Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кошты на ўсё растуць так, што не пасьпяваеш запамінаць лічбы на цэньніках”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Палітычныя і эканамічныя ўзрушэньні апошніх месяцаў адбіліся і на паўсядзённым жыцьці людзей у Беларусі. У пошце “Свабоды” ўсё больш лістоў ад слухачоў, якія назіраюць, як імкліва расьце кошт жыцьця ў краіне, і выказваюць сваё стаўленьне да гэтага.

Сёньняшнюю размову пачну з адаго з такіх допісаў, які даслаў нам Леанід Зіневіч зь Лідзкага раёну. Ён піша:

“Кошты на ўсё растуць так, што не пасьпяваеш нават запамінаць лічбы на цэньніках. А вось пэнсіяў і заробкаў чамусьці не падымаюць. Ды яшчэ заспакойваюць нас: маўляў, камунальныя паслугі падаражэлі толькі на пяць даляраў... Ды што тыя камунальныя, калі мы болей сталі плаціць за харчаваньне, адзеньне, транспарт.

І Лукашэнка маўчыць. Няўжо ён ня ведае, што адбываецца, не кантралюе гэтага? Гэта ж сабатаж чыноўнікамі ягонай палітыкі, накіраванай на дабрабыт простага народу. Напэўна, гэткім чынам розныя начальнікі набіваюць сабе кішэні, каб скампрамэтаваць кіраўніка дзяржавы. А грошы яны павінны зарабляць, прадаючы прадукцыю за мяжу, а не рабуючы просты народ”.

Калі кошт энэрганосьбітаў вырас удвая, цэны на гатовую прадукцыю ня могуць заставацца ранейшымі, спадар Зіневіч. Вядома, ёсьць і іншы шлях кампэнсаваць страты — зьмяніць тэхналёгіі на сучасныя, падвысіць прадукцыйнасьць працы, менш выдаткоўваць энэргіі й матэрыялаў. Але гэты шлях — даўгі і дарагі. Куды прасьцей перакласьці ўсё на плечы спажыўца. Што мы цяпер і назіраем.

Але адна рэч — паставіць спажыўца перад фактам рэзкага росту цэнаў унутры краіны, і зусім іншая — выставіць новыя цэньнікі на вонкавых рынках. Там сваіх умоваў не прадыктуеш.

Сёньня, напрыклад, многія беларускія мясакамбінаты ўжо сутыкнуліся з тым, што пасьля чарговага падаражэньня сваёй прадукцыі ня могуць бяз стратаў для сябе прадаваць яе ў Расеі: яна там неканкурэнтаздольная ў параўнаньні з эўрапейскай і лацінаамэрыканскай. Гэтак можа здарыцца і зь любой іншай прадукцыяй, арыентаванай на экспарт.

Наш слухач Уладзімір Башкіраў з Магілёва пільна сочыць за тым, як беларускія ўлады, сутыкнуўшыся з энэргетычнымі праблемамі, шукаюць альтэрнатыўных крыніцаў паліва. У спадара Башкірава свой погляд на вынікі гэтых пошукаў. У прыватнасьці, ён лічыць марнатраўствам тое, што біяпаліва зьбіраюцца здабываць з птушынага памёту:

“Птушыны памёт — гэта дэфіцытнае ўгнаеньне. Дачнікі, фэрмэры, розныя садаводы ды агароднікі ахвотна купяць яго — толькі трэба арганізаваць дастаўку. Ад ахвочых адбою ня будзе. А за атрыманыя такім чынам грошы можна купіць энэрганосьбіты ў Расеі. Біяпаліва ж можна выпрацоўваць на гарадзкіх сьметніках”.

Уладзімер Башкіраў таксама прапануе ўсталёўваць ветракі, будаваць на рэках невялікія гідраэлектрастанцыі. І асаблівую ўвагу раіць зьвярнуць на тое, якое марнатраўства квітнее ў лясной гаспадарцы:

“Цяпер вядзецца павальная высечка лясоў. А ў якім стане пакідаюць лесарубы месца высечкі? Паўсюль некандыцыйная драўніна, горы сучча. Завалаў ніхто не прыбірае і не расчышчае. Аднаўленчыя пасадкі ня робяцца. Лес завалены бураломам. Вось дзе паліва. А мы пра пілавіньне ды салому…

Чаму пішу з гэтай нагоды вам на “Свабоду”? Бо ўжо пісаў на пачатку студзеня ў адміністрацыю прэзыдэнта. Адтуль — ні гуку. Можа, і ліста не чыталі. А вось “Свабоду” яны, безумоўна, слухаюць. І, можа, задумаюцца”.

Так, спадар Башкіраў, няблага было б коштам птушынага памёту вырашыць энэргетычныя праблемы Беларусі. Баюся толькі, што ня хопіць у Беларусі птушкафабрык ды садаводаў-агароднікаў, каб атрыманых ад іх грошай было дастаткова на нафтавыя ды газавыя закупы.

А ўвогуле, многае тут (як і ўвогуле ў эканоміцы) залежыць ад прыватнай ініцыятывы, асабістага інтарэсу. Ламачча ў лесе можа ляжаць і гніць гадамі — і ніякія лёзунгі й заклікі не дапамогуць, пакуль дзяржава ня створыць такіх умоваў, пры якіх зьбіраць і перапрацоўваць яго ня стане эканамічна выгадна.

Ліст ад Мікалая Шумілы з Кобрына, які працягвае размову пра лёс беларускай вёскі, пачатую нашым слухачом Вячаславам Сухарэбскім зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну. Спадар Шуміла піша:

“Я доўга думаў, перш чым адважыцца на гэты ліст да вас. Калі выявіцца гэта пісаніна, то чакай, што кінуць за праўду ў турму ці яшчэ якіх непрыемнасьцяў. Але ўрэшце ўсё ж наважыўся напісаць…

Вы ўсё гаворыце пра дэмакратыю. Але ў чым для вёскі заключаецца гэтая дэмакратыя? Паслухаеш Лукашэнку — дык ён таксама нясе беларусам дэмакратыю. (Ён пачаў яе несьці, а закончаць, напэўна, ягоныя сыны.)

Але як рэальна зьмянілася сяло пры Лукашэнку? Аддаленыя вёскі фактычна вынішчаныя: яны зарастаюць ажынай ды шыпшынай. Будуе аграгарадкі? Але для каго, калі ў вёсках толькі старыя век дажываюць? Вось за мінулы год у нас у Гіменінах людзі збылі трыццаць дойных кароў — няма як утрымліваць. І сілаў у людзей няма, і сена няма дзе нарыхтоўваць.

Дамы калгасьнікам будуюць з гліны ды фанэры. Сядзіба на дзесяці сотках. Хлявы такія, што больш падобныя на будкі для дроваў ды трусоў. Кажуць: “Хочаш будавацца больш — бяры пазыку на пятнаццаць гадоў”. Але як тую пазыку вяртаць?

…Шкада мне нашу Беларусь: пагрузьне яна ў балоце камунізму, калі ня будзе ўласнасьці на зямлю”.

Ведаю, спадар Шуміла, што вы памятаеце той час, калі зямля яшчэ мела гаспадара. У адным са сваіх папярэдніх лістоў вы ўспаміналі, як тады працавалі вясковыя людзі, як апрацоўвалі сваю зямлю, як ставіліся да ўласнасьці. Сапраўды, іншага шляху для адраджэньня вёскі няма.

Дзяржава сёньня ўкладвае мільярды бюджэтных рублёў у падтрымку калгаснай сыстэмы. Але на якія канкрэтныя мэты ідуць тыя грошы? На мінулым тыдні прэзыдэнт Лукашэнка ўчыніў публічны разнос прэм’еру Сідорскаму за будаўніцтва “пацёмкінскіх вёсак”.

А ці магло быць інакш, калі тымі грашыма распараджаецца чыноўнік, для якога найперш важна тое, як ацэніць яго начальства, якую “карцінку” ён здолее паказаць правяральшчыку з акна свайго лімузіна? Далі б тыя грошы фэрмэру, ён наўрад ці марнаваў іх на будаўніцтва новай хаты ў чыстым полі, без гаспадарчых пабудоваў і камунікацыяў. Адрамантаваў бы тое жытло, якое ёсьць, купіў бы новы трактар, добрае насеньне, угнаеньні… У кожным разе, грошы пайшлі б на першачарговыя рэальныя патрэбы, а не на стварэньне прывабнага вонкавага выгляду.

На гэтую ж тэму разважае ў сваім лісьце Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Ён піша:

“Як вясковаму жыхару, мне цікава, наколькі праўдзівае пашыранае сьцьверджаньне, што сельская гаспадарка ўсюды стратная. Ня думаю, што вытворчасьць харчоў нерэнтабэльная. Я ведаю з замежных школьных падручнікаў пра палітыку выраўноўваньня даходаў гараджанаў і вяскоўцаў.

Але ж які насамрэч мэханізм такога выраўноўваньня? Хто найперш трапляе пад такую праграму? Толькі гаспадары-ўласьнікі, ці таксама і парабкі? Як магла б выглядаць такая праграма ў Беларусі? Мне ніяк не ідзе з галавы роспачны званок селяніна з Гарадзеншчыны, што жаліўся на сымбалічныя заробкі.

А другое, на што я зьвярнуў увагу, — гэта ваша недарэчнае пытаньне: “Які ўзровень падвышкі платы за камунальныя паслугі вы вытрымаеце?” Навошта ладзіць сацыялягічнае пытаньне для рэжыму? Аказалася, што, наколькі поўна я чуў, абсалютна ўсе пагаджаюцца цярпець. Хоць каб цярпець, прызнаецца багата хто, рэзэрваў нямашака.

От калі б вы спыталі “Калі лопне ваша цярпеньне?”, то, напэўна, адказы былі б больш разнастайныя”.

Што да першай часткі вашага, спадар Бусел, ліста. Ва ўмовах вольнага рынку нерэнтабэльныя вытворчасьці банкрутуюць і згортваюцца. Гэта ж датычыць і фэрмэрскіх гаспадарак на Захадзе.

Вядома ж, вытворчасьць харчоў там рэнтабэльная і прыносіць неблагія дывідэнды: у гэтым можна пераканацца ўжо нават і на прыкладзе многіх беларускіх крамаў, якія запоўненыя харчамі заходняй вытворчасьці.

Але, сапраўды, у многіх краінах дзяржава падтрымлівае сваіх фэрмэраў (асабліва дробных вытворцаў), каб захаваць гэты сэктар эканомікі прывабным на тле іншых, дзе рэнтабэльнасьць і прыбыткі вышэйшыя. Робіцца гэта праз сыстэму льготаў пры падаткаабкладаньні альбо і празь непасрэдныя выплаты.

Напрыклад, урады краін Эўразьвязу, занепакоеныя перавытворчасьцю вінаградных вінаў, заахвочваюць цяпер фэрмэраў да скарачэньня вінаграднікаў — плацяць немалыя грошы тым, хто пагодзіцца на гэта.

І некалькі словаў адносна вашых, спадар Бусел, папрокаў наконт зьместу пытаньняў, якія мы задаем людзям на вуліцах. Гэтыя пытаньні мы стараемся фармуляваць так, каб у іх загадзя не ўтрымліваўся адказ, каб яны не выглядалі рытарычнымі. Толькі ў такім выпадку адказы могуць быць разнастайнымі й цікавымі для слухачоў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG