Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б Масква захацела, дык ужо даўно паставіла б Лукашэнку на месца”


Валянцін Жданко, Менск Галоўнай тэмай нашай пошты на працягу апошніх двух месяцаў застаецца энэргетычны канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй. Хоць вострая фаза гэтага канфлікту зь перакрыцьцём трубаў засталася ў мінулым, але наступствы нафтагазавай вайны толькі пачынаюць адбівацца на беларускай эканоміцы.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста Яўгена Дудніка зь Менску, які пільна сачыў за тым, як расейскі прэзыдэнт Пуцін падчас канфлікту рэагаваў на абвінавачаньні свайго беларускага калегі. Слухач піша:

“Не разумею, чаму такімі бесхрыбетнымі паказалі сябе расейскія лідэры. Не чакаў, што прэзыдэнт Пуцін моўчкі праглыне ўсе зьнявагі й прыніжэньні. Адказы яго наконт беларускіх праблемаў падчас апошняй прэсавай канфэрэнцыі былі млявыя, абцякальныя й дыпляматычныя. Гэта значыць, што Лукашэнка і надалей здолее паводзіць сябе з Расеяй так, як захоча.

Калі б Масква па-сапраўднаму захацела, дык ужо даўно паставіла б Лукашэнку на месца. Але там чамусьці баяцца чапаць яго. І дачакаюцца таго, што заменіць Пуціна не які-небудзь прызначаны Пуціным пераемнік, а наш Аляксандар Рыгоравіч”.

Расея скараціла фінансаваньне беларускай эканомікі больш як на пяць мільярдаў даляраў — і гэта намнога больш жорсткі й балючы ўдар па амбіцыях беларускага лідэра, чым любыя рэзкія выказваньні й абвінавачаньні з боку Крамля. Прэзыдэнт Пуцін увогуле рэдка дазваляе сабе крыўдныя пэрсанальныя выпады ў бок сваіх палітычных апанэнтаў падчас публічных выступаў. Але гэта ня робіць ягоныя рэальныя адказы на крыўды больш мяккімі й паблажлівымі.

Тут яшчэ трэба мець на ўвазе і тое, што сфэра расейска-беларускіх дачыненьняў — даволі спэцыфічная ў расейскай вонкавай палітыцы. Крэмль вымушаны лічыцца з грамадзкай думкай, якая ня схільная падтрымліваць надта рэзкія захады і заявы, скіраваныя супраць Беларусі.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, якая будучыня можа напаткаць Беларусь у новых эканамічных умовах. Спадар Марціновіч піша:

“Цяпер Беларусь уступае ў этап поўнай няяснасьці. Яна падпаўзае да шокатэрапіі ў самы неспрыяльны гістарычны час. У існасьці, рэжым Лукашэнкі на працягу дванаццаці гадоў рознымі шляхамі падтрымліваў савецкія мэтады ў эканоміцы. Апроч таго, Лукашэнка ўвесь гэты час, адрозна ад іншых краін Усходняй Эўропы, будаваў дзяржаву пад сваю ўласную пэрсону. Гэта не была пабудова народам разам з элітай дзяржавы-нацыі, здольнай мяняць без істотных наступстваў левых на правых. Лукашэнкава дзяржава праіснуе яшчэ нейкі час, так і не набыўшы ўсіх рысаў звычайнай і самадастатковай краіны Эўропы, створанай народам зьнізу.

Ужо напрыканцы 2007 году, і абавязкова ў пэрыяд да 2011-га ў Беларусі могуць і будуць адбывацца такія зьмены, якія зьдзівяць нават самых прадбачлівых нацыянал-дэмакратаў. Зусім магчыма, што ў будучыні хаос і раздрай у Беларусі дасягнуць такіх памераў, што яна стане пратэктаратам Расеі і Эўразьвязу. І гэтыя два цэнтры сілы будуць у перамовах зь беларускай намэнклятурай прызначаць у Менск урад, удакладняць долі і сфэры ўплыву”.

Цяжка ўявіць, спадар Марціновіч, што Эўразьвяз пачне пераймаць прыклад імпэрыяў пачатку ХХ стагодзьдзя і ўтвараць нейкія пратэктараты уздоўж сваіх межаў. Супольнасьць эўрапейскіх дзяржаваў створаная і грунтуецца зусім на іншых прынцыпах і будуе свае дачыненьні з памежнымі дзяржавамі на іншых падставах. Усе эўрапейскія краіны маюць шанцы далучыцца да Эўразьвязу — умовы гэтага далучэньня вядомыя. Ніхто не зачыняў дзьвярэй у Эўразьвяз і перад Беларусьсю.

Наш слухач Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі параўноўвае сёньняшнія расейскія і беларускія эканамічныя ды сацыяльныя рэаліі. Параўнаньне, як лічыць спадар Леках, не на карысьць Расеі:

“Мінулым летам я паезьдзіў па Беларусі. Быў у Менску, Полацку, Віцебску, Глыбокім і Шаркоўшчыне. Пабываў у сваякоў і знаёмых, заходзіў у навучальныя ўстановы і на прадпрыемствы. У Беларусі я ў свой час адпрацаваў чвэрць стагодзьдзя, і мяне многія па-добраму памятаюць.

А потым я пабываў у Маскве і Маскоўскай вобласьці. Праехаў з Савёлаўскага вакзалу ў кірунку гораду атамшчыкаў, выходзячы і знаёмячыся па дарозе з навакольнымі паселішчамі. Дык вось, розьніца паміж райцэнтрамі Беларусі і Расеі ўражвае. І гэта пры тым, што Маскоўская вобласьць — не найгоршая ў Расеі. Напрыклад, расейскі райцэнтар Дзьмітраў не вытрымлівае ніякага параўнаньня зь беларускай Шаркоўшчынай. Мяне вельмі ўразіла чысьціня і дагледжанасьць беларускіх гарадоў. У іх я амаль не сустракаў п’яных (чаго ня скажаш пра гарады расейскія).

Большасьць жыхароў Беларусі жыве лепш, чым большасьць расейцаў. Апроч таго, Беларусь — больш бясьпечная краіна. Я ня лётаю ў аблоках: жыцьцё ў Беларусі нялёгкае. Але яно лепшае, чым у Расеі”.

Беларускія гарады і вёскі заўсёды выглядалі больш дагледжанымі ў параўнаньні з расейскімі: так было і ў СССР, і пры Расейскай імпэрыі, і пры Рэчы Паспалітай. На тое ёсьць шмат гістарычных і культурных прычынаў. А вось што да ўзроню жыцьця, то тут статыстыка сьведчыць пра іншае. Сярэдні заробак у Расеі ўжо дасягнуў 400 даляраў, у Беларусі ён складае прыблізна 300 даляраў. І ў бліжэйшы час гэты разрыў, хутчэй за ўсё, будзе толькі павялічвацца не на карысьць Беларусі. Апроч таго, у апошнія гады беларускія ўлады вялікую частку звышпрыбыткаў, атрыманых за кошт танных расейскіх энэрганосьбітаў, накіроўвалі якраз на добраўпарадкаваньне гарадоў і пасёлкаў. Пасьля таго, як такія звышпрыбыткі Масква ў Менску адабрала, тэндэнцыі ў гэтай справе яўна зьменяцца.

А цяпер некалькі лістоў слухачоў, якія пакіну без камэнтароў.

Допіс ад Сяргея Ахрымука з Кобрына. Слухач піша:

“СССР быў саюзам акупаваных каляніяльных народаў. Мы сёньня бачым, як расейскі нацызм душыць усё беларускае на нашай зямлі. Узяць хоць бы апошняе здарэньне ў Курапатах, дзе зноў разламалі лаву Клінтана. Дабраліся ўжо і да Хэльсынскага камітэту, у якога хацелі адабраць юрыдычны адрас. Растапталі Саюз беларускіх пісьменьнікаў і стварылі свой, які прыслужвае ўладзе. Уся прэзыдэнцкая вэртыкаль карыстаецца выключна расейскай мовай. У такім разе паўстае пытаньне: дык ці беларуская гэта ўлада”.

А вось што піша Васіль Грыневіч зь вёскі Вішнявец Стаўпецкага раёну:

“Маскоўскі тэлеканал “Россия” паказвае цікавы цыкль перадачаў “Сьледзтва вялі…” з акторам Леанідам Канеўскім — пра тое, якія злачынствы квітнелі ў Савецкім Саюзе, якая ў сапраўднасьці там была крымінагенная сытуацыя. Калі б прыхільнікі сталінізму й ленінізму глядзелі такія перадачы, дык, можа, і задумаліся б, на якіх ідалаў яны моляцца. Хоць, зрэшты, бальшавіцкіх фанатыкаў ужо не пераробіш”.

І яшчэ адзін ліст, які даслаў нам Іларыён Крамушэвіч з Горадні:

“Ня мог не напісаць, пачуўшы пасквіль на нашага непараўнальнага Зянона Станіслававіча. Бедны, яму даводзіцца яшчэ апраўдвацца, тлумачыць нешта гэтым адмарозкам. Гэта ж дадумацца — арганізаваць цяўканьне на чалавека сьмелага палёту думак і вольнай ідэі, самага дасьведчанага зь існых. Дык што гэта за палітыка рэдакцыі на гэты конт? Калі прааналізаваць выказваньні, дык дамінуюць адрыжкі саўкоў, гайдукевіцкае фарысэйства і да таго падобнае. Адчуваецца націск “пятай калёны”.

Жданко не разумее, што тэлефанаваць, пісаць, даваць інтэрвію на вуліцы могуць нацкаваныя мяўкалы спэцслужбаў і нашчадкі катаў НКВД. Дык у вас для іх дадзена зялёная вуліца — эфір. А так званыя апытаньні на вуліцах Менску — гэта суцэльнае рэклямаваньне тутэйшых цемрашалаў”.

На вуліцах Менску ды іншых беларускіх гарадоў нашы карэспандэнты задаюць пытаньні выпадковым мінакам — не зважаючы на іхныя палітычныя погляды, узрост, прафэсіі й пасады. Тым гэтыя апытаньні і цікавыя, бо даюць уяўленьне слухачам пра рэальныя настроі ў грамадзтве, ва ўсёй іх разнастайнасьці. Гэта ж датычыць і тэлефанаваньняў на наш аўтаадказьнік, і лістоў на “Свабоду”. Паверце, спадар Крамушэвіч: калі б мы адмыслова адбіралі для эфіру толькі вашых аднадумцаў і аднапартыйцаў, такі эфір быў бы не цікавым нават для вас.Ня кажучы ўжо пра тое, што гэта было б парушэньнем аднаго з галоўных прынцыпаў у дзейнасьці “Свабоды” — аб’ектыўнасьці й неперадузятасьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адр
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG