Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаміны: за і супраць


Іна Студзінская, Менск Яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі лічылася, што харчовая вартасьць прадуктаў вызначаецца ўтрыманьнем ў іх бялкоў, вугляводаў, мінэральных соляў. Аднак, да прыкладу, пры працяглых марскіх вандроўках, пра дастатковых запасах харчаваньня, людзі паміралі ад цынгі... У 1880 годзе расейскі навукоўца Мікалай Лунгін, які вывучаў ролю мінэральных рэчываў ў харчаваньні, заўважыў, што мышы, якіх кармілі штучнай ежай, у якую ўваходзілі ўсе вядомыя складнікі малака (казеін, тлушч, цукар, солі), гінулі, а мышкі, што ўжывалі натуральнае малако, былі жывыя-здаровыя. Такім чынам высьветлілася, што ў малацэ ўтрымліваюцца іншыя рэчывы, якія проста незамяняльныя для харчаваньня.

Лекар-гематоляг Аляксандар Скрабін перакананы, што перш за ўсё патрэбна здаровае збалянсаванае харчаваньне. Усе небходныя для арганізму рэчывы, вітаміны, мінэралы чалавек павінен атрымоўваць са сьвежымі, карыснымі, чыстымі прадуктамі.

Скрабін: "У ідэале чалавек павінен скласьці для сябе такі рацыён, у якім, мяркуецца, ёсьць усё неабходнае для нармальнай жыцьцядзейнасьці. Калі такое немагчыма (да прыкладу, у войску, на падводнай лодцы, куды нельга заўсёды сьвежыя прадукты дастаўляць) -- у гэтыя выпадку патрэбныя дадаткі, у тым ліку і вітаміны".

Пэдыятарка Ганна Асмалоўская прытрамліваецца такой думкі:

Асмалоўская: "На жаль, мы ня можам у нашай краіне забясьпечыць сабе такі ўзровень паўнавартаснага харчаваньня, каб там прысутнічала ўся неабходная сутачная доза патрэбных вітамінаў і мінэралаў. Таму я лічу, і лічаць так многія іншыя лекары, трэба яшчэ дадаткова часам прымаць".

Вітамінныя прэпараты патрэбныя хворым

Гэтае меркаваньне доктаркі тычыцца здаровага арганізму. Вядома, што недахоп пэўных вітамінаў вядзе да захворваньняў і парушэньняў. Самы клясычны прыклад -- цынга, недахоп вітаміну С. Пры недахопе вітаміну А пакутуе імунная сыстэма, зрок. Вось што кажа лекар-гэматоляг Аляксандар Скрабін.

Скрабін: "Ёсьць, да прыкладу, вітаміны як пэўныя лекавыя прэпараты. Да прыкладу, вітамін В рэкамэндаваны ў пэўнай дазіроўцы пры лекаваньні захворваньняў нэрвовай сыстэмы. Але вітаміны для здаровага чалавека, які можа сабе дазволіць правільна харчавацца -- я лічу, гэта ня трэба. Гэта як любы мэдыцынскі прэпарат, і нават на ўпакоўцы вітамінаў напісана, што могуць быць ўскладненьні, алергічная рэакцыя і гэтак далей".

Пэдыятарка Ганна Асмалоўская таксама кажа:

Асмалоўская: "Вітаміны пастаянна піць ня трэба. Ёсьць пэўныя пэрыяды ў жыцьці, ёсьць пэўныя сэзоны, калі неабходна ўжываць вітамінныя прэпараты. Напрыклад, для здаровага арганізму, калі няма хранічных захворваньняў, гэта пэрыяды -- два разы на год. Звычайна гэта ўвесну і ўвосень (ці пасярод зімы). Звычайны арганізм патрабуе дадаткова вітамінаў тады, калі ці завышаная нагрузка, ці ёсьць нейкія хваробы, якія патрабуюць неабходных вітамінаў".

Што рабіць увесну?

Бясспрэчна, што больш за ўсё вітамінаў у сьвежай садавіне і гародніне. Але ці захоўваюцца вітаміны ў гэтых прадуктах да вясны? Лекар Аляксандар Скрабін кажа:

Скрабін: "Сэзоннаму разбурэньню падвяргаецца ў асноўным толькі вітамін С. Круглы год у нам можна купіць яблыкі, апэльсіны -- гэта што тычыцца вітаміну С. Круглы год яго можна знаходзіць у сьвежых прадуктах. А што да вітамінаў А, В -- яны наагул не разбураюцца".

Але бальшыня адмыслоўцаў перакананыя, што менавіта цяпер, прыканцы зімы, арганізм зьнясілены. І дадаткова не пашкодзіць, асабліва дзецям, прыём вітамінаў. Абыдземся без рэклямы канкрэтных прэпаратаў. Тут лепш параіцца з лекарам у індывідуальным парадку.

Асмалоўская: "Для дзяцей існуюць вітаміны ў кроплях, парашках, для дарослых гэта звычайна вітаміны ў таблетках. Я як лекар, для сябе і для сваёй сям''і выбіраю асобна мінэралы і асобна вітаміны, таму што даказана дасьледаваньнямі, што пэўныя мінэралы могуць пагаршаць засваяльнасьць вітамінаў".
XS
SM
MD
LG