Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз Камароўкі: Кадафі



Пытаньне тыдня:


Ці будзе на працягу месяца адхілены ад улады лібійскі лідэр Муамар Кадафі?

АДКАЗВАЮЦЬ ЭКСПЭРТЫ:


Вадзім Гігін
, рэдактар часопісу "Беларуская думка": На працягу месяца хутчэй утрымаецца, бо час працуе на яго. Чым больш ідзе інтэрвэнцыя заходніх краінаў супраць Лібіі, тым больш узрастае салідарнасьць у арабскіх краінах – гэта відавочна. Апошнія падзеі ў Каіры, дзе дэманстрантамі быў атакаваны генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, пацьвярджае гэта.

ЗША саступаюць ролю лідэра, у заходніх краінаў, у НАТО няма адзінага пляну дзеяньняў. Францыя заявіла пра магчымасьць спыненьня агню.
Кадафі ўтрымлівае кантроль над Трыпалітаніяй і Фэйзанам – гэта асноўныя часткі краіны, там няма падставаў чакаць абвастрэньня сытуацыі. Вайскоўцы захоўваюць ляяльнасьць да гэтага рэжыму, і калі не адбудзецца нечага надзвычайнага, Кадафі ўладу ўтрымае. Ціск магчымы толькі тады, калі пачнецца наземная апэрацыя, а наземная апэрацыя без дадатковай рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН ня будзе праведзеная. А рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН менш чым за месяц ня будзе прынятая.

Аркадзь Дубноў
, аглядальнік рускай службы Радыё Свабода: Я мяркую, што ён згубіць уладу на працягу месяца, пытаньне толькі ў тым, на якіх умовах: ці гэта адбудзецца паводле сцэнару Чаўшэску ці дамоўнаму сцэнару, калі ў абмен на вызваленьне ад перасьледу і захаваньне фінансавых авуараў за мяжой яму будзе дазволена выехаць з краіны пры садзеяньні міжнародных пасярэднікаў, на ролю якіх напрошваецца Расея.

Калі б не было ўдараў заходняй кааліцыі і рашэньня Рады бясьпекі ААН, якое ім папярэднічала, можна было меркаваць, што Кадафі ўтрымаецца. Але неверагодна, каб Абама разам з Сарказі, Кэмэранам і нават Берлюсконі ўмыліся ганьбай і бездапаможнасьцю перад палкоўнікам Кадафі. Яны так ці інакш давядуць Кадафі да фізычнага ці юрыдычнага зьнішчэньня як лідэра.

Дзяніс Мельянцоў
, экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў: Я схільны меркаваць, што на працягу месяца Кадафі сыйдзе ад улады. Хаця гэта залежыць ад рашучасьці кааліцыі – ці вырашылі яны скінуць яго. Пакуль я такую рашучасьць бачу. Я мяркую, што энэргія міжнароднай кааліцыі і паўстанцаў прывядуць да сыходу Кадафі. Ён перакрочыў лінію, за якой у яго няма палітычнай будучыні.

Тыя сродкі, якія ёсьць у кааліцыі, я маю на ўвазе паветраную апэрацыю і выкарыстаньне высокадакладнай зброі, дазваляюць альбо фізычна ліквідаваць Кадафі альбо прымусіць яго да капітуляцыі. Усё пытаньне -- ці хопіць палітычнай волі інтэнсіўна працягваць апэрацыю. Ідуць дэбаты, ці выкарыстоўваць спэцпадразьдзяленьні для зьнішчэньня Кадафі. Калі такая апэрацыя будзе праведзеная, то адказ відавочны.

АДКАЗВАЕ КАМАРОЎКА:


Юнак: "Я думаю, што так: сорак гадоў ужо сядзіць – народу надакучыла. Што-небудзь ды зробяць".

Спадарыня: "Я лічу, што так. Бо народ … Ну, паглядзіце -- паўсюль ідуць хваляваньні. Людзі нацярпеліся".

Спадар: "Напэўна, на жаль, будзе. А вось – на жаль! Бо я лічу, што вось такое моцнае ўмяшальніцтва ў іншую краіну – яно ні ў якія вароты ня лезе. Але, калі ўжо наваліўся ўвесь сьвет і ўсе здрадзілі, хоць усе, нібыта, любілі яго… Я ня тое, што ягоны прыхільнік, але калі я бачу, як у ягоным шатры, у тым жа Парыжы лабызаюцца, а пасьля здраджваюць… Але ж, пэўна, усё ж не перапрэш – будзе, на жаль, скінуты".

Спадарыня: "Думаю, што так. Бо які б ён ня быў палкоўнік Кадафі разумны, багаты і штосьці там яшчэ – яму супрацьстаяць значна больш моцныя дзяржавы з большай колькасьцю тэхнікі і рэсурсаў".

Юнак: "Я думаю, што ўсё ж такі будзе – не слабыя сілы яму супрацьстаяць. Маю на ўвазе ЗША, Вялікабрытанію, Францыю – вельмі сур'ёзныя, асабліва ЗША".

Юнак: "Спадзяюся, што так. Я так разумею, мяркуючы па навінах. Там сытуацыя настолькі катастрафічная – перадусім для лівійскага народу, што, пэўна, надышоў час, калі нешта трэба зьмяняць. І, канечне, перадусім трэба зьмяняць таго, хто вінаваты за тое, што краіна і народ у такім катастрафічным стане. Таму чым хутчэй гэта здарыцца – тым лепей гэта для краіны, для народу, для рэгіёну ў цэлым".

Спадар: "Так – адназначна. І тут гаворка ня толькі пра вонкавую дапамогу – паглядзіце як самі лівійцы змагаюцца. А гэта нешта значыць. Нават, калі б зараз ён і перамог, то не надоўга".

Юначка: "Я ня надта сачу за разьвіцьцём падзей, але шмат гістарычных прыкладаў, калі дыктатары заканчвалі крахам. Думаю, што і гэты выпадак не выключэньне".

Юнак: "Думаю, што так. Калі ён давёў сытуацыю да таго, што ў кіраўнікоў найбольш магутных краін сьвету лопнула цярпеньне і яны адважыліся на ваеннае ўмяшальніцтва, то варыянтаў у яго ўжо няма".

Спадарыня: "Так. Думаю, што яго чакае лёс Садама Хусэйна.

Ці будзе на працягу месяца адхілены ад улады лібійскі лідэр Муамар Кадафі?

Прагноз экспертаў:


Так – 2

Не – 1

Прагноз Камароўкі


Так
Не
0
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG