Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прапанавала сябе ў якасьці «трэцяга боку» ў судовай справе Літвы супраць Беларусі за нелегальную міграцыю

Міжнародны суд ААН. Архіўнае фота
Міжнародны суд ААН. Архіўнае фота

21 ліпеня Расея дэкляравала, што хоча далучыцца «ў якасьці трэцяга боку» да пачатай у 2025 годзе Літвой судовай справы супраць Беларусі на падставе Пратаколу супраць незаконнага ўвозу мігрантаў.

Пра гэта паведаміў ТАСС з спасылкай на прэс-службу МЗС Расеі. Адпаведная дэклярацыя пададзена ў Міжнародны суд ААН і апублікаваная на яго сайце.

У Маскве заявілі, што нібыта выступаюць такім чынам супраць спробаў «сказіць зьмест міжнародных дамоваў дзеля ажыцьцяўленьня „юрыдычнай вайны“ супраць геапалітычных апанэнтаў, якія падрываюць асновы міжнароднага права і прыводзяць да палітызацыі органаў міжнароднага правасудзьдзя», піша Позірк.

19 траўня 2025 году стала вядома, што Вільня накіравала ў Міжнародны суд ААН (Гаага, Нідэрлянды) заяву аб парушэньні Беларусьсю сваіх абавязаньняў у рамках Пратаколу супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры ад 15 лістапада 2000 году, які дапаўняе Канвэнцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай міграцыі.

Літва мяркуе, што гэты зварот дазволіць «захаваць тэму інструмэнталізаванай міграцыі ў парадку дня палітычных абмеркаваньняў іншых краін».

Вільня патрабуе ад Менску больш за 200 млн эўра ў якасьці кампэнсацыі стратаў, нанесеных мігранцкім крызісам, які працягваецца шосты год.

Урад Літвы 3 чэрвеня 2026 году прыняў рашэньне вылучыць Міністэрству юстыцыі 45,4 тыс. эўра на аплату юрыдычных паслуг у міждзяржаўнай справе супраць Беларусі аб «незаконным увозе мігрантаў».

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі атрымаюць у гэтым судовым працэсе хаўрусьніка, які не шкадуе грошай на падтрымку свайго рэнамэ за мяжой.

У выпадку пройгрышу Беларусі з такімі ж пазовамі могуць зьвярнуцца Польшча і Латвія, а таксама Эстонія, на мяжы зь якой Расея таксама арганізавала мігранцкі крызіс, але меншага маштабу, чым на беларускім участку мяжы ЭЗ.

За мінулы дзень 21 ліпеня вайскоўцы Нацыянальных узброеных сілаў Латвіі, дапамагаючы Дзяржаўнай памежнай службе, спынілі спробу групы зь пяці чалавек незаконна перасекчы латвійскую мяжу. Памежная служба Літвы 21 ліпеня не фіксавала спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу пачаўся ў 2021 годзе, калі тысячы мігрантаў з азіяцкіх і афрыканскіх краін пачалі арганізавана незаконна перасякаць межы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Эўразьвяз абвінаваціў у крызісе Аляксандра Лукашэнку і назваў ягоныя дзеяньні гібрыднай агрэсіяй.

Мігранцкі крызіс на межах Беларусі працягваецца дагэтуль з рознай інтэнсіўнасьцю. Дзясяткі мігрантаў загінулі.

Латвія пайшла іншым шляхам

Раней Генэральная пракуратура Латвіі 15 ліпеня завяла крымінальную справу супраць службовых асобаў Памежнага камітэту Беларусі.

Паводле Генэральнай пракуратуры Латвіі, ёсьць падставы меркаваць, што створана арганізацыя, якая займаецца наўмысным прычыненьнем шкоды ў выглядзе сыстэматычнага падрыву дзейнасьці латвійскай памежнай службы і пашкоджаньня памежнай інфраструктуры.

У рамках крымінальнага вядзеньня будуць зьбіраць доказы, якія захаваюць значнасьць у доўгатэрміновай пэрспэктыве і «могуць быць выкарыстаныя для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, як толькі зьявіцца законная магчымасьць».

Апошнімі месяцамі менавіта Латвія сутыкаецца з наймацнейшым міграцыйным ціскам сярод краін — суседзяў Беларусі. Штодня фіксуюцца дзясяткі і сотні спробаў мігрантаў парушыць мяжу з боку Беларусі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх дзяржаваў ЭЗ уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь.

Раней кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі назваў галоўную мэту гібрыднай вайны з боку Беларусі.

Латвія ёсьць цэльлю № 1 у разьвязанай уладамі Беларусі гібрыднай вайне, а сытуацыя на мяжы стварае сур’ёзныя выклікі, заявіў кіраўнік латвійскай Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуятс.

Гунтыс Пуятс заявіў, што моцны ціск на мяжу мае некалькі прычынаў. Сярод іх ён назваў падтрымку Латвіяй Украіны і асуджэньне расейскай агрэсіі, уплыў расейскай прапаганды, а таксама дадатковыя рызыкі ў сувязі з будучымі выбарамі ў Саэйму.

Мігранцкі крызіс 2021-2026. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG