Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая праграма для беларускіх студэнтаў у Карлавым унівэрсытэце ў Празе


Тацяна Поклад, Прага (эфір 16 студзеня) Новая чэская праграма для беларускіх студэнтаў, якія церпяць ад палітычнага перасьледу ў Беларусі, дазваляе ім працягваць навучаньне па сваёй спэцыяльнасьці ў Карлавым унівэрсытэце ад 1 кастрычніка гэтага году. Супрацоўнікі ўнівэрсытэту раяць падаваць заяўкі ўжо цяпер і не адкладаць па студэнцкай звычцы на апошні дзень. Беларускае замежжа, Тацяна Поклад pokladt@yahoo.co.uk

Ганна Дзеравяга вучыцца ў Празе ў Карлавым унівэрсытэце другі год. Яна прыехала ў Чэхію у лютым 2005-га, пасьля таго улады ў Менску закрылі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, у якім яна вучылася.

Ганна: “Тут зусім іншая сыстэма навучаньня. Мне тут больш падабаецца – на жаль, больш, чым вучыцца на радзіме, – тут больш свабоды, больш магчымасьцяў рэалізаваць сябе”.

Два гады таму пасьля закрыцьця ЭГУ ў Менску ў Чэхію прыехалі 13 студэнтаў зь Беларусі, 11 зь іх і цяпер вучацца ў Празе. Ганна вучылася раней па спэцыяльнасьці “Мастацтва і турызм”, а ў Карлавым унівэрсытэце пазьней усіх беларусаў прыняў факультэт гуманітарных навук.

Ганна: “У нас такі факультэт, што можна сабе абраць любы кірунак, які падабаецца. Вялікі выбар прадметаў. Я магу абіраць, што мне вывучаць, магу рабіць зручны для сябе расклад заняткаў, так што можна яшчэ і працаваць, – калі знойдзеш працу.

Ня гэтак, як было ў Беларусі: абавязковы расклад, аднолькавы для ўсіх. Тут націск на самастойную працу. Калі ў Беларусі абавязковае наведваньне ўсіх лекцыяў, то тут больш працуеш самастойна. Мне здаецца, гэта вельмі дапамагае рэалізаваць сябе”.

Цяпер Ганна вучыцца па бакаляўрскай праграме. Яна кажа, што ёй падабаецца вучыцца, падабаецца Прага і што яна плянуе і магістэрскую працу абараняць тут.

Існуе даўняя традыцыя навучаньня беларускай моладзі ў Чэхіі

У міжваенны час урад першай Чэхаславацкай рэспублікі, якая абвясьціла сваю незалежнасьць 28 кастрычніка 1918 году, даў магчымасьць моладзі з Заходняй Беларусі вучыцца ў вышэйшых навучальных установах за кошт Чэхаславаччыны. Больш за сотню маладых беларусаў атрымалі тады адукацыю, і многія зь іх сталі вядомымі беларускімі нацыянальнымі дзеячамі.

Ад 2000 году дзейнічае падобная, як у даваенны час, праграма навучаньня, паводле якой дзясятак маладых беларусаў штогод мае магчымасьць паступаць вучыцца ў чэскія вну і атрымліваюць стыпэндыі ад чэскага ўраду.

Летась чэскія ўлады пашырылі дыяпазон дапамогі. Распрацавана цэлая праграма адукацыі, якая складаецца з 22 праектаў. Каардынуе гэтую праграму МЗС Чэхіі, на яе выдзелена 20 мільёнаў чэскіх крон (каля 1 мільёна даляраў), але дапамога студэнтам пакуль што заплянаваная толькі на адзін год.

Некаторыя чэскія вну, якія далучыліся да гэтай праграмы, знайшлі магчымасьць дадаць свае уласныя сродкі і запрашаць студэнтаў на ўвесь курс навучаньня, незалежна ад далейшай дзяржаўнай дапамогі.

Так што ўжо дзейнічаюць дзьве розныя праграмы падтрымкі беларускіх студэнтаў у Чэхіі, і вось цяпер распачатая трэцяя. Сёлета Карлаў унівэрсытэт у Празе вылучыў сродкі на сваю ўласную праграму для падтрымкі беларускіх студэнтаў, якія ня могуць працягваць навучаньне ў Беларусі з-за перасьледу ўладамі.

Факультэт гуманітарных навук Карлавага ўнівэрсытэту на якім вучыцца Ганна, першы з уласнай ініцыятывы прыняў беларускіх студэнтаў, якія праз палітычную сытуацыю на радзіме страцілі магчымасьць працягваць вучобу. Таму я патэлефанавала дэкану факультэту прафэсару Яну Сокалу:

Сокал: “Мы заўсёды прымаем студэнтаў з розных краінаў Усходняй Эўропы. Мы супрацоўнічаем з прыватнымі фундацыямі, якія забясьпечваюць сэмэстар на вывучэньне чэскай мовы і тым самым рыхтуюць моладзь да уступных іспытаў. Пасьля трэба ж вучыцца на чэскай мове. І пасьля замежнікі залічваюцца ў наш унівэрсытэт гэтаксама, як і чэскія студэнты. Да нас можна паступаць і цяпер”.

Куратар беларускіх студэнтаў – магістрантка факультэту гуманітарных навук Карлавага ўнівэрсытэту Алена Іванова. Яна вырашала шматлікія арганізацыйныя пытаньні, апякуецца яна і навуковымі і студэнцкімі сувязямі зь Беларусьсю. Алена распавяла для нашых слухачоў больш падрабязна пра гэтую новую стыпэндыяльную праграму Карлавага ўнівэрсытэту.

Іванова: “Гэтая стыпэндыя паўтарае стыпэндыю ад чэскага ўраду – яна забясьпечвае ўсе тыя ж самыя гарантыі: і грошы, і інтэрнат, і ўсе тыя пункты, якія мае стыпэндыяльная праграма ад чэскага ўраду. Гэтая ініцыятыва зыходзіць ад самога рэктарату, ад самога сэрца Карлавага ўнівэрсытэту, і таму студэнты зь Беларусі могуць паступаць на любы факультэт, на любую праграму”.

Сёлета будуць прынятыя пяць чалавек, заняткі пачнуцца 1 кастрычніка, але дакумэнты варта дасылаць ужо цяпер. Заявы будзе разглядаць рэктарат, туды трэба накіроўваць усе дакумэнты і ліст з апісаньнем матывацыі. Студэнты будуць залічаныя без экзамэнаў, і ўсе дысцыпліны, што яны здалі ў беларускіх вну, у якіх вучыліся раней, будзе прызнана.

Іванова: “Усе дакумэнты з адзнакамі павінны быць, заліковая кніжка і гэтак далей. Падаць як мага болей дакумэнтаў, якія сьведчаць пра вывучаныя курсы і прадметы, – у інтарэсах самога студэнта. Усе курсы, якія студэнты вывучалі і здалі ў Беларусі, будуць прызнаныя ў Карлавым унівэрсытэце для тых студэнтаў, якія паступяць па гэтай праграме.

Кожны выпадак будзе разглядацца індывідуальна. І студэнт будзе залічаны на той курс, які адпавядае яго ўзроўню: напрыклад, на трэці, калі ўсе дысцыпліны здадзеныя. Таксама варта падаць свае навуковыя публікацыі, калі такія ёсьць”.

Студэнты адразу атрымаюць інтэрнат, дадатковыя бясплатныя курсы чэскай мовы.

Іванова: “Так, усё будзе прадугледжана. Будзе стыпэндыя даволі добрая, зь якой можна будзе заплаціць і за інтэрнат. Памер стыпэндыі – 7 тысяч крон”.

Гэта каля 300 даляраў – дарэчы, прыкладна такую суму называлі мне беларускія студэнты з Чэхіі, калі я распытвала іх пры нагодзе, якой павінна быць стыпэндыя, каб на яе можна было б пражыць студэнту.

Іванова: “Вядома, навучаньне ў Карлавым унівэрсытэце – па-чэску. Але будуць паралельна дзейнічаць спэцыяльныя курсы, на якіх студэнты змогуць вывучаць граматыку, гутарковую мову, удасканальваць свае веды і атрымліваць кансультацыі. На жаль, гэты варыянт праграмы не прадугледжвае напачатку заняткаў выключна для вывучэньня чэскай мовы – давядзецца адразу пачынаць вучобу па спэцыяльнасьці.

Гэтая праграма фактычна азначае працяг навучаньня па сваёй спэцыяльнасьці для тых студэнтаў, якія ня могуць працягваць вучобу ў Беларусі з-за перасьледу. Таму вельмі раю тым студэнтам, якія плянуюць падаваць дакумэнты, пачаць вывучаць мову ўжо цяпер, дома”.

Дзе можна вывучаць чэскую мову ў Беларусі?

Алена Іванова параіла зьвярнуцца ў лінгвістычны ўнівэрсытэт у Менску. Можна зьвярнуцца з такім пытаньнем і ў амбасаду Чэхіі ў Беларусі.

Сама Алена пяць гадоў таму прыехала ў Чэхію вучыцца, зусім ня ведаючы чэскай мовы. Яна паступала вучыцца паводле праграмы для студэнтаў, якія вучацца на дзяржаўную стыпэндыю, а ўмовы там іншыя: папярэдне цэлы год яны вывучаюць мову ў невялікім мястэчку пад Прагай на адмысловых курсах, а пасьля здаюць уступныя экзамэны ва ўнівэрсытэт нароўні з чэскімі студэнтамі.

Іванова: “І гэта вялікі мінус, таму што дзяржаўныя стыпэндыянты ня маюць ніякіх ільготаў, ад іх патрабуюць нароўні са студэнтамі, для якіх чэская мова родная. А вось гэтая праграма, якая прапаноўваецца цяпер, яна не дае году на вывучэньне чэскай мовы, але студэнт і не павінен здаваць уступных іспытаў. І таму, я лічу, што гэтая моўная праблема такім чынам кампэнсуецца тым, што студэнтаў прымаюць без экзамэнаў. Беларуская і чэская мовы досыць блізкія, так што я ня думаю, што гэта будзе такая вялікая праблема”.

Такім чынам, у студэнтаў, якія прыедуць вучыцца цяпер па праграме для падтрымкі пацярпелых ад перасьледу, стрэсу ад іспытаў ня будзе. Хаця і гэта не азначае, што будзе лёгка, асабліва напачатку.

Дар''я і Ганна – беларускія студэнткі, якіх прынялі два гады таму ў Карлаў унівэрсытэт пасьля закрыцьця ЭГУ таксама без іспытаў. Яны праз тры тыдні па прыезьдзе пачалі наведваць лекцыі па-чэску, так што цяпер яны прыгадваюць: хаця і вучылі крыху мову перад ад’ездам у Чэхію, на лекцыях спачатку не разумелі нічога, дый самі ледзьве маглі сказаць некалькі словаў.

Дар’я: “Калі мы прыехалі, зусім ня ведалі мовы. Гэта было самае цяжкае”.

Ганна: “Калі я пайшла на першую лекцыю, было вельмі складана, таму што я нічога ўвогуле не разумела, ніводнага слова. І так недзе першыя тры месяцы... Кепска, бадай, было і тое, што мы кантактавалі пераважна паміж сабой, нас было больш за дзесяць чалавек. А ў інтэрнаце нашымі суседзямі былі таксама замежныя студэнты. Думаю, тыя, хто прыедуць цяпер і апынуцца на сваіх факультэтах па адным-два чалавекі, хутчэй інтэгруюцца ў чэскае асяродзьдзе”.

Цяпер, кажа Ганна, з мовай чэскай у яе ўсё нармальна – яна ня толькі чытае і разумее, але і свабодна гаворыць і піша па-чэску, хаця бываюць яшчэ памылкі, як яна адзначае. Ганна кажа, што выкладчыкі ад самага пачатку з разуменьнем ставіліся да беларускіх студэнтаў і рабілі ім пэўныя скідкі нават.

Ганна: “Да беларускіх студэнтаў прыязнае стаўленьне. Ёсьць прадметы і на ангельскай мове, ёсьць на чэскай. Прафэсары старэйшага узросту разумеюць па-расейску”.

Ганна таксама падзялілася парадамі. Яна кажа, што тут напачатку, сутыкнуўшыся з такой нязвыклай для беларускіх студэнтаў свабодай, трэба усё-такі быць арганізаваным і не пакідаць усяго на апошні дзень. Напрыклад, экзамэны па абавязковых прадметах тут можна здаваць цягам трох спробаў, на трох сэсіях – лепш не пакідаць на апошнюю сэсію, а скарыстацца ўсімі трыма магчымасьцямі. І вучыць чэскую мову, якая спатрэбіцца і для вучобы, і для таго, каб працу пры патрэбе ў Чэхіі знайсьці.

Ганна: “Я раю тым, хто паступіць вучыцца ў Прагу, мець больш чэскіх сяброў. Тут мяне прыемна зьдзівіла, што многія чэскія студэнты заўсёды гатовыя дапамагчы. Але яны людзі досыць закрытыя, яны ня прыйдуць да вас самі першыя – проста трэба самім да іх зьвяртацца, і заўсёды яны дапамогуць, без праблемаў”.

Адна з нашых слухачак, студэнтка зь Беларусі, раней цікавілася ўмовамі навучаньня ў Чэхіі. Я патэлефанавала ёй – Валерыя ўжо ведала пра новую праграму Карлавага ўнівэрсытэту і даслала нават свой ліст па электроннай пошце з пытаньнямі, на які, праўда, пакуль што не атрымала адказу. Валерыя кажа, што сур''ёзна вырашыла атрымаць адукацыю менавіта ў Чэхіі і спрабуе сама вучыць чэскую мову.

Валерыя: “Ня я адна цікаўлюся магчымасьцю адукацыі ў Чэхіі, зь іншых факультэтаў таксама цікавіліся, шмат хто. Вось учора літаральна прыходзілі і пыталіся, ці атрымала я адказ – бо я ўжо напісала свой запыт. Многія хацелі б паехаць у Карлаў унівэрсытэт вучыцца, увогуле ў Чэхію. Таму што гэта добрая эўрапейская адукацыя, добрыя традыцыі, блізкая беларусам па духу краіна. Асабліва шмат такіх, як я ведаю, хто хацеў бы паехаць туды вучыцца на гуманітарных спэцыяльнасьцях”.

Паводле новай праграмы, студэнты могуць абіраць любую спэцыяльнасьць. Студэнты зь Беларусі могуць нават паспрыяць і адкрыцьцю новых спэцыяльнасьцяў у Карлавым унівэрсытэце: Алена Іванова расказала мне, што ва ўнівэрсытэце ўзважваюць магчымасьці адкрыцьця катэдры беларусістыкі.

Студэнтам зь Беларусі, якія хацелі б вучыцца ў Карлавым унівэрсытэце, Алена раіць зьвяртацца як мага хутчэй, каб пасьпець усё арганізаваць да пачатку навучальнага году, і абяцае пры гэтым сваю дапамогу. Алена прапанавала зьвяртацца з канкрэтнымі пытаньнямі да яе.

Іванова: “Я магу дапамагчы ў кожным індывідуальным выпадку парадай, дапамагу зарыентавацца ў факультэтах і праграмах, таму што структура эўрапейскага ўнівэрсытэту, праграмы навучаньня адрозьніваюцца ад беларускіх, напачатку бывае цяжка зарыентавацца. Да мяне можна зьвяртацца, калі ласка".

Адрасы электроннай пошты Алены Івановай: 6982@mail.fhs.cuni.cz альбо city4cat@yandex.ru.

Інфармацыя пра новую праграму для беларускіх студэнтаў ёсьць на сайце Карлавага ўнівэрсытэту, а таксама – па-беларуску – на некаторых сайтах моладзевых арганізацыяў напрыклад, на сайце моладзевай беларускай арганізацыі ў Літве – Цэнтру беларускіх грамадзянскіх ініцыятываў

Адрас электроннай пошты аўтара перадачы – pokladt@yahoo.co.uk. Пішыце, далучайцеся!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG