Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Саньнікаў: “Адзіны візавы рэжым з Расеяй пагражае незалежнасьці Беларусі”


Ганна Соўсь, Менск Прапанаванае Расеяй увядзеньне адзінага візавага рэжыму ў межах так званай “саюзнай дзяржавы” пагражае незалежнасьці Беларусі, лічыць былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Да таго ж, візавыя рэжымы Беларусі й Расеі з шэрагам краінаў — розныя. Беларусам патрэбная віза ў большасьць краінаў сьвету, а Расея вядзе перамовы пра бязьвізавы рэжым з краінамі Эўразьвязу. Для расейцаў існуе спрошчаны парадак атрыманьня візаў альбо бязьвізавы рэжым з многімі краінамі сьвету.

Намесьнік кіраўніка памежнай службы ФСБ Расеі Мікалай Рыбалкін заявіў, што мяжа Расеі і Беларусі павінна заставацца адкрытай, але для ўмацаваньня памежнай бясьпекі “саюзнай дзяржавы” Маскве і Менску ў будучыні трэба перайсьці да адзінага візавага рэжыму. Кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі Вадзім Шыбаеў гэтак тлумачыць неабходнасьць падобнага кроку.

Шыбаеў: “Без адзінага візавага рэжыму, паколькі мы ня маем агульнай мяжы зь Беларусьсю, у тым ліку і памежнай зоны. Калі ў нас нібыта адзіная мытная прастора, то, натуральна, павінен быць і візавы рэжым. У Беларусь паводле адных правілаў уяжджаюць, у Расею паводле іншых, а па гэтай сумеснай тэрыторыі могуць перасоўвацца незалежна ад нас. Такім чынам, да нас празь мяжу, якая не ахоўваецца, могуць трапляць любыя асобы”.

Праўдападобна, што прадстаўнікі расейскай памежнай службы мелі на ўвазе найперш Грузію, якая ня мае візавага рэжыму зь Беларусьсю. Нагадаю, на мінулым тыдні кіраўнік памежнай службы ФСБ Расеі Ўладзімер Пронічаў параўнаў мяжу зь Беларусьсю з “чорнай дзіркай”, якую могуць выкарыстоўваць тэрарысты, наркагандляры і незаконныя мігранты, найперш з Грузіі.

Што да розьніцы ў візавым рэжыме зь іншымі краінамі, то беларускім грамадзянам патрэбна афармляць візы ў тыя краіны, дзе, напрыклад, расейцам яны не патрэбныя. Гэта тычыцца шэрагу краінаў Паўднёвай Амэрыкі — такіх, як Эквадор, Коста-Рыка, Нікарагуа, Грэнада, папулярных у турыстаў Карыбскіх дзяржаваў Барбадос, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Антыгуа і Барбуда ды іншыя. Каб паехаць у гэтыя краіны, беларусам трэба выпраўляцца па візы ў Маскву — і, дарэчы, плаціць за іх даволі дорага, да 100 даляраў. Адрозна ад беларусаў, расейскім турыстам ня трэба купляць візу таксама ў Тайлянд і Шры-Лянку.

Да таго ж Расея цяпер высунула ініцыятыву дасягнуць на ўзаемнай аснове бязьвізавага рэжыму з краінамі Эўразьвязу. Расея падпісала пагадненьні з Францыяй і Італіяй пра спрашчэньне парадку выдачы візаў, а зь Нямеччынай пра спрашчэньне паездак грамадзянаў.

Для Беларусі такія дачыненьні ў візавай палітыцы з краінамі Эўразьвязу пакуль выглядаюць нерэальнымі, лічыць былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Паводле яго, адзіны візавы рэжым з Расеяй можа быць рэальна ўведзены ў тым выпадку, калі Беларусь страціць незалежнасьць і фактычна ўвойдзе ў склад Расеі.

Саньнікаў: “Яны добра ведаюць складанасьці сёньняшняга рэжыму ў дачыненьнях з Эўразьвязам. Ведаюць, што гэты рэжым не ўспрымаецца ў перамовах з Эўразьвязам як дзяржава, якая магла б прэтэндаваць на спрошчаны парадак атрыманьня візаў. Такія перамовы з Эўразьвязам пакуль што немагчымыя для Беларусі. Таму, я думаю, гэта ўсё ідзе ў рэчышчы ўсталяваньня гэтак званай “саюзнай дзяржавы” з боку Расеі”.

Беларускае і расейскае міністэрствы замежных справаў пакуль не камэнтуюць прапановы расейскай памежнай службы пра ўвядзеньне агульнага візавага рэжыму для Расеі й Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG