Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б Лукашэнка пагадзіўся стаць расейскім губэрнатарам”


Валянцін Жданко, Менск Галоўная тэма нашай пошты ў гэтыя апошнія студзеньскія дні — наступствы нафта-газавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй, які, нягледзячы на падпісаныя пагадненьні, дагэтуль працягваецца і ўжо адбіўся на ўсім так званым “саюзным” будаўніцтве.

Уласнымі думкамі наконт прычынаў абвастрэньня беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў падзяліўся ў лісьце на “Свабоду” Васіль Акуневіч зь Вільні. Ён піша:

“Уладзімер Пуцін дэманструе: ён — прадбачлівы і здольны палітык, якога турбуе, што будзе з Расеяй пасьля 2008 году, калі закончацца ягоны прэзыдэнцкі тэрмін. Відавочна, хто б ні зьмяніў Пуціна — Лукашэнка ад сваіх амбітных плянаў не адмовіцца. І плян так званай “саюзнай дзяржавы” можа быць зноў запушчаны дзеля таго, каб Лукашэнка стаў прэзыдэнтам аб’яднанай дзяржавы. Усе сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі настойліва прапагандуюць яго як таленавітага палітыка і гаспадарніка, аўтара “беларускага цуду” ў эканоміцы”.

Далей у сваім лісьце Васіль Акуневіч прыводзіць цытаты з інфармацыйных выпускаў спадарожнікавага тэлеканалу “Беларусь ТВ” пра дасягненьні беларускай эканомікі. І робіць наступную выснову:

“Гэта прапаганда дае вынікі. У расейскіх рэгіёнах папулярнасьць Лукашэнкі і цяпер вышэйшая за папулярнасьць Пуціна. Няцяжка ўявіць, што можа нарабіць Лукашэнка, калі атрымае доступ да ядзернай кнопкі. Сёньня зь ім ніхто ня можа ладзіць — ні Эўрапейскі Зьвяз, ні ЗША, ні нават старэйшы брат, расейскі прэзыдэнт. А як ён будзе паводзіць сябе, калі атрымае моц ядзернай Расеі? І беларусы, і расейцы, і грамадзяне ўсяго сьвету могуць стаць закладнікамі ягонай палітыкі.

Адгарадзіць і абараніць Расею ад Лукашэнкі — вось тая галоўная прычына, якая выклікала апошнюю эканамічную атаку на Беларусь. Ня хоча Ўладзімер Пуцін пакінуць свайму пераемніку так званую “саюзную дзяржаву” і ўсё, што з гэтым саюзам зьвязана. Вядома, заявіць пра поўную адмову ад “саюзнай дзяржавы” Пуцін ня можа — на тое ёсьць шмат розных прычынаў. І даводзіцца прызнаць, што ён абраў самы надзейны шлях, каб разьвянчаць так званы “цуд” Лукашэнкі. Шкада толькі, што гэта запозьнены крок. А яшчэ шкада, што землякам у Беларусі давядзецца зноў прывыкаць да эканамічных цяжкасьцяў”.

Шанцы Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкую будучыню на расейскай палітычнай сцэне зьмяншаюцца, спадар Акуневіч. Усе сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра гэта. Беларуская прапагандысцкая машына (уключна нават і з адмыслова створаным дзеля гэтага спадарожнікавым каналам) на расейскую грамадзкую думку істотна паўплываць ня можа. У Расеі — уласная прапаганда, куды больш магутная і прафэсійная. Калі прэзыдэнт Лукашэнка падчас нафта-газавага крызісу захацеў прыляцець у Маскву і выступіць з уласнай пазыцыяй на галоўных расейскіх тэлеканалах — яму такой магчымасьці проста не далі.

Але ніякая прапаганда ня здольная замяніць рэальнай эканамічнай і сацыяльнай сытуацыі. Калі так званы беларускі “эканамічны цуд” разваліцца бяз танных расейскіх нафты і газу — гэта можа стаць вырашальным ударам па палітычных амбіцыях прэзыдэнта Лукашэнкі.

На гэтую ж тэму кароткі ліст ад Ангеліны Буйновай з Новалуком’я:

“Уладзе цяжка будзе растлумачыць, чаму мы павінны больш плаціць за электрычнасьць, цяпло, газ. Чаму падаражэў бензін, а ўсьлед за ім і ўсе астатнія тавары. Атрымліваецца, гэта наша плата за тое, што Лукашэнка хоча застацца пры ўладзе? А калі б ён пагадзіўся на ўмовы Пуціна і стаў расейскім губэрнатарам, дык усё засталося б па-ранейшаму і мы мелі б высокі ўзровень жыцьця?”

Гэта, спадарыня Буйнова, плата беларусаў не за палітычныя амбіцыі Лукашэнкі, а за незалежнасьць сваёй дзяржавы. Іншым постсавецкім краінам давялося заплаціць за гэта раней, беларусы будуць плаціць цяпер. Магчыма, гэта і някепска, што людзі ўсьвядомяць цану сваёй незалежнасьці — бо толькі так можна асэнсаваць яе як каштоўнасьць, якой трэба даражыць і перадаць яе сваім нашчадкам.

Ці не завялікая цана? А вы спытайце ў тых маці, сыны якіх цяпер служаць у Барысаве і Маладэчне, і на выходныя маюць магчымасьць выбірацца дахаты. Ці хацелі б яны, каб месцам службы беларускіх хлопцаў былі Маздок, Гудэрмэс ці Магадан?

А тое, што танныя расейскія нафта і газ маглі б заставацца такімі бясконца доўга — гэта міт. Міне яшчэ некалькі гадоў — і таннымі яны перастануць быць і ў самой Расеі.

Наш слухач Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну ў сваім вялікім лісьце на “Свабоду” разважае пра мінулае і будучыню калгаснай сыстэмы, спрабуе адказаць на пытаньне, ці выратуюць беларускую вёску аграгарадкі. Ён піша:

“Калгасы яшчэ трохі трымаліся, калі там працавалі тыя сяляне, што былі выхаваныя працай на ўласнай зямлі, і калі салярка каштавала амаль гэтак жа, як водаправодная вада. Але працавітыя сяляне пастарэлі і адышлі ў нябыт, а моладзь уцякала ад калгаснай працы, як ад ліха. А тым часам на зьмену савецкай безгаспадарчасьці прыйшла рынкавая эканоміка, пры якой бясплатнай саляркі даваць ня хочуць. Вось тут і рухнула калгасная сыстэма. І спалохаліся рэжысэры, запявалы ды падпявалы старой песьні пра шчасьлівае калгаснае жыцьцё. Што ж рабіць? Ня стане калгасаў — навошта будуць патрэбныя яны? І вось прыдумалі для старой песьні новыя словы: “Адродзім беларускую вёску! Пабудуем аграгарадкі!” Цікава, а хто ж тую вёску загубіў, калі не калгасная сыстэма?

Але галоўнае — што ў вёсцы мяняецца? Ды нічога. Ідзе далейшае вынішчэньне спрадвечнага ладу жыцьця сялянаў. Па сутнасьці, гэта апошняя спроба выратаваць і замацаваць так званы “шчасьлівы” калгасны лад, ад якога, як ад страшнага ліха, пазбавіліся ўсе краіны, дзе ён быў”.

Далей у сваім лісьце Вячаслаў Сухарэбскі піша пра тое, як жыве і гаспадарыць калгас ва ўмовах аграгарадка. Ён задае пытаньне: “Хто прыедзе жыць і працаваць у гэтыя аграгарадкі?” — і сам на яго адказвае:

“Ды толькі тыя людзі, якім няма куды падзецца без жыльля і якія зусім не прызвычаеныя да карпатлівай сялянскай працы. Работа для іх — абы дзень да вечара. Заробкі ў абсалютнай большасьці працаўнікоў аграгарадкоў мізэрныя. Чаму? Бо неэфэктыўная вытворчасьць: вялікія транспартныя выдаткі, аплата спэцыялістам-прыгоньнікам, падаражэньне энергарэсурсаў і тэхнікі. І нават шматмільярдныя дзяржаўныя датацыі, якія кладуцца на плечы людзей як у вёсцы, так і ў горадзе, сытуацыі не ратуюць.

Пры рынкавай эканоміцы галоўнае — сабекошт і якасьць прадукцыі. А ў нас такі сабекошт і такая якасьць, што на Захад мы можам прадаваць толькі казэін ды сухое малако. І нават Расея зьбіраецца ўводзіць санітарны нагляд за нашай якасьцю. Адгародзіцца ад нашых харчоў яна — што будзем рабіць?”

У аўтара ліста Вячаслава Сухарэбскага ўласны погляд на тое, як уратаваць вёску. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Трэба будаваць не аграгарадкі, а сялянскія паселішчы на тры-чатыры сялянскія гаспадаркі. Ды так, каб уся зямля была побач зь сядзібай. Тыя грошы, што выдаткоўваюцца на беспэрспэктыўную калгасную сыстэму, трэба даваць у крэдыт сялянам на гаспадарку, на ўласную сядзібу. Выплаціў крэдыт — уся маёмасьць твая.

У сялянскіх сем’ях яшчэ нядаўна было трое, чацьвёра, а то і болей дзяцей, якія прывучаліся да сялянскай працы. Патрэбна раўнамернае расьсяленьне сельскага насельніцтва па ўсёй краіне, і тады сапраўды заквітнее і адродзіцца беларуская вёска, і стане магутнай наша Беларусь”.

У сучасным сьвеце, спадар Сухарэбскі, найбольш магутныя ня тыя дзяржавы, дзе дамінуе сельскагаспадарчая вытворчасьць. Багацьце самых эканамічна пасьпяховых краінаў складаюць іншыя сфэры гаспадаркі — высокатэхналягічныя вытворчасьці, фінансавыя рынкі, экспарт капіталаў і паслугаў… Сучасныя тэхналёгіі прыйшлі там і ў сельскую гаспадарку. У выніку фэрмэрамі засталася невялікая частка насельніцтва, якая здольная эфэктыўная гаспадарыць. Хоць і ў шэрагу краінаў Захаду сельская гаспадарка атрымлівае ад дзяржавы датацыі — праўда, галоўным чынам дзеля таго, каб стрымліваць празьмерную вытворчасьць той ці іншай прадукцыі і рэгуляваць рынак.

Беларусі цяжка наўпрост пераймаць заходні досьвед у сельскай гаспадарцы. На Захадзе ня мелі калгаснай сыстэмы, а Беларусь ня мае заходняга ўзроўню разьвіцьця тэхналёгіяў і заходніх капіталаў, якія можна накіраваць на падтрымку сяла. Давядзецца беларусам самім шукаць спосабаў выратаваньня сваіх вёсак. Цяжка сказаць, ці магчыма гэта зрабіць тым шляхам, што прапануеце вы, спадар Сухарэбскі.

Ад колішніх хутароў, якія былі масавай зьявай у Беларусі на пачатку ХХ стагодзьдзя, сёньня засталіся адны падмуркі. І складана ўявіць, што сёньня туды можна завабіць сем’і з гораду — нават будуючы за дзяржаўны кошт дом, але пры адсутнасьці ў навакольлі школ, дарог, бальніц і крамаў. Пэўна сьцьвярджаць можна толькі адно: абапірацца пры адраджэньні вёскі можна толькі на прыватную ўласнасьць і прыватную ініцыятыву. Якія гаспадары на зямлі прызначаныя дзяржавай начальнікі — беларусы пераканаліся за апошнія семдзесят гадоў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG