Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Купіць новы тэлевізар беларускі пэнсіянэр-настаўнік ня можа — давялося б галадаць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Для сёньняшняй размовы я выбраў зь вялікай пошты апошняга тыдня тыя лісты, у якіх слухачы паведамляюць пераважна пра свае штодзённыя клопаты, пра тое, як зьмянілася іх жыцьцё за апошні час — асабліва за два апошнія месяцы, калі Беларусь апынулася ў новых эканамічных умовах.

Пачну агляд з допісу Яўгена Цьвіркі са Слуцку. Слухач паведамляе пра тое, якія зьмены назірае ў сваім горадзе.

“Пачалося паўсюднае зьніжэньне заробкаў, павялічваюцца штрафы (амаль на ўсё). Да чаго дайшло ў нас у Слуцку! Дырэктар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі выдаў загад: хто не заключыў своечасова дамовы на вываз сьмецьця — 300 тысяч рублёў штрафу. Прычым, штраф выпісваюць за парушэньне санітарных нормаў, хоць у сапраўднасьці ніякіх нормаў ты не парушаў.

Растуць цэны. Тысячы людзей страцяць працу ў выніку таго, што ўвялі абмежаваньне колькасьці наёмных работнікаў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Нас прымушаюць купляць дарагія й няякасныя прадукты толькі таму, што яны мясцовага вырабу.

Я з абурэньнем даведаўся пра тое, што ўлады гатовы выкласьці некалькі мільёнаў эўра на будаўніцтва ў Менску пляцоўкі для гольфу. Гэта што — новае хобі Лукашэнкі? Канькоў і лыжаў ужо недастаткова? Ці ён лічыць, што гэткім чынам зробіць жыцьцё ў Беларусі такім жа, як у Швэцыі ці Нямеччыне?”

Так, спадар Цьвірка, пасьля таго, як зьніклі звышпрыбыткі ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з таннай расейскай нафты, і як ня стала таннага расейскага газу, беларускія ўлады сутыкнуліся з мноствам эканамічных праблемаў. Урад шукае грошай паўсюль, і найперш у кішэнях сваіх грамадзянаў.

Думаю, новыя эканамічныя ўмовы адаб’юцца і на маштабах узьвядзеньня рознага кшталту лядовых палацаў, спартыўных арэнаў ды іншых прэтэнцыёзных збудаваньняў, якія каштуюць сотні мільёнаў даляраў і якія можа сабе дазволіць толькі багатая краіна. Працягваць падобнае будаўніцтва і далей ва ўмовах цяперашніх эканамічных праблемаў было б проста амаральна.

Тэма наступнага ліста — жыцьцё беларускіх пэнсіянэраў. Існуе стэрэатыпнае ўяўленьне, што большасьць іх падтрымлівае цяперашнюю ўладу і зусім задаволеная сваім станам. Тым больш, што сярэднія пэнсіі ў Беларусі, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, самыя высокія ў СНД.

Але насамрэч настроі ў асяродзьдзі беларускіх пэнсіянэраў вельмі розныя. Як і іхныя пэнсіі. Пра гэта — ліст з Барысава, ад Ірыны Зарэчнай. Слухачка піша:

“Я былая настаўніца, цяпер на пэнсіі. На тыя грошы, якія я зарабіла, пражыць цяжка. Спажываем і даношваем усё старое. Купіць новы тэлевізар або іншую рэч пэнсіянэру-настаўніку немагчыма — дзеля гэтага давялося б галадаць. Але побач з намі жывуць намэнклятурныя пэнсіянэры, і ў іх жыцьцё зусім іншае. Яны дазваляюць сабе шыкоўныя машыны, дарагія рэчы і многае іншае.

Думаю, вы разумееце, каго я маю на ўвазе. Гэта былыя чыноўнікі, вайскоўцы, міліцыянты. Вось пра каго ў дзяржавы сапраўдны клопат. У 45 год яны ўжо на пэнсіі. І не абы-якой — 500—700 тысяч рублёў. Выйшаўшы на пэнсію, тут жа з дапамогай старых сувязяў знаходзяць сабе неблагую працу. Пэнсія плюс зарплата — гэта больш як мільён рублёў. Гэта не мае 300 тысяч.

Гэтыя так званыя “пэнсіянэры” другі й трэці раз жэняцца, нараджаюць дзяцей. 45 гадоў — гэта ж самы ўзрост, калі маеш грошы. На тле іх я адчуваю сябе нейкай непатрэбнай істотай. У мяне вышэйшая адукацыя, стаж 35 гадоў, а сацыяльна мы зь імі зусім на розных прыступках. Няўжо дзяржава лічыць гэта нармальнай зьявай у мірны час — утрымліваць на сваім карку 45-гадовых мужыкоў толькі за тое, што яны насілі штаны зь лямпасамі й ахоўвалі гэты рэжым?

І ў чым мая віна? Хіба ў тым, што я не нарадзілася мужчынам і ня стала вайскоўцам або міліцыянтам? І што лёс не паслаў мне мужа з пагонамі? Вось такі сумны ліст атрымаўся. Хацелася б ведаць вашу думку на гэты конт”.

Мая маці, якая значную частку жыцьця адпрацавала ў саўгасе, полючы буракі ды капаючы бульбу, атрымлівае сёньня пэнсію 150 тысяч рублёў, спадарыня Зарэчная. У яе былі вялікія перапынкі ў працоўным стажы — малых дзяцей не было з кім пакінуць, а пра дзіцячы сад у вёсцы тады нават ня чулі.

Да таго ж, заробкі на вёсцы ў той час (як, зрэшты, і цяпер) не ішлі ні ў якое параўнаньне з тым, што дзяржава плаціла (і плаціць) якому-небудзь сяржанту міліцыі, які пільнуе дзьверы ў будынку аблвыканкаму.

Супастаўляючы і аналізуючы такія вось лічбы і факты, няцяжка здагадацца, якім чынам дасягаецца высокі сярэдні памер пэнсіі й як мала агульнага мае гэта сярэдняя лічба з паўсядзённым жыцьцём мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў, якія да гэтага ўзроўню не дацягваюць і наўрад ці калі-небудзь дацягнуць. Такая вось ілюстрацыя з жыцьця дзяржавы, якую ўлада абвясьціла сацыяльна арыентаванай і справядлівай.

Людміла Бялькевіч з Салігорску ліст на “Свабоду” напісала пасьля таго, як пачула ў нашым эфіры тэлефанаваньне ананімнага слухача, які прапаноўваў Мілінкевічу не займацца палітычнай дзейнасьцю, а зрабіць квітнеючым які-небудзь занядбаны калгас. Спадарыня Бялькевіч з нагоды пачутага піша:

“Занядбаных калгасаў наша ўлада ня можа даць нікому — няхай гэта будзе Мілінкевіч, Казулін, Пётар Клімук ці нават сама Ксенія Сітнік. Адкуль у нас занядбаныя калгасы? Калі такія і былі, дык іх даўно аб’ядналі, далучылі, а прасьцей кажучы — ліквідавалі.

Аўтару тэлефанаваньняў раю ўважліва чытаць дэкрэты, слухаць дзяржаўнае радыё і глядзець БТ. Тады ён зразумее, што наша сельская гаспадарка квітнее. 93 працэнты выбарцаў задаволеныя і большага шчасьця сабе не жадаюць.

А Мілінкевіч няхай ня слухае гэтых галасоў, а па-ранейшаму прадстаўляе нашу нацыю ў цывілізаваным сьвеце, каб тыя людзі, якія галасавалі за яго, ганарыліся сваім абраньнікам”.

Спадзяюся, спадарыня Бялькевіч, ананімны слухач ацэніць вашы сарказм і іронію. Асабліва калі ён сам жыве ў адным з такіх калгасаў і ў бясплённых чаканьнях абяцанага росквіту дайшоў да гэтай сваёй высновы пра тое, што росквіт павінна забясьпечыць апазыцыя (і асабіста Мілінкевіч) сваёй працай на калгасных палетках.

На заканчэньне некалькі лістоў слухачоў, якія пакіну без камэнтароў.

Нам піша Зыгмунт Багуцкі зь Ліды:

“Роўных вашаму радыё няма. Але хацелася б, каб зьявілася ў эфіры і такая перадача, якую я назваў бы “Каму на Беларусі жыць як мае быць”. Які ў гэтых асобаў сукупны капітал? Хто гэтыя шчасьліўцы? Адкуль і як яны ўзяліся? Як яны гэты капітал папаўняюць і дзе разьмяшчаюць? Калі можна, назавіце пасады й прозьвішчы гэтых людзей і іх сумы. Таксама хацелася б ведаць, што пра гэта думаюць іншыя слухачы.

Таксама няблага было б даведацца, чаму ў Беларусі да адказнасьці можна прыцягнуць любога чалавека, але толькі не высокапастаўленага чыноўніка?”

Фрагмэнт зь ліста Леаніда Мятлы з Наваполацку:

“Добра ведаю, што адбываецца ў нас у Беларусі, бо чытаю газэту “Свободные новости плюс” і слухаю “Свабоду” і “Нямецкую хвалю”. Крытыкаваць глупствы, якія робіць улада, ня хочацца — вы пра іх добра ведаеце самі. Я — за свабодную родную Беларусь, сумленную і справядлівую!”

І яшчэ адзін ліст, аўтар якога Віктар Баранаў з Рагачова:

“Пішу вам па-расейску, бо як яшчэ можна пісаць у дзяржаве, дзе беларуская мова не запатрабаваная? Яна не гучыць ні ў Адміністрацыі прэзыдэнта, ні ва ўрадзе, ні на паседжаньнях Палаты прадстаўнікоў. Журналісты дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё на 95 працэнтаў таксама расейскамоўныя.

Супрацьлеглы прыклад — Украіна, Літва, Латвія. Там чыноўнікі, дэпутаты, журналісты абавязаныя ў службовых зносінах карыстацца нацыянальнай мовай. І карыстаюцца, нават расейскамоўныя. А ў побытавых зносінах ніхто нікога не абмяжоўвае — размаўляйце хоць па-кітайску.

Дзяржаўныя тэлеканалы ў Беларусі перапоўненыя чым заўгодна, толькі не нацыянальнай культурай. Прапаганда, ідэалёгія, прымітыўныя баевікі, нікчэмныя сэрыялы, бясконцыя спартыўныя рэпартажы… Навошта мне пудрыць мазгі ўсім гэтым? Мне, сталаму чалавеку, хочацца чагосьці блізкага да культуры й гісторыі майго народу”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG