Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я расчараваны тым, што Лукашэнка так хутка капітуляваў перад Грэфам”


Валянцін Жданко, Менск Увесь мінулы тыдзень людзі ў Беларусі, Расеі (ды і ў многіх іншых краінах) пільна сачылі за жорсткай барацьбой Менску і Масквы вакол транзытнай нафтавай трубы. Нафтаправод “Дружба”, бадай, упершыню за сорак гадоў свайго існаваньня быў спынены (такога не здаралася нават падчас халоднай вайны). А лідэры дзьвюх дзяржаў, якія яшчэ ўчора называлі сябе саюзьнікамі й будаўнікамі адзінай дзяржавы, абмяняліся такімі пагрозамі й абвінавачаньнямі, якія не заўсёды дазваляюць сабе нават самыя зацятыя нядобразычліўцы. Тэма нафтавай і газавай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй — галоўная ў пошце “Свабоды” ў гэтыя студзеньскія дні.

Пачну сёньняшнюю размову з электроннага ліста Ільлі Марцінкевіча зь Менску. Слухач піша:

“Я расчараваны тым, што Аляксандар Лукашэнка так хутка здаўся. На яго гэта не падобна. Усе беларусы даўно прывыклі, што ён пераможца, што ён цісьне і зьнішчае сваіх ворагаў і зь любой сытуацыі выходзіць годна, пакідаючы за сабой пераможаных праціўнікаў.

Колькі разоў ён, так бы мовіць, “размазваў” апазыцыю? Як горда і незалежна рэагаваў на ўсе шматлікія ўшчуваньні, папярэджаньні й пагрозы з боку Захаду? Ён заўсёды выглядаў непераможным і магутным? А тут? Яго прымусіў выканаць свае патрабаваньні нейкі расейскі міністар Грэф. Бо атрымалася ж так, як патрабаваў Грэф: перамовы не пачаліся, пакуль Лукашэнка ў аднабаковым парадку не адмяніў мыта, якое так раздражніла расейцаў. Гэта проста нейкая капітуляцыя.Тут Лукашэнка даў слабіну — і гэта ўсе адчулі.

Яму трэба было ісьці да канца. Не дае Расея нафты, спыніла нафтаправод — і добра. Трэба было пачакаць і паназіраць. Урэшце, Крэмль усё роўна ня вытрымаў бы. Нафту падзець няма куды, здабычы ня спыніш. А Захад вунь які вэрхал падняў, калі спыніліся пастаўкі. Варта было Лукашэнку пачакаць некалькі дзён ці тыдняў — і Пуцін сам здаўся б, патэлефанаваў бы яму. І тады Лукашэнка быў бы на кані. А так… Ня вытрымалі ў яго нэрвы, здаўся… Цяпер яго будуць прыніжаць і ціснуць, як захочуць. Нешта нядобрае пачынаецца ў нас у Беларусі”.

Напэўна, спадар Марцінкевіч, беларускія ўлады разважалі прыкладна гэтак жа, калі ў першыя дні студзеня ўводзілі мыта на транзыт расейскай нафты. Разьлік быў на тое, што Расея, ня маючы альтэрнатыўных маршрутаў для паставак нафты і церпячы ціск з боку Захаду, вымушаная будзе саступіць. Аднак рэакцыя Крамля была іншая. Нафтаправод “Дружба” Масква спыніла, а Менск папярэдзіла, што можа абкласьці мытам увесь беларускі экспарт. Прычым, гэта былі не абстрактныя пагрозы: урад атрымаў адпаведныя даручэньні ад прэзыдэнта Пуціна. Беларускія ўлады апынуліся ў тупіку, бо амаль уся беларуская прамысловасьць залежыць выключна ад расейскага рынку. І дэманстраваць сілу і перавагу ў такім стане ніяк не выпадала.

На тэму беларуска-расейскай гандлёвай вайны выказваецца ў сваім лісьце на “Свабоду” і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Белтрансгаз” — агульнанацыянальная каштоўнасьць, і прадаваць яго расейцам Лукашэнка ня меў права. Прэзыдэнт павінен быў правесьці рэфэрэндум і спытаць у народу, ці хоча ён прадаваць сваю ўласнасьць. А калі пагодзіцца, то куды павінны пайсьці 5 мільярдаў даляраў? Ці ня варта гэтымі грашыма пагасіць страчаныя ў Ашчадным банку савецкія ўклады? Альбо выкупіць у людзей прыватызацыйныя чэкі? А то прафукаюць 5 мільярдаў, а што дастанецца простаму народу?

Карацей кажучы, з гэтым “Белтрансгазам” — суцэльны падман народу, і болей нічога. А яшчэ я хачу спытаць: дзе ў гэтай складанай сытуацыі наша апазыцыя? Усё гэта робіцца пры яе маўклівай згодзе. Дзе Мілінкевіч? Ці ён дудзіць у адну расейска-беларускую дудку з уладамі?”

Аляксандар Мілінкевіч усе апошнія тыдні перад мясцовымі выбарамі езьдзіў па беларускіх гарадах і вёсках, спадар Сац, — сустракаўся зь людзьмі, дапамагаў сваім аднадумцам, якія вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты. Расказваў ён і пра ўласную пазыцыю ў гэтай праблеме. Найбольш спадара Мілінкевіча турбуе тое, што Беларусь не падрыхтаваная да ўваходу ў рынак, а рынкавыя дачыненьні вось-вось усталююцца — незалежна ад таго, якую частку нафтавых прыбыткаў удасца захаваць Беларусі — ранейшых шматмільярдных субсыдыяў ад Расеі ўжо ня будзе, гэта відавочна. А беларуская камандная эканоміка не прыстасаваная да рынкавых умоваў.

Што да продажу “Белтрансгазу”, то з гледзішча беларускага заканадаўства прэзыдэнт нічога не парушыў. У выніку шматлікіх рэфэрэндумаў і пераглядаў Канстытуцыі ён мае такія паўнамоцтвы, што можа прадаць ня толькі “Белтрансгаз”.

Аўтар наступнага ліста Часлаў Савіцкі зь Вільні піша:

“Апазыцыя сама заганяе Беларусь у Расею. А цяпер вось крычыць, што ня трэба было прадаваць “Белтрансгаз”. Лукашэнка ратуе Беларусь, як можа. І хутчэй за ўсё, яму давядзецца паступова аддаць усё Расеі. Бо іншага выйсьця няма. Альтэрнатыва — аддаць усё Захаду, але гэтага беларускі народ ня хоча.

Апазыцыя ад сваркі паміж Масквой і Менскам нічога ня выйграе. Людзі ж разумеюць: прыйдзе апазыцыя да ўлады — нічога ня зробіць. Адкуль яна возьме грошы на заробкі, на пэнсіі, на сельскую гаспадарку? Возьме на Захадзе крэдыты? Але гэта выратуе год ці два. А потым даўгі давядзецца аддаваць. Цяпер жа Беларусь даўгоў ня мае — адрозна ад сваіх эўрапейскіх суседзяў. А Эўропа даўгоў не даруе. Беларускі народ усё гэта бачыць — таму і не галасуе за апазыцыю”.

За каго галасуе беларускі народ, вызначыць даволі складана, спадар Савіцкі. У Беларусі ўжо даўно няма дэмакратычных сумленных выбараў і незалежнага кантролю пры падліку галасоў.

Спрэчным выглядае і ваша сьцьвярджэньне пра тое, што Лукашэнка аддае Расеі беларускую маёмасьць нібыта толькі таму, што ня хоча аддаваць яе Захаду. Відавочна, нікому і нічога аддаваць ён ня хоча. Аўтарытарная ўлада Аляксандра Лукашэнкі ў многім і трымаецца якраз на тым, што ён асабіста кантралюе ўсе найбольш значныя галіны і аб’екты беларускай эканомікі. І цягам апошніх тыдняў мы сталі сьведкамі таго, як цьвёрда і жорстка ён гатовы адстойваць гэту сваю сыстэму, на якой грунтуецца яго ўлада. Адначасова Лукашэнка спакваля стаў абаронцам сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі — пад ягонымі словамі, сказанымі на гэтую тэму цягам апошніх тыдняў, маглі б падпісацца самыя зацятыя прыхільнікі КХП-БНФ.

На заканчэньне — урывак зь ліста Стэфаніі Шымак зь вёскі Чырханцы Воранаўскага раёну. Слухачцы падабаюцца перадачы пра вандроўкі нашых карэспандэнтаў у розныя мясьціны Беларусі. Яна піша:

“Ня кідайце гэтай справы, болей апавядайце па радыё пра так званую “сьветлую будучыню” саветаў і калгасаў. Некаторыя з гэтых начальнікаў і тут, дзе я жыву, ходзяць зялёныя ад злосьці, зубамі скрыгочуць. Як ні ўпіраюцца — усё развальваецца. Калгасы дык фактычна разваліліся. А іначай зь імі і быць не магло. Ужо і некаторыя старшыні калгасаў ня хочуць гэтых калгасаў — няма ніякіх прыбыткаў. Вось і ў нашым калгасе набудавалі прэзыдэнцкіх домікаў, ды ніхто ня хоча ў іх жыць. Заробкаў жа ў калгасе няма. Заплаці за камунальныя паслугі, заплаці падаткі — што застанецца? Нічога. На заробкі трэба ехаць ажно ў Маскву.

Апошнія гады ў нашых калгасах пайшла мода на цукровыя буракі — казалі, ад іх вялікі прыбытак.Але летась пасьля ўборкі ўсё поле было белае ад тых буракоў, што засталіся. І я ня бачыла, каб іх нехта зьбіраў. Так іх і зааралі — напэўна, у лік ураджаю наступнага году”.

Ураджай цукровых буракоў летась у Беларусі быў вельмі багаты, спадарыня Шымак, — нават і тых, што не засталіся на полі, пакуль ня могуць перапрацаваць цукровыя заводы. Але разьлікі на вялікія прыбыткі наўрад ці спраўдзяцца: сотні вагонаў з цукрам ужо каторы тыдзень стаяць на беларуска-расейскай мяжы. Ідзе да ўвядзеньня мыта на беларускі цукар: на гэтым настойваюць расейскія вытворцы, якія не задаволеныя канкурэнцыяй з боку беларусаў. А тым часам у некаторых беларускіх вёсках з калгасьнікамі, якія зь вясны да восені вырошчвалі буракі, пачалі разьлічвацца мяхамі цукру.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Ўладзімер Цішуроў з Наваградку, Сяргей Крапасной з Полацку, Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, Васілі Радыёнаў з расейскага гораду Сьветлаграду Стаўрапольскага краю, Юры Гіль зь Вільні, Міхась Маліноўскі з Баранавічаў і Эдуард Тобін са Смалявічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG