Сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў ужо можна назваць «шматпакутнай», з улікам спробаў знайсьці ёй уладальніка.
У лоце на пляцоўцы БУТБ-Маёмасьць пачатковы кошт цяпер складае толькі 450 рублёў. Зарэгістравацца для ўдзелу ў таргах можна да 17 жніўня, а сам аўкцыён адбудзецца 20 жніўня.
Папярэднія таргі ўвесну плянавалі пачаць з 432 098 рублёў (каля $152 000 у эквіваленце), аднак ахвотных выкупіць сядзібу тады не знайшлося.
Уладальнік атрымае цагляны палац XIX стагодзьдзя, былую пажарную частку, кузьню і парк каля ракі Зяльвянка, піша Domovita. Да сядзібнага комплексу прыкладаецца вялікі сьпіс ахоўных і будаўнічых абавязаньняў ад дзяржавы.
Выстаўлены на таргі комплекс — унікальны ўзор клясычнай архітэктуры сярэдзіны XIX стагодзьдзя. Яго асновай ёсьць простакутны сядзібны дом з мэзанінам плошчай 649,2 квадратных мэтраў. Сьцены галоўнага будынку выкананыя з цэглы, а дах пакрыты ліставай стальлю. Аб’ект афіцыйна прызнаны помнікам гісторыка-культурнай спадчыны ІІ катэгорыі.
Агульная плошча ўсіх выстаўленых на аўкцыён пабудоў складае 1968,3 квадратных мэтраў. Да сядзібы прыкладаюцца два зямельныя ўчасткі агульнай плошчай амаль 4 гектары, аформленыя ў доўгатэрміновую арэнду да 2075 году. Першы буйны надзел прызначаны непасрэдна для абслугоўваньня сядзібнага дома, а другі выдзелены пад эксплюатацыю шматфункцыянальнага будынка.
Практычна ўся тэрыторыя сядзібы месьціцца ў водаахоўнай зоне ракі Зяльвянка, а частка зямлі трапляе пад ахоўную зону лініяў электраперадачы. Усе зялёныя насаджэньні і векавыя дрэвы парку перадаюцца новаму ўладальніку задарма.
Гісторыя зьніжэньня кошту
Расейскі бізнэсовец зь беларускімі каранямі Павал Падкарытаў набыў сядзібу Бохвіцаў — Чачотаў у 2013 годзе за $118 тысяч. За дзесяць гадоў ён уклаў у аднаўленьне аб’екту каля мільёна даляраў.
Калі дзяржава сканфіскавала маёнтак у інвэстара, то ў 2025 годзе спачатку выставіла яго на аўкцыён за $730 тысяч.
Праз два месяцы стартавую цану зьнізілі ўдвая — да $370 тысяч. Але і тады прэтэндэнтаў не знайшлося. Чарговы аўкцыён прызначылі на 27 траўня 2026 году, а пачатковую цану зьнізілі ўжо ў пяць разоў — да $150 тысяч.
Калі ж і новая спроба правалілася, у ліпені за сядзібу сталі прасіць толькі 450 беларускіх рублёў.
Пра гісторыю сядзібы
Першая згадка пра маёнтак у Падароску адносіцца яшчэ да XVI стагодзьдзя, калі тутэйшай зямлёй валодаў шляхецкі род Клачко. Затым маёнтак зьмяніў некалькіх уладальнікаў, пакуль у другой палове 19 стагодзьдзя не перайшоў да Чачотаў-Бохвіцаў.
Раман Бохвіц, удзельнік паўстаньня Каліноўскага і заўзяты рэфарматар, ператварыў сядзібу ў перадавую гаспадарку рэгіёну. Ён пабудаваў тут сучасную сыраварню, бровар і паравы млын, укараніўшы найлепшыя тэхналёгіі таго часу. А ўнутры самога палаца тады ўладкавалі 10 шыкоўных пакояў, вялізную бібліятэку і камін са скульптурай караля Яна Сабескага.
Пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 году і вайны ў былым шляхецкім доме адкрылі звычайную сельскую школу, а потым — кантору саўгасу. Мясцовы парк пасьпеў пабываць кінадэкарацыяй — у 70-х гадах тут здымалі савецкі фільм «Рудабельская рэспубліка».
Пасьля закінутую сядзібу і набыў Павал Падкарытаў, у якога дзяржава яе пазьней сканфіскавала. Справа набыла немалы розгалас.
Напалеон у Падароску?
Добрым рэклямным ходам для прасоўваньня продажу сядзібы ў Падароску ёсьць гісторыя пра тое, што ў час вайны 1812 году менавіта ў сядзібе спыняўся імпэратар Францыі Напалеон Банапарт. Аднак насамрэч гэта і ёсьць толькі рэклямны ход.
Тое, што Напалеон Банапарт жыў або хаця б спыняўся ў Падароску, што пад Ваўкавыскам на захадзе Беларусі, — толькі легенда. Ягоны шлях у 1812 ішоў з боку Коўна і Вільні праз поўнач і цэнтар Беларусі: Глыбокае, Віцебск, Воршу, Менск і Барысаў.
«Трэба было ўсяго толькі праглядзець шлях галоўнай кватэры Напалеона ў 1812 годзе, каб зразумець, што ён ня мог быць у Падароску. Тэарэтычна ў Падароску мог быць брат Напалеона Жэром. Бо Жэром заходзіў у Горадню і шмат часу там правёў у баляваньнях і іншых забавах. А потым пайшоў на поўдзень лавіць Багратыёна, не злавіў, і Напалеон адправіў яго дадому, у Вэстфальскае каралеўства», — пракамэнтаваў гістарычны «факт» Свабодзе беларускі гісторык на правах ананімнасьці, пацьвердзіўшы, што Напалеон у Падароску ня больш як легенда.
Нягледзячы на гэта, беларускія журналісты і сёньня працягваюць сьцьвярджаць, што сядзіба ў Падароску — месца рухаў Напалеона.
Акрамя таго, раней Свабода даведалася пра яшчэ адзін выкрут уладаў у спробе прадаць сядзібу. У сядзібе насамрэч няма вады і каналізацыі, як запэўніваюць пакупнікоў. Таксама туды пакуль нельга правесьці газ.
Стан спраў хацеў зьмяніць Павал Падкарытаў, які меў свой праект і на гэты конт, але праз канфіскацыю ўвасобіць плян не пасьпеў.
Форум