Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высокім камісарам ААН па правах чалавека пераабралі Фолькера Цюрка, які сустракаўся зь Ціханоўскай і Рыжанковым

Фолькер Цюрк
Фолькер Цюрк

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Высокаму камісару ААН па правах чалавека Фолькеру Цюрку за ўвагу да палітвязьняў у Беларусі.

Падзяку за «прынцыповую працу па Беларусі» выказала дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская, віншуючы Высокага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека Фолькера Цюрка з прызначэньнем на другі тэрмін.

Палітык таксама падзякавала прадстаўніку ААН за ўвагу да беларускіх палітвязьняў, прыхільнасьць да абароны правоў чалавека і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці.

«Мая падзяка таксама ўсім краінам, якія падтрымалі вашу кандыдатуру», — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Па выніках галасаваньня 24 ліпеня на Генэральнай Асамблеі ААН Цюрк перапрызначаны на пасаду Высокага камісара па правах чалавека на другі тэрмін — з 12 кастрычніка 2026 года па 11 кастрычніка 2030-га.

Кандыдатуру Цюрка падтрымалі прадстаўнікі 144 краін, выступілі супраць — 10 (у тым ліку Расея і ЗША), устрымаліся — 13, у тым ліку Беларусь, піша Позірк.

«Я глыбока ўдзячны за магчымасьць працягнуць працу ў якасьці Высокага камісара. Правы чалавека — гэта проціядзьдзе ад сёньняшніх узрушэньняў і паражэнчых настрояў. Я аддам усе сілы абароне правоў кожнага чалавека — паўсюль», — напісаў Цюрк на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Сустрэчы Цюрка з прадстаўнікамі Беларусі

Летась 16 лютага на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Ціханоўская і Цюрк абмяркоўвалі сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі.

На чарговай сустрэчы з Цюркам — на палях канфэрэнцыі Helsinki+50 у Фінляндыі (форум і спадарожныя імпрэзы прайшлі 31 ліпеня — 1 жніўня 2025 года) — Ціханоўская адзначыла, што мэтай візыту прадстаўніка ААН «мела б стаць вызваленьне палітвязьняў».

14 лютага 2026 года — на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы — Ціханоўская і Цюрк абмеркавалі працэс вызваленьня палітвязьняў, «гуманітарны трэк ЗША», а таксама «стан вызваленых пасьля турмаў і патрэбы рэпрэсаваных». Яна зьвярнула ўвагу Цюрка на «прымусовую дэпартацыю, якую часта зазнаюць вызваленыя з турмаў». Многіх зь іх «пазбаўляюць дакумэнтаў і магчымасьці вярнуцца дадому», падкрэсьліла яна і заявіла, што вызваленыя таксама «сутыкаюцца з пагрозай паўторнага перасьледу». Паводле яе слоў, міжнародная супольнасьць мае дамагацца «ня толькі вызваленьня людзей, але і поўнага спыненьня рэпрэсій».

26 лютага 2025 году ў Жэнэве (Швайцарыя) з Цюркам сустрэўся міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Ён запрасіў Высокага камісара ААН наведаць Беларусь, каб «асабіста азнаёміцца з рэальнай сытуацый з правамі чалавека ў краіне».

У лістападзе 2025 года намесьнік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта на сустрэчы з Цюркам заявіў пра гатоўнасьць да «непалітызаванага ўзаемадзеяньня» з УВКПЧ, у чарговы раз прапанаваўшы вярхоўнаму камісару наведаць Беларусь.

Візыт Фолькера Цюрка ў Беларусь пакуль не адбыўся.

Якая пазыцыя экспэртаў ААН па Беларусі

Управа Высокага камісара ААН раней выпусьціла даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Паводле інфармацыі Ўправы Высокага камісара ААН, перад слуханьнямі былі вывучаны сьведчаньні, сабраныя пасьля 2020 году. Даклад сьведчыць пра гвалт пад час падзей 2020 году, сьмерці падчас затрыманьняў і ў вязьніцах і іншыя факты.

Кіраўніца Беларускай групы незалежных экспэртаў ААН Карына Маскаленка адзначала, што група прыйшла да высновы: урад Беларусі дайшоў да вельмі грубых парушэньняў правоў чалавека: сярод іншага, гэта катаваньні зьняволеных, у прыватнасьці з выкарыстаньнем электрашокераў; вэрбальныя і фізычныя зьдзекі з ЛГБТ-пэрсонаў, тысячы беларусаў пакінулі краіну празь перасьлед.

Раней у межах 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялёг, у межах якога група незалежных экспэртаў прэзэнтавала даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і расказала пра сваю дзейнасьць.

Некаторыя з зафіксаваных парушэньняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG