вам Лукашэнка? Вы нават ня хочаце ісьці на Кангрэс, бо ведаеце, што пасьля ліста Лукашэнку ў лідэры Вас больш не выберуць. Які дыялёг можна весьці зь нелегітымным правіцелем? Лукашэнка ніколі ня пойдзе ні на якую дэмакратызацыю, бо гэта азначала б канец ягонай уладзе. Я лічу, што апазыцыі ў нас цяпер няма. Але веру, што неўзабаве і ў Беларусі зьявіцца свой Валэнса”,–

– гэтак лічыць Яўген Цьвірка са Слуцку.

Аляксандар Мілінкевіч (як і многія іншыя памяркоўныя лідэры апазыцыі) заяўляе пра тое, што хацеў бы, каб у Беларусі адбылася эвалюцыйная трансфармацыя сістэмы – праз дыялёг апазыцыі і ўлады і паступовыя палітычныя рэформы. Пра гэта ж ён напісаў і ў лісьце да Лукашэнкі. Дарэчы, спадар Цьвірка, лідэр польскай “Салідарнасьці” Лех Валэнса прыйшоў да ўлады ў Польшчы таксама дзякуючы вынікам “круглага стала” паміж уладай і апазыцыяй і паступовай дэмакратызацыі прасавецкага аўтарытарнага рэжыму.

Аўтар наступнага ліста – наша даўняя слухачка Яўгенія Казлова з Воршы. Яна выказала сваё стаўленьне да навіны пра тое, што царкоўныя і сьвецкія ўлады Беларусі вырашылі увекавечыць імя расейскага палкаводца Суворава будаўніцтвам праваслаўнага храму ў Кобрыне. Слухачка піша:

“Вядома, я абурылася, але ня зьдзівілася. Бо праваслаўная царква ў Беларусі – маскоўская, і таму апякуецца сваімі імпэрскімі інтарэсамі. Беларусь для іх – дадатак Расеі. А таму царква ў гонар акупанта будзе пабудавана і зарэгістравана. Сумна тое, што людзі ня выступаюць супраць гэтага, бо ня ведаюць гісторыі Беларусі. А каб і ведалі б, дык усё роўна маўчалі б. Бо для іх галоўнае, каб было ціха і не было вайны.

А вось нашу грэка-каталіцкую парафію ў Воршы ў гонар Багародзіцы улады адмаўляюцца рэгістраваць, не абгрунтоўваючы гэту адмову нічым. Вось ужо два гады цягнецца гэта гісторыя. А сапраўдная прычына ў тым, што ўлады не зацікаўлены ў разьвіцьці менавіта Беларускай уніяцкай царквы, бо ў гэту царкву ходзяць сьвядомыя беларусы, і літургія ў нас на роднай мове. А заканчваецца заўсёды духоўным гімнам беларусаў “Магутны Божа”. Мы молімся за Беларусь і беларускі народ”,–

– напісала ў сваім лісьце на Свабоду Яўгенія Казлова з Воршы.

Усё ж, спадарыня Казлова, ёсьць нямала людзей, якія на ідэю будаўніцтва царквы ў гонар Суворава адрэагавалі пратэстамі. У гэтыя дні ў розных рэгіёнах Беларусі актывісты зьбіраюць подпісы пад адпавенымі зваротамі да ўлады і кіраўніцтва праваслаўнай царквы. Адметна, што большасьць сярод гэтых актывістаў – моладзь, якая добра ведае сваю нацыянальную гісторыю і ролю ў ёй расейскага генералісімуса Суворава.

На заканчэньне – некалькі лістоў слухачоў, якія пакіну бэз камэнтару:

Нам піша Міхась Лойка зь вёскі Бор Сьветлагорскага раёну:

“Ва ўсіх краінах сьвету народы ведаюць радавод сваіх прэзыдэнтаў да дзесятага калена. А мы пра свайго Аляксандра Рыгоравіча што ведаем? Хто яго бацька? Адкуль ён, якога роду? Калі памёр, то дзе пахаваны? А можа, ён дагэтуль жывы? Мусіць жа, маці пра гэта ведае. Думаю, гэтымі пытаньнямі цікаўлюся ня толькі я, але і ўсе беларусы. І ўлада павінна была б даць на іх адказ”,–

– гэтак лічыць Міхась Лойка зь вёскі Бор Сьветлагорскага раёну.

І яшчэ адзін кароткі ліст, аўтар якога – Вольга Белая з Лагойску. Яна піша:

“Жыцьцё наша ніколі не было надта лёгкім. Але людзі заўсёды выжывалі, бо мелі надзею на лепшую будучыню. Вось і я жыву такой надзеяй. А дорыш яе ты, Радыё Свабода. Паслухаю Свабоду – і лягчэй становіцца на душы, бо чую, што не адна я на сьвеце, і што шмат вакол разумных і здольных людзей, якія мараць пра новую Беларусь”,–

– напісала Вольга Белая з Лагойску.

Дзякуй, спадарыня Вольга, Вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG