30 чэрвеня адбылася сустрэча міністра замежных спраў Інданэзіі Сугіёна зь міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым. Яны сустрэліся ў Джакарце «ў межах падрыхтоўкі да дзяржаўнага візыту» ў краіну Аляксандра Лукашэнкі 2 ліпеня, паведаміла інданэзійскае Міністэрства замежных спраў.
30 чэрвеня Сугіёна і Рыжанкоў абмеркавалі таксама «шэраг напрамкаў супрацы».
Размова аб «умацаваньні двухбаковых адносінаў у розных галінах, уключаючы эканоміку, сельскую гаспадарку, харчовую бясьпеку, культуру, а таксама навуку і тэхналёгіі».
«Інданэзія вітае плянаваны запуск „Дарожнай карты двухбаковай супрацы на 2026–2030 гады“ ў час гэтага візыту, якая, як чакаецца, стане асновай для стымуляваньня канкрэтнай і ўзаемавыгаднай супрацы паміж дзьвюма краінамі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Лукашэнкі і Інданэзія
Пра тое, што Лукашэнка адправіўся зь «вялікім комплексным візытам у рэгіён Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі», ягоная прэсавая служба паведаміла 28 чэрвеня.
Паведамлялася, што ён мае намер наведаць «тры краіны», але якія менавіта на пачатку не ўдакладнялі. Тым часам Лукашэнка ўжо пабываў у Расеі і Кітаі.
Інданэзія была сярод чаканыя адрасоў, бо сам Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Аль-Арабія» ў сярэдзіне чэрвеня заяўляў пра такі намер, але не падаваў датаў.
Ён ужо наведваў гэтую краіну ў 2013 годзе. А 15 ліпеня 2025 году сустракаўся з прэзыдэнтам Інданэзіі Прабова Суб’янта ў адной са сваіх рэзыдэнцый. Прычым цікава, што леташнюю сустрэчу не анансавалі. Пра яе зьмест таксама нічога не сказалі, абмежаваўшыся кароткім паведамленьнем пра «шырокае кола» абмеркаваных тэмаў.
А ўжо 28 ліпеня начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Павал Муравейка прымаў у Менску калегу — міністра абароны Інданэзіі Шафры Шамсудзіна.
На гэтым сустрэчы прадстаўнікоў дзьвюх дзяржаў не спыніліся. 5–7 жніўня Інданэзію наведваў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся «пытаньні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэньня ў Інданэзіі зборачных вытворчасьцяў».
За шэрагам афіцыйных дзяржаўных візытаў і перамоваў малазаўважным можа быць яшчэ адна паездка. А яна, тым ня менш, можа паказваць на ўласныя інтарэсы сям’і Лукашэнак. Пакуль у лістападзе-сьнежні 2025 году Лукашэнка-старэйшы з сынамі Віктарам і Мікалаем гасьцяваў у Амане, у тыя ж дні на іншым краі Азіі, якраз у Інданэзіі, быў сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітры.
Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, Дзьмітры Лукашэнка меў перамовы ў Інданэзіі пра «аграрную сфэру». Аднак ён кіруе так званым «Прэзыдэнцкім спартовым клюбам», і засталося невядомым, якім чынам ён упаўнаважаны гаварыць пра сельскагаспадарчую галіну. Гэта стала падставай думаць, што сям’я Лукашэнак можа мець уласныя бізнэс-інтарэсы ў Інданэзіі. Пацьвердзіць ці абвергнуць гэта пакуль не ўдалося.
Якія эканамічныя інтарэсы могуць абмяркоўваць Суб'янта і Лукашэнка?
Раней Джакарта выказвала зацікаўленасьць у больш актыўным імпарце беларускіх калійных угнаеньняў. Менск, які мае клопаты з пошукам альтэрнатыўных рынкаў продажу свайго калію на замену рынкам, якія сталі для яго цяжкадасяжнымі, у Эўропе, можа быць востра зацікаўлены ў падобным гандлі.
Таваразварот Беларусі з Інданэзіяй у 2024 годзе склаў каля $210–220 млн, пры гэтым беларускі экспарт — $180–190 млн. У апошнім пераважае калій.
Праўдападобна, афіцыйная Джакарта бачыць сур’ёзныя намеры Менску, і таму абвяшчае пра візыт Лукашэнкі загадзя. Летась была процілеглая сытуацыя — Прабова Суб’янта прыехаў у Менск па дарозе з Заходняй Эўропы, дзе быў у Францыі і Бэльгіі, і візыт у Беларусь стаў найменш розгаласным і чаканым.
Інданэзія — чацьвёртая ў сьвеце па колькасьці насельніцтва краіна, там жывуць каля 280 млн чалавек. Адпаведна, гэта агромністы рынак. Аднак дасюль вялікай цікавасьці ў разьвіцьці беларуска-інданэзійскіх адносінаў не выяўлялася.
Амбасада Беларусі ў Інданэзіі існуе, аднак пасольства гэтай краіны ў Менску няма, функцыі амбасадара тут выконвае інданэзійскі пасол у Расеі.
Асноўны беларускі тавар на інданэзійскім рынку — хлёрысты калій. Інданэзія стала чацьвёртай краінай у сьвеце пасьля Кітаю, Бразыліі і Індыі ў імпарце беларускага калію. Доля беларускай прадукцыі ў сукупным імпарце гэтага тавару Інданэзіі ацэньваецца прыблізна ў 20%.
Форум