Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь апынуўся на 110-м месцы ў Global Passport Index. Гэта ня толькі пра бязьвіз

Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь

Па-ранейшаму беларускія дакумэнты вельмі далёкія ад дакумэнтаў тых краінаў, што дазваляюць вандраваць практычна без абмежаваньняў.

Кампанія Global Citizen Solutions апублікавала абноўленую версію рэйтынгу найлепшых пашпартоў сьвету.

Глябальны індэкс пашпартоў ацэньвае і ранжыруе надзейнасьць пашпартоў на падставе камбінацыі разнастайных чыньнікаў, у тым ліку бязьвізавага доступу, глябальнага паказьніка мабільнасьці, падатковай палітыкі, паказьнікаў якасьці жыцьця і інвэстыцыйных магчымасьцяў.

Рэйтынг ствараюць і абнаўляюць дзеля таго, каб дапамагчы людзям параўнаць рэальную каштоўнасьць розных грамадзянстваў. Гэта шырэй за межы бязьвізавага падарожжа.

Паводле вэрсіі Global Citizen Solutions, у топ-10 краін з найлепшымі пашпартамі ўвайшлі:

1. Швэцыя;

2. Швайцарыя;

3. Фінляндыя;

4. Нямеччына;

5. Данія;

6. Нідэрлянды;

7. Ірляндыя;

8. Вялікая Брытанія;

9. Нарвэгія;

10. Сынгапур.

Беларусь заняла ў рэйтынгу толькі 110-е месца. Гэта, вядома, не настолькі нізка, як Афганістан, дзе да ўлады некалькі гадоў таму прыйшлі талібы, дзяржава зноў закрылася і займае 198-е месца. Але й далёка ад найбліжэйшых суседзяў: Польшча ў пераліку 33-я, Літва 35-я, Латвія 43-я, ахопленая вайною Ўкраіна 65-я. Вышэй за Беларусь нават Расея, якая займае 95-ю пазыцыю.

Калі браць паасобныя катэгорыі, тады найлепшую пазыцыю Беларусь займае ў пераліку краінаў для інвэстыцый — 74-е месца. Ва ўзроўні жыцьця толькі 108-ы радок, і 109-ы ў рэйтынгу мабільнасьці.

У чым адрозьненьне рэйтынгу ад іншых?

У адрозьненьне ад клясычнага індэксу прадпрыемства Henley & Partners, які лічыць толькі лік бязьвізавых напрамкаў, гэты рэйтынг аналізуе краіны па 15 комплексных паказьніках, падзеленых на тры ключавыя індэксы: пашыраная мабільнасьць (свабода перамяшчэньня), інвэстыцыйны патэнцыял і якасьць жыцьця.

Рэйтынг абнаўляюць штогод.

Што гэта значыць для беларусаў?

Гэта значыць, што пашпарт Рэспублікі Беларусь не ўважаецца за дакумэнт, які дае ягонаму ўладальніку шмат магчымасьцяў. Рэйтынг паказвае, што краіна толькі ў другой сотні ў сьвеце паводле роўню жыцьця, мабільнасьць людзей, значыць, магчымасьць падарожнічаць па сьвеце безь візаў, істотна абмежаваная.

Апошнія гады беларусы, якія пераехалі за мяжу з палітычных прычынаў, нярэдка сутыкаюцца зь цяжкасьцямі, зьвязанымі з іхнымі паперамі. Рэжым Лукашэнкі спыніў практыку абнаўленьня пашпартоў і выдачы некаторых іншых дакумэнтаў праз замежныя пасольствы і консульствы. З гэтай прычыны многія беларускія эмігранты вымушаныя былі зьвяртацца па «дакумэнты падарожніка» за мяжою, бо тэрмін дзеяньня іхнага пашпарту скончыўся, а вярнуцца ў Беларусь яго абнавіць яны баяцца празь небясьпеку быць арыштаваным і закатаваным.

Сярод выпушчаных і прымусова вывезеных за мяжу былых палітвязьняў сустракаліся выпадкі, калі іхныя пашпарты або не вярталіся з турмаў, або былі ануляваныя.

Тыя ж, чый тэрмін дзеяньня ў пашпарце яшчэ ў сіле, не заўсёды могуць вольна перасоўвацца па сьвеце. Ёсьць шэраг краінаў, у якія небясьпечна ехаць зь беларускім грамадзянствам, бо ўрады некаторых дзяржаў шчыльна супрацоўнічаюць зь беларускімі спэцслужбамі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG