Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сухоты ў турмах: палачка Коха не выбірае"


Паводле экспэртаў ААН, рызыка заражэньня сухотамі ў беларускіх турмах і СІЗА застаецца вельмі вялікай і нясе пагрозу як для асуджаных, так і для грамадзтва ў цэлым.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі беларускага МУС, цяпер у турмах і СІЗА Беларусі на 50 тысяч асуджаных прыпадае каля 1170 хворых на актыўную форму тубэркулёзу.

Маштабы распаўсюджанасьці сухотаў у СІЗА і калёніях у 7—8 разоў вышэйшыя, чым на волі. Праблема ўскладняецца мультырэзыстэнтным характарам тубэркулёзнай інфэкцыі.
Апошнім часам, калі флюараграфія ў турмах стала абавязковаю, высьветлілася, што сухоты закранаюць ня толькі зьняволеных, але і турэмны пэрсанал. Падлічана, што ў параўнаньні з сытуацыяй на волі маштабы гэтага захворваньня ў СІЗА і калёніях у 7—8 разоў вышэйшыя. Праблема ўскладняецца тым, што Беларусь, у адпаведнасьці з клясыфікацыяй Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, адносіцца да краін, дзе тубэркулёзная інфэкцыя мае мультырэзыстэнтны характар, то бок устойлівая не да аднаго, а адразу да некалькіх мэдыкамэнтаў.

Як сьведчаць адмыслоўцы НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі, гэткая ўстойлівасьць спрыяе досыць хуткаму распаўсюджваньню сухотаў — штогод такі дыягназ ставіцца 5 тысячам беларусаў. Каб палепшыць эпідэміялягічную сытуацыю, патрэбныя новыя падыходы да выяўленьня і лячэньня гэтай хваробы.

Паводле к.м.н. Уладзімера, галоўная ў Беларусі ўстанова па барацьбе з сухотамі, дзе ён працуе, падпарадкоўваецца Міністэрству аховы здароўя і абслугоўвае хворых на волі. Асуджаныя лекуюцца ў Воршы, у адмысловым шпіталі пры Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў (ДВП). Супрацоўнікі дзьвюх гэтых устаноў між сабой не ўзаемадзейнічаюць.

Уладзімер: "Я ня ведаю той статыстыкі. Зразумела, у турмах сухотаў болей, чым у агульнай папуляцыі. Але гэта ўсясьветная тэндэнцыя. Вядома, што ў закрытых турэмных установах інфэкцыю лягчэй падхапіць, бо людзі ў перапоўненых, сырых камэрах, з кепскай цыркуляцыяй паветра. Але там, адрозна ад волі, абавязковая флюараграфія. Калі ў чалавека кашаль або высокая тэмпэратура, гэта фіксуецца. На волі галоўная праблема ў тым, што людзі могуць не прымаць таблеткі, якія трэба прымаць доўгім курсам. А там усё пад кантролем. Мяркую, што там вынікі лячэньня, калі сухоты выяўленыя ўпершыню, павінны быць добрымі".

Зьняволены адной зь беларускіх калёній Андрэй, аднак, не падзяляе аптымізму лекара з волі. Андрэй распавёў рэдакцыі пра нядаўні выпадак зь ягоным знаёмым сядзельцам Алегам, які падхапіў палачку Коха. Праблемы Алега ўскладняюцца тым, што ён да таго ж мае ВІЧ.

Чалавек зь ВІЧ цягам пяці месяцаў спрабаваў перавесьціся ў іншы атрад і скардзіўся на кепскае самаадчуваньне. Пакуль спэцыяльная машына з рэнтгенам не прыехала, ніхто яго ня слухаў.
Андрэй: "Тут у нас ёсьць адзін атрад, дзе ўтрымліваюцца хворыя на сухоты. Гэта называецца — трэцяя ступень уліку, або залечаная форма. Усім такім хворым асуджаным ступень уліку вызначаецца ў папраўчай калёніі (ВК) № 12 у Воршы або ў турэмным тубэркулёзным шпіталі. І вось калі гэтыя інфэкцыйныя ачагі залечваюцца, гэтых людзей пераводзяць у звычайную калёнію, у атрад. Апошнім часам у гэты асобны атрад, на падставе таго, што тут няма хворых, што гэтыя хворыя вылечаныя, пачалі разьмяркоўваць іншых людзей. Вось ня так даўно да нас прыбыў гэты чалавек, сам ВІЧ-інфікаваны. Яго якраз і разьмеркавалі ў той атрад. У яго былі сумневы, што не ўва ўсіх хворых сухоты залечаныя, а для яго зь ягоным імунітэтам любая інфэкцыя небясьпечная. Чалавек цягам пяці месяцаў спрабаваў перавесьціся ў іншы атрад. Ён скардзіўся на кепскае адчуваньне і худзеў на вачох. Аднак днямі да нас прыяжджала спэцыяльная машына з рэнтгенам. Усю калёнію празь яе праганялі. І вось у яго гэтыя ачагі выяўленыя, цяпер ён у санчастцы, у мэдычным ізалятары. Пакуль машына не прыехала, ніхто яго ня слухаў. Цяпер у ізалятары гэты хворы чакае этапаваньня ў ВК-12 у Воршу".

Паводле зьняволеных, ВК № 12, або Рэспубліканскі тубэркулёзны шпіталь ДВП, — па сутнасьці, тая ж турма, але з бальнічнымі палатамі ды ўзмоцненай мэдчасткай. Для тых асуджаных, якія маюць найцяжэйшую форму захворваньня з рэпрадукцыяй і выдзяленьнем сухотных палачак, існуюць асобныя палаты. Астатнія месьцяцца ў агульных. Статыстыка сьмерцяў у гэтай установе закрытая. Паводле неафіцыйных зьвестак, штомесяц тут паміраюць прынамсі двое-трое. Як правіла, тыя, у каго, акрамя сухотаў, ёсьць нейкае іншае цяжкае захворваньне.

Статыстыка сьмерцяў закрытая. Паводле неафіцыйных зьвестак, штомесяц тут паміраюць прынамсі двое-трое.
Высокую рызыку падхапіць інфэкцыю маюць і лекары. Мяркуецца, што ў іх хвароба можа працякаць асабліва складана. Мэдыкі дзень пры дні дыхаюць лекавымі парамі, у выніку палачка Коха, трапіўшы да іх у арганізм, робіцца неўспрымальнай да мноства нават самых моцных прэпаратаў.

Паводле сьведчаньняў кіраўніка Рэспубліканскага тубэркулёзнага шпіталя Аляксандра Грыневіча, колькасьць выпадкаў множных лекава-ўстойлівых сухотаў дасягнула крытычнага ўзроўню — 71,6% ад усіх зафіксаваных выпадкаў.

Распаўсюджваньне такой формы хваробы неспрыяльна адбіваецца на эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG